журнал международного права и международных отношений 2006 — № 1


международные отношения

МIЖНАРОДНЫЯ КУЛЬТУРНЫЕ СУВЯЗI БЕЛАРУСI У XІV — ПАЧАТКУ XVІI стст.

Андрэй Самусік

Аўтар:
Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры эканамічнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта

Рэцэнзенты:
Бохан Юрый Мікалаевіч — доктар гістарычных навук, загадчык кафедры эканамічнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта
Скеп'ян Анастасія Аляксандраўна — кандыдат гістарычных навук, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі сярэдніх вякоў і пачатку новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Беларусь у складзе Вялікага княства Літоўскага ўяўляла сабою рэгіён, адкрыты для знешняга культурнага ўздзеяння. У першую чаргу гэта датычылася кантактаў з Заходняй Еўропай, чые дасягненні ў развіцці сацыяльна-палітычных адносін, а таксама літаратуры, архітэктуры і мастацтва разглядаліся айчынным грамадствам у якасці выдатнага прыклада для пераймання. Важную ролю ў фарміраванні гэтага напрамку светапогляда адыграла менавіта эпоха Адраджэння, дзякуючы якой нашым продкам удалося пераадолець сярэдневяковую рэлігійную замкнёнасць ды сканцэнтраванасць толькі на культурных здабытках хрысціянскай царквы візантыйскага ўзору. Прыход жа ім на змену шматбаковых узаемасувязяў з заходнееўрапейскімі краінамі адчыніў перад айчынным грамадствам дзверы да антычнай і рэнесансавай свецкай культурнай традыцыі.

Сярод прычын складвання падобнай тэндэнцыі можна вылучыць: па-першае, падабенства дзяржаўнага ладу і ўсталяваўшыхся сацыяльных адносін; па-другое, паступовы заняпад візантыйскай культурнай традыцыі, артадаксальнасць якой ужо не адпавядала рэаліям часу; па-трэцяе, пранікненне ў Беларусь каталіцкіх манаскіх ордэнаў — адных з асноўных носьбітаў еўрапейскай культуры; па-чацвёртае, трывалыя гандлёвыя сувязі (з Францыі ў Беларусь прывозілі габелены, з Італіі і Іспаніі залотны аксаміт, тафту, атлас, з Германіі побытавыя рэчы з металу); па-пятае, зацікаўленасць самой Еўропы ў пашырэнні свайго ўплыву на Вялікае княства Літоўскае як верагоднага саюзніка ў барацьбе супраць Асманскай імперыі. Пры гэтым спецыфіку, інтэнсіўнасць і асноўныя напрамкі міжнародных кантактаў Беларусі заўсёды вызначала яе важнае геапалітычнае палажэнне пасрэдніцы паміж Еўропай і Усходам [19, с. 212—214].

Нягледзячы на вялізную ролю падобных сувязяў у выбары напрамку эвалюцыі нашай Радзімы ў перыяд сярэднявечча і Новага часу, дадзенае пытанне дагэтуль фактычна не стала прадметам асобнага аналізу ў айчыннай гістарыяграфіі. Галоўная прычына гэтага крыецца ў тым, што, па склаўшайся традыцыі, увага даследчыкаў пераважна канцэнтруецца на асобных кірунках станаўлення матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі [11; 14]. У такіх працах знешні ўплыў на развіццё літаратуры, асветы, мастацтва, архітэктуры, безумоўна, адзначаецца, але агульнага разумення глыбіні і ўсеахопнасці дадзеных міжнародных стасункаў тут няма. Тое ж можна казаць і аб навуковых даследваннях, прысвечаных такім важным пытанням гістарычнага мінулага Беларусі, як этнагенез беларусаў [15], станаўленне ў рэгіёне свецкай гуманістычнай культуры [21; 24] і г. д. Толькі ў апошні час становішча пачало змяняцца ў лепшы бок. З’явіліся абагульняючыя працы па гісторыі айчыннай культуры [9], дзе міжнародным кантактам Беларусі надаецца павышаная ўвага. Надзвычай карыснай у плане далейшай актывізацыі навуковых пошукаў у гэтым кірунку стала праца Г. Я. Галенчанкі [1], у якой знайшлі дакладнае адлюстраванне асноўныя адметнасці міжнародных кантактаў беларускіх зямель у ХІІІ — сярэдзіне XVII ст. Неабходна ўлічваць і працы замежных гісторыкаў, прысвяціўшых свае манаграфіі мінуламу Вялікага княства Літоўскага [27]. Дадзеныя працы яшчэ больш пашыраюць даследчае поле праз ужыванне малавядомых у Беларусі фактаў і канцэпцый.

Такім чынам, відавочна, што айчынная і замежная гістарычная навука назапашыла вялізны аб’ём цікавай інфармацыі, які дазваляе распачаць комплекснае даследванне азначанай праблемы. Пры гэтым трэба адзначыць, што першай праявай узмацнення міжнародных сувязяў Беларусі стаў істотны прыток у XІV—XVІ стст. на яе тэрыторыю іншаземцаў. Вялікія князі літоўскія лічылі неабходным паскорыць гаспадарчае развіццё сваёй дзяржавы і з гэтай нагоды запрашалі перасяленцаў з Еўропы (Германія, Венгрыя, Чэхія, Францыя, Шатландыя). Да таго ж асядалі на беларускіх землях і замежныя наёмнікі з вялікакняскай арміі, атрымаўшыя тут ад манарха асобныя вёскі ці нават цэлыя воласці. Ратаваліся ад ганенняў і жахаў інквізіцыі ў Беларусі таксама яўрэі, якія пераязджалі сюды цэлымі аб-шчынамі (пераважна з Германіі і Польшчы). У выніку ўсіх гэтых працэсаў актывізаваліся міжэтнічныя сувязі, куды больш адчувальнымі на беларускіх землях сталі ўзаемастасункі паміж традыцыямі і культурамі розных народаў, што ў першую чаргу праявілася ў пашырэнні іншаэтнічных элементаў у народнай гаворцы, абрадах, адзенні і г. д. Тое, што большасць перасяленцаў сялілася ў асобных слабадах і захоўвала пры гэтым уласныя культурна-бытавыя традыцыі таксама размывала тутэйшую самабытную культуру. Тым больш, што роля іншаземцаў паступова ўзрастала — у пачатку XVІ ст. яны складалі ўжо да 20 % гарадскога насельніцтва (на захадзе Беларусі — 25 %) [9, с. 35—37].

Найбольш адчувальнай у Вялікім княстве Літоўскім была прысутнасць палякаў, якія актыўна пачалі пераязджаць на беларускія землі з часоў Гедыміна. Яны траплялі сюды з мэтай несці пэўную службу, ці пасяляліся тут па нейкіх уласных абставінах. У пачатку XVІ ст. іх ужо налічвалася ў Беларусі некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. У большасці гэта была дробная шляхта, а таксама гандляры. У сельскай мясцовасці імі засноўваліся шматлікія засценкі і ваколіцы, якія мелі вельмі пашыраную назву «Ляхаўка». У азначаны перыяд менавіта палякі былі асноўнымі носьбітамі еўрапейскай культурнай традыцыі ў Беларусі і шмат у чым якраз трывалыя сувязі Вялікага княства Літоўскага з Польшчай прывялі да пераходу беларусаў у XІV—XVІ стст. на новы каляндар, які вёў летазлічэнне ад нараджэння Хрыста (у Расіі ажно да канца XVII ст. гады лічылі ад стварэння свету). Паланізмы пранікалі і ў паўсядзённую гутарковую мову карэннага насельніцтва («кашуля», «менавіта», «абавязак»), неад’емным жа элементам народнага адзення стаў папулярны ў Польшчы андарак (доўгая шырокая спадніца з шарсцяной альбо паўшарсцяной тканіны) [15, с. 98—101].

З XІV ст. у наваколлі Мінска, Слуцка, Гродна, Ашмян, Навагрудка, Іўя, Давыд-Гарадка ўзніклі даволі вялікія абшчыны татар, сярод якіх дамініравалі мусульмане-суніты (усяго 40—50 тыс. чалавек). Жылі яны даволі ізалявана ад астатняга насельніцтва (не маглі жаніцца на хрысціянках, валодаць прыгоннымі-хрысціянамі). Нягледзячы на гэта, пэўны ўплыў іх на беларускую гутарковую мову адчуваўся (праявіўся ў пашырэнні слоў «кабан», «тавар», «атаман», «казак», «ямшчык»). У сваю чаргу іх паступовая асіміляцыя праявілася ў прыстасаванні ўласцівай ім арабскай сістэмы пісьма да беларускай фанетыкі. Цікава тут тое, што для абазначэння некаторых гукаў імі нават былi створаны новыя спецыяльныя літары («дз», «ц», «ж», «ч», «п»). Вынікам жа такога культурнага ўзаемадзеяння стала з’яўленне унікальных рукапісных кніг, напісаных арабскім шрыфтам на беларускай мове (кітабы, тэфсіры, хамаілы, тэджвіды). Змест іх быў надзвычай разнастайны — усходнія паданні, казкі, прыгодніцкія аповесці, апісанні мусульманскіх рытуалаў, маральна-этычныя павучанні для моладзі і г. д. [13, с. 46—51].

Такім чынам, відавочна, што тагачаснае грамадства Вялікага княства Літоўскага нават нягледзячы на захаванне трывалых самабытных традыцый даволі лёгка ўспрымала новыя павевы, якія маглі ўзбагаціць іх паўсядзённае жыццё. Разам з тым было зразумела, што толькі запрашэннем да сябе эмігрантаў з іншых краін справа абмежавацца не магла. З цягам часу ўсё большую папулярнасць сталі набываць замежныя вандроўкі.

Спрыяла гэтаму пашырэнне ў Беларусі колькасці мемуараў, прысвечаных апісанню ўбачаных іх аўтарамі розных краін свету. 1375 г. даціруецца стварэнне «Хаджэння» смаленскага архімандрыта Графенія, які здзейсніў паломніцтва ў Палесціну і падрабязна апісаў тамашнія святыні. Гэты твор напісаны пад відавочным уздзеяннем царкоўна-рэлігійнай літаратуры, але ў далейшым аналагічныя нататкі вандроўнікаў прымалі ўсё больш свецкі характар. Напрыклад, у «Хаджэнні ў Царград і Іерусалім» дзяка Ігнація Смаляніна (канец XIV ст.) шмат увагі ўдзяляецца апісанню краявідаў Прычарнамор’я, асабістым уражанням ад плавання на караблі, разважанням аб палітычным палажэнні ў Візантыі (распавядае аб каранацыі імператара Мануіла) і ўсхваленні прыгажосці ўбачаных палацаў ды храмаў. У падобным духу напісана і «Хаджэнне» у Палесціну, Сінай і Егіпет полацкага іераманаха Варсанофія (1462), якое знаёміла чытачоў з дзіўным ды невядомым арабскім светам. Да таго ж, аўтар наведаў Малдову, Бялград, Крыт, Родас і Кіпр — мясціны аб якіх на беларускіх землях ведалі таксама няшмат [8, с. 276—285, 343—349].

Паралельна з падобнымі вандроўкамі рэлігійных асоб усё часцей і часцей за мяжу сталі выязджаць і прадстаўнікі свецкіх колаў грамадства Вялікага княства Літоўскага. Зразумела, што іх значна менш цікавіла наведванне святых мясцін, бо на першае месца тут выходзіла жаданне атрымаць ў еўрапейскіх універсітэтах добрую адукацыю. Афіцыйна такое права беларускай шляхты і мяшчанства было замацавана спецыяльным прывілеем 1447 г. вялікага князя Казіміра IV Ягелончыка, які дазволіў вольна пакідаць межы ВКЛ «для лепшага шчасця набыцця або ўчынкаў рыцарскіх». Усяго за XIV—XVI стст. гэтакай магчымасцю з мэтай павышэння ўласнай асветы скарысталася да 700 мясцовых ураджэнцаў (каля паловы з іх атрымалі ступені бакалаўраў) [1, с. 10]. Геаграфія падобных вандровак была вельмі вялікай — Германія (Берлін, Лейпцыг, Вітэнберг, Нюрнберг, Цюбінген, Інгальштадт, Грэйфсвальд, Росток), Італія (Падуя, Рым, Балонья), Швейцарыя (Базель), Прусія (Кенігсберг), Францыя (Парыж), Англія (Лондан, Эдынбург) і інш.

Падаўляючая колькасць беларускай моладзі пры гэтым адпраўлялася на вучобу ва універсітэты Прагі і Кракава. За XIV—XVI стст. тут атрымала вышэйшую адукацыю не менш за 430 выхадцаў з Беларусі. Не дзіўна таму і тое, што тут нават былі заснаваны асобныя «ліцвінскія калегіі» (адкрыты адпаведна ў 1379 і 1409 гг.). Вядома, напрыклад, што каралева Ядвіга ў 1397 г. за свой кошт утрымлівала ў Пражскім універсітэце 12 «ліцвінаў». Гэтую ж традыцыю працягнуў і яе муж кароль польскі, вялікі князь літоўскі Уладыслаў-Ягайла. У пачатку XV ст. ён нават павялічыў колькасць стыпендый для «ліцвінаў і русінаў» як у Празе, так і ў Кракаве. У метрычных кнігах тутэйшых універсітэтаў у азначаны перыяд зафіксаваны ўраджэнцы Брэста, Мінска, Ваўкавыска, Віцебска, Гродна, Клецка, Любані, Оршы, Валожына, Пінска, Полацка (у тым ліку і з навакольнай гэтым гарадам вясковай мясцовасці). Пры гэтым каля 20 % з іх было так званага «ніжэйшага стану» [27, s. 64—65].

Шырока была пашырана традыцыя атрымання ў Еўропе вышэйшай адукацыі ў Слуцку. Прыклад сваім падданым паказвалі самі князі Алелькавічы. Вядома, напрыклад, што ў пачатку 1580-х гг. у Інгальштадскім універсітэце (Баварыя) вучыўся Аляксандр Алелькавіч, якога суправаджала ажно 15 маладых шляхцічаў. Яны ўваходзілі ў акружэнне маладога князя і ў час навучання знаходзіліся на поўным яго забеспячэнні. Сустракаюцца ў метрыках еўрапейскіх універсітэтаў і іншыя прозвішчы случан. Так, у 1499 г. у Лейпцыгскім універсітэце слухаў лекцыі Павел з Слуцка. У 1504—1507 гг. у Кракаўскім універсітэце навучаўся Вінцусь з Слуцка (атрымаў ступень бакалаўра). У спісах выхаванцаў Кенігсбергскага універсітэта за другую палову XVI ст. сустракаецца ажно тры ўраджэнца Слуцка — Іван Родзіч (1552), Канстанцін Запольскі (1573) і Якаў Слуцкі (1579) [5, с. 25—26].

Выдатная па тых часах адукацыя дазволіла шмат каму з беларусаў пасля асветніцкай вандроўкі па еўрапейскіх краінах (некаторыя заканчвалі да 4 універсітэтаў) заняць пачэснае месца ў гісторыі як айчыннай, так і еўрапейскай культуры. Найбольш славуты тут Ф. Скарына, які пасля заканчэння з бакалаўрскім дыпломам Кракаўскага універсітэта (1506), адправіўся на вучобу ў Падую, дзе ў 1512 г. быў абвешчаны доктарам медыцыны. Акрамя першадрукара Кракаўскі універсітэт скончылі Л. Крышкоўскі, С. Жак, Ц. Базылік, а С. Будны да таго ж яшчэ і пратэстанцкі універсітэт у Базелі. Славуты айчынны грамадскі дзеяч і публіцыст А. Волан навучаўся ва універсітэтах Кенігсберга і Франкфурта-на-Одэры [12, с. 7]. М. Сматрыцкі ў якасці хатняга настаўніка юнага князя Багдана Саламярэцкага ў канцы XVI ст. наведаў Лейпцыгскі, Нюрнбергскі і Вітэнбергскі універсітэты, атрымаўшы пры гэтым ступень доктара медыцыны [4, с. 233—234]. Зразумела, што ўсе азначаныя асобы падтрымлівалі трывалую сувязь з замежжам і ў далейшым сваім жыцці (перапіска, асабістыя кантакты).

Дзякуючы апошняму нашы асветнікі адыгрывалі значную ролю ў грамадскім жыцці не толькі Вялікага княства Літоўскага, але і іншых краін Еўропы. Творы А. Волана з крытыкай каталіцызму і дзеянняў Ватыкана неаднаразова перавыдаваліся гугенотамі ў Францыі і пратэстантамі ў Германіі. Друкаваныя кнігі Ф. Скарыны сталі ўзорам для цюбінгенскіх выданняў нямецкага прапаведніка П. Трубера (у тым ліку — «Азбука», 1550) і польскага выдаўца езуіта Вуйка [2, с. 206]. «Пэрэгрынацыі» князя М. К. Радзiвiла Сiроткi ўвогуле набылі агульнаеўрапейскую вядомасць. Іх першае выданне адбылося ў нямецкім Бруксбергу ў 1601 г. За наступнае стагоддзе яны ажно 6 разоў перавыдаваліся ў Кракаве, а на абшарах Расіі шырока былі пашыраны ў рукапісных спісах [7, с. 479].

Важнае значэнне мела таксама і тое, што еўрапейскую універсітэцкую адукацыю атрымлівалі прадстаўнікі практычна ўсёй тагачаснай правячай у Вялікім княстве Літоўскім эліты (Радзівілы, Хадкевічы, Сапегі, Валовічы). Галоўным для іх тут было далучэнне да еўрапейскай культуры, атрыманне карысных навыкаў у сферы права, дыпламатыі і эканоміцы. Да таго ж, у час свайго навучання яны ўстанаўлівалі непасрэдныя кантакты з еўрапейскай арыстакратыяй. Не дзіўна таму і тое, што лагічным працягам іх еўрапейскай вандроўкі была служба пры адным з тутэйшых каралеўскіх двароў ці ў войску. Так, М. Глінскі пасля вучобы ў Германіі, Італіі і Іспаніі служыў у арміі Свяшчэннай Рымскай імперыі і неаднаразова за свае гераічныя ўчынкі быў адзначаны імператарам. Апошні, дарэчы, заўсёды з радасцю прымаў у сябе шляхту ВКЛ і нават надаваў лепшым з яе асяроддзя тытулы графаў (А. Гаштольд, 1529) і нават князёў (М. Радзівіл Чорны, 1547). Не выклікае пярэчання і той факт, што нашы магнаты карысталіся вельмі вялікай пашанай у асяроддзі еўрапейскай арыстакратыі. У 1601 г. па ініцыятыве аўстрыйскага эрцгерцага Фердынанда (брат імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна ІІ) была выдадзена «Кніга пра знакамітых воінаў», дзе сярод 125 выяў тагачасных манархаў, герцагаў, князёў ды графаў былі змешчаны гравюрныя партрэты М. Радзівіла Чорнага, М. Радзівіла Рудога і М. К. Радзівіла Сіроткі ў рыцарскіх даспехах. Тут жа распавядалася пра іх лёс і подзвігі ў час войнаў [21, с. 54—59]. Такім чынам, Габсбургі яшчэ раз прызнавалі значную ролю прадстаўнікоў беларускага магнацкага рода ў еўрапейскай палітыцы.

Карысталася папулярнасцю ў Еўропе і сама Беларусь. Толькі ў азначаны перыяд выйшаў цэлы шэраг адметных твораў, дзе апісвалася наша краіна. У пачатку XVI ст. беларускія землі наведаў нямецкi дыпламат С. Герберштэйн, якi даў звесткi аб тагачасным воблiку Барысава, Брэста, Вiцебска, Гродна, Крэва, Мiнска, Оршы i Полацка. Яго твор «Запiскi аб маскоўскiх справах» быў выдадзены ў Вене ў 1549 г. (пазней перавыдаваўся каля дваццаці разоў). У iм падрабязнае апiсанне атрымалi заняткi i побыт беларусаў, iх рэлiгiйныя вераваннi, а таксама абрады. У 1578 г. у Кракаве выйшла першае выданне «Хронікі Еўрапейскай Сарматыі» А. Гваньіні. Італьянец па паходжанню ён працяглы перыяд служыў у Вялікім княстве Літоўскім, дзе нават займаў пэўны час пасаду каменданта Віцебска. У сваім творы ён змясціў шмат цікавай інфармацыі па гісторыі і геаграфіі Беларусі, апісаў шэраг айчынных гарадоў. У 1582—1612 гг. сакратаром вялiкiх князёў лiтоўскiх быў вядомы нямецкi хранiст Р. Гейдэнштэйн. У сваiм творы «Запiскi пра Маскоўскую вайну» (1584) дыпламат прыводзiў унікальны матэрыял аб заключным перыядзе Лiвонскай вайны — аўтар дэталёва апiсаў аблогу i штурм войскамi Рэчы Паспалiтай Полацка [6, с. 18—21]. Акрамя іх свае апісанні тагачаснай Беларусі пакінулі венецыянец Р. Барберыні (1565), пасол Свяшчэннай Рымскай імперыі князь Д. фон Бухаў (1575), нямецкі вандроўнік С. Кіхель (1586), англійскі пасол Д. Горсі (1591), рускі купец Т. Карабейнікаў (1593) і інш. Шмат у чым, дарэчы, толькі дзякуючы ўзрастаючай цікавасці да Беларусі свет убачыла і славутая «Песня пра зубра» М. Гусоўскага, напісаная ў 1521—1522 гг. па заказу папы рымскага Льва Х.

Менавіта ў XVI ст. акрамя публіцыстычных і часам вельмі не дакладных нататкаў з’яўляюцца і першыя навуковыя працы, дзе Беларусь вывучалася ў геаграфічным, гістарычным і бытавым плане. Шырокай папулярнасцю ў Еўропе карыстаўся твор польскага даследчыка М. Мяхоўскага «Трактат аб дзвюх Сарматыях» (1517). Неабходна таксама адзначыць і трактат М. Літвіна «Пра норавы татар, літвінаў і маскавітаў» (каля 1550), дзе параўноўваўся грамадска-палітычны лад розных краін і гаварылася аб неабходнасці шырокіх рэформ у Вялікім княстве Літоўскім. Акрамя таго, тут давалася апісанне быту мясцовага насельніцтва, былі прыведзены звесткі аб становішчы жанчын у тагачасным грамадстве і г. д. Выдатнай працай па айчыннай гісторыі стала «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М. Стрыйкоўскага (1582), якая пазней неаднаразова перакладалася на розныя еўрапейскія мовы і стала не толькі унікальнай крыніцай для навукоўцаў (М. Карамзін), але і літаратараў (Ю. Нямцэвіч, А. Міцкевіч) [16, с. 4—14].

Падобная праеаўрапейская арыентацыя беларускага грамадства не магла не паўплываць на нарастаючыя змены ў  паўсядзённым жыцці самаго Вялікага княства Літоўскага. Менавіта пашырэнне міжнародных кантактаў з Еўропай садзейнічала хуткаму распаўсюджванню ў Беларусі магдэбургскага права, цэхавай сістэмы, мястэчкаў, фальваркаў, еўрапейскіх архітэктурна-мастацкіх стыляў, музыкі і г. д. Важную ролю ў развіцці айчыннай культуры адыгрывала запрашэнне сюды еўрапейскіх дойлідаў (італьянцы С. Гучы, Я. М. Бернардоні), жывапісцаў (немцы А. Бінк, А. Вейдэ і Г. Хэльвіг, італьянцы Дж. дэль Монтэ і К. Італа) і майстроў-рамеснікаў для забеспячэння патрэб дзяржавы і правячай эліты (аздабленне вялікакняскіх і прыватных рэзідэнцый, узвядзенне храмаў, стварэнне карцінных галерэй, чаканка манет). Якраз дзякуючы іх намаганням на беларускіх землях пачала рэалізавацца рэнесансавая ідэя аб «ідэальным горадзе» (згодна ёй былі перабудаваны Нясвіж, Слуцк і Быхаў), а мясцовыя замкі пераўтвараліся ў прадстаўнічыя палацава-паркавыя комплексы (Гродна, Мір, Нясвіж, Любча, Смаляны, Быхаў, Гальшаны) [20, с. 11—18, 23—26, 80—81].

Істотна паўплываў на ўсе вышэй пералічаныя працэсы заключаны ў 1518 г. брак паміж дачкой міланскага герцага Бонай Сфорцай і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам І Старым. Разам з высакароднай італьянкай у Беларусь прыбыла цэлая світа, якая акрамя прадстаўнікоў арыстакратыі ўключала паэтаў, мастакоў, скульптараў, медыкаў і г. д. Прывезла Бона з сабою таксама выдатную калекцыю жывапісу і бібліятэку. Дзякуючы гэтаму ў Віленскім Ніжнім замку былі заснаваны першая ў ВКЛ карцінная галерэя (пераважалі творы мастакоў школы Тыцыяна), а таксама буйны кнігазбор [25, с. 61—64]. Па ўспамінах відавочцаў у апошнім меліся шматлікія кнігі рэлігійнага, лекарскага і юрыдычнага характару. Шырока былі прадстаўлены рэдкія выданні антычных і сярэднявечных эпасаў, а таксама прац італьянскіх гуманістаў. Меліся тут і унікальныя помнікі ўсходнеславянскай пісьменнасці (мясцовыя, польскія і чэшскія).

Па ініцыятыве каралевы Боны ў Вялікім княстве Літоўскім распачалася аграрная рэформа («валочная памера»), а таксама былі ўсталяваны трывалыя сувязі паміж італьянскай і мясцовай элітай. Вядома, напрыклад, што прыбыўшы разам з каралевай неапалітанскі арыстакрат П. Сцыпіён дэль Кампа ўвогуле застаўся ў Беларусі і ў далейшым яго нашчадкі сталі ўладальнікамі буйных маёнткаў у Гродзенскім, Лідскім, Ваўкавыскім і Мазырскім паветах. У сваю чаргу Ф. Еўлашоўскі ў сваіх славутых мемуарах з гонарам адзначаў, што яго сын служыў пры двары знакамітых князёў Ганзага ў Мантуі [18, с. 165].

Актывізацыя кантактаў з Еўропай спрыяла пашырэнню ў Беларусі перакладной літаратуры. Так, значнай вядомасцю карысталася «Сказанне пра віленскіх пакутнікаў Іаана, Антонія і Яўстафія», перакладзенае ў XV ст. з грэчаскай мовы на царкоўна-славянскую. З чэшскай мовы ў XV — пачатку XVІ ст. было пераведзена «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу», якая згодна паданню прадказала нараджэнне Хрыста, з’яўленне хрысціянскай царквы і немінуючы канец свету. З латыні ў XV ст. былі перакладзены «Жыціе Аляксея, чалавека божага» і «Аповесць пра трох каралёў», дзе распавядалася аб адмове ад зямных благ, падзвіжніцтве і благачыннасці.

Пад уплывам заходнееўрапейскай культуры ўвесь час узрастала і колькасць свецкіх перакладных твораў («Александрыя», «Аповесць пра Трыстана і Ізольду», «Гісторыя пра Трою», «Гісторыя пра Атылу»). Пры гэтым далейшае ўмацаванне падобных кантактаў і ўзрастанне асветніцтва мясцовага грамадства спрыяла перакладу ды выданню ўсё новых і новых славутых твораў. Так, у 1572 г. у ВКЛ выйшлі ў свет «Прамовы» Дэмасфена, а ў 1595 г. славутая «Гісторыя іўдзейскай вайны» І. Флавія [11, с. 57].

Асобнае месца ў тагачаснай літаратуры займалі філасофскія і маральна-этычныя зборнікі — «фларылегіі», у якіх былі змешчаны асобныя адрыўкі з Бібліі і раннехрысціянскіх аўтараў (выказванні, афарызмы, павучанні). Найбольшай папулярнасцю ў Вялікім княстве Літоўскім карысталася так званая «Пчала» — перакладны на старажытнаславян-скую мову твор канца ХІІ — пачатку ХІІІ ст. На беларускіх землях у якасці вучэбна-дыдактычнага дапаможніка ён актыўна выкарыстоўвася ў пачатковых школах ажно да пачатку ХVІІ ст. Асноўныя яго раздзелы (пра дабрачыннасць, праўду і крыўду, дабро і зло, сяброўства і варожасць) былі ўзяты са Старога ды Новага Запавету. Дапаўнялі ж іх вытрымкі з твораў славутых антычных аўтараў (Гамера, Герадота, Сакрата, Платона, Арыстоцеля, Дэмакрыта), а таксама адпаведныя зместу яскравыя народныя прымаўкі і прыказкі [23, с. 529].

Далейшаму пранікненню еўрапейскай культуры ў Беларусь значна паспрыяла Рэфармацыя. Акрамя трывалых кантактаў мясцовых прыхільнікаў пратэстантызму з аднадумцамі ў Швейцарыі, Германіі, Нідэрландах і Польшчы менавіта яны сталі ініцыятарамі стварэння ў Вялікім княстве Літоўскім свецкай сістэмы адукацыі. Найбольш высокім узроўнем педагагічнага майстэрства вызначаліся айчынныя кальвінісцкія навучальныя ўстановы, якія адкрываліся на прыватныя ахвяраванні айчынных магнатаў. Першая з іх была заснавана ў сярэдзіне XVI ст. па ініцыятыве М. Радзiвiла Чорнага ў Вільні. Яна мела 5 класаў і шырокую вучэбную праграму (выкладаліся асновы кальвінізма, латынь, старажытнагрэчаская мова, рыторыка, паэтыка, матэматыка, гісторыя, права) і добрую бібліятэку (меліся працы Катона, Цыцэрона, Вяргілія, Гарацыя, Арыстоцеля, Ксенафонта, Дэмасфена, Лукіяна і Кастэльёна) [10, с. 113]. Дадзеная навучальная ўстанова карысталася шырокай папулярнасцю — падтрымлівала трывалыя сувязі з Цюрыхам, а вучыцца сюды прыязджалі юнакі не толькі з Беларусі і Літвы, але таксама і з Прусіі ды Курляндыі.

Не меншую вядомасць мела і Слуцкая кальвінісцкая гімназія, утвораная ў 1617 г. князем Я. Радзiвiлам на сродкi сваёй жонкі Соф’i Алелькавiч. Тут было тры класы з 8-гадовым тэрмiнам навучання. Слуцкая навучальная ўстанова падтрымлівала трывалыя сувязi з унiверсiтэтамi Гейдэльберга, Кенiгсберга, Берлiна, Франкфурта-на-Одэры, Марбурга, Лейдэна, Эдiнбурга i Оксфарда, куды адпраўляла на вучобу лепшых сваiх выхаванцаў [17, с. 4—16].

Зразумела, што пераважалі ў вышэй азначаных навучальных установах выкладчыкі з ліку выпускнікоў еўрапейскіх універсітэтаў. Падобнага кірунку імкнуліся прытрымлівацца і прадстаўнікі іншых канфесій. Так, у шырока вядомай праваслаўнай Віленскай брацкай школе большую частку настаўнікаў складалі немцы-пратэстанты [14, с. 27]. Дзяржава ў сваю чаргу для арганізацыі ў 1566 г. у Вільні вучылішча цывільнага права спецыяльна запрасіла з Іспаніі на пасаду яго рэктара славутага тагачаснага правазнаўцу П. Раізія, які, дарэчы, стаў таксама адным са складальнікаў Другога Статута Вялікага княства Літоўскага.

Надзвычай важную ролю асветніцкія кантакты з Заходняй Еўропай мелі і ў час Контррэфармацыі. У 1569 г. першыя манахі езуіцкага ордэна на чале з П. Скаргам па запрашэнню вiленскага бiскупа В. Пратасевiча прыбылі з Польшчы ў Вільню, дзе з дазволу вялікага князя адкрылі сваю навучальную ўстанову для свецкай моладзі (калегіум). Згодна прывілею С. Баторыя ад 7 ліпеня 1578 г., пацверджанага спецыяльнай булай рымскага папы ад 30 кастрычніка 1579 г. гэтая школа была рэарганізавана ў акадэмію, роўную ў правах з Кракаўскім універсітэтам (прысвойвала вучоныя ступенi, мела ўласную юрысдыкцыю) [26, s. 122—124]. У першай трэці XVII ст. тут ужо працавала да 70 прафесараў i выкладчыкаў, а колькасць студэнтаў дасягнула 1200.

Відавочна, што езуіты не абмежавалі сваю дзейнасць толькі сталіцай Вялікага княства Літоўскага. На працягу наступнага паўстагоддзя, пры поўнай падтрымцы ўлад, яны здолелі практычна цалкам манапалізаваць асветніцкую справу ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Найбольшай вядомасцю ў Беларусі карысталіся езуіцкія калегіумы ў Полацку (1582), Нясвіжы (1584), Оршы (1612), Брэсце (1615), Гродна (1625), Пінску (1630) і г. д. Высокі ўзровень адукацыі тут падтрымліваўся праз жорсткую уніфікацыю навучальнага працэсу. Дзеля гэтага Генеральнай кангрэгацыяй ордэна ў 1581 г. быў зацверджаны звод педагагічных правіл «Спосаб i лад навучання», які з 1599 г. стаў абавязковым для ўсiх езуiцкiх вучылішчаў (незалежна ад краіны і нават кантынента). З мэтай жа павышэння ўзроўню падрыхтоўкі настаўнікаў езуіты першымі пачалі выкарыстоўваць іх ратацыю (звычайна раз у тры гады) — выхадцы з Беларусі, напрыклад, адпраўляліся ў кляштары Францыі, Італіі і нават Бразіліі, а на іх месца прыбывалі манахі з  Германii, Чэхii, Венгрыi і г. д. [22, с. 75—92]. Падабенства езуіцкіх школ па ўсяму свету значна аблягчала нашым суайчыннікам паступленне ва універсітэты Заходняй Еўропы, бо іх веды цалкам адпавядалі тагачасным агульнапрынятым нормам.

Трэба таксама адзначыць і тое, што паглыбленне міжнародных сувязяў Беларусі не магло цалкам абмінуць і вельмі кансерватыўныя па характары колы праваслаўнай царквы. Адсутнасць адзінага кіраўніцтва ў гэтай канфесіі не перашкаджала наладжванню трывалых культурных сувязяў паміж рознымі патрыярхатамі. Асобнае месца для Беларусі пры гэтым займалі кантакты з Сербіяй, праз якую да нас трапляла значная частка перакладных літаратурных твораў. Напрыклад, вядома, што славуты рыцарскі эпас «Аповесць пра Трыстана і Ізольду» спачатку быў перакладзены на сербскую мову і толькі пазней паўторным перакладам адаптаваны для шырокага беларускага чытача. Пашыраныя ў той час у Беларусі сербскія манускрыпты аказалі адчувальны ўплыў на стваральніка славутага Шарашоўскага евангелля (XVI) — традыцыйна пададзены тэкст з ініцыяламі, застаўкамі і раслінным арнаментам на палях у візантыйскай традыцыі быў дапоўнены 4 арыгінальнымі мініяцюрамі з выявамі евангелістаў. Ды і славуты тагачасны абраз «Параскева Пятніца» са Случчыны па сутнасці з’яўляецца копіяй гравюры «Петка» з выдадзенай сербскай калоніяй у Венецыі кнігі «Мінея выбраная» (1538). Пры гэтым фон на ёй аздоблены розным рэнесансавым арнаментам, а сама выява святой вызначаецца пэўнай аб’ёмнасцю і светлаценявой мадэліроўкай твара. Арыгінальна выглядае скрутак, што яна трымае ў руцэ — насуперак логіцы ён разгортваецца ўверх [24, с. 63—67].

Існавалі старадаўнія культурныя сувязі і з Маскоўскім патрыярхатам. У беларускіх манастырах шырока былі прадстаўлены рукапісныя царкоўна-славянскія пераклады асобных біблейскіх кніг. Як правіла, яны ўходзілі сваімі каранямі ў перыяд асветніцкай дзейнасці Кірыла і Мяфодзія і некаторыя з іх трапілі сюды якраз з Расіі (Наўгародская «Генадзіеўская Біблія», 1499). Да таго ж вядома, што менавіта Беларусь стала прытулкам для шматлікіх уцекачоў з Масквы, дзе ў тыя часы панавала апрычніна Івана Грознага. Так, у 1570-я гг. у Слуцку пасяліўся былы ігумен Троіца-Сергіева манастыра Арцемій, які быў вымушаны збегчы з Расіі ў Беларусь з-за абвінавачання ў вальнадумстве. Ён стаў ініцыятарам стварэння і першым рэктарам тутэйшай праваслаўнай школы для свецкай моладзі, якая неўзабаве пераўтварылася ў адзін з вядучых айчынных багаслоўскіх цэнтраў [5, с. 26]. Акрамя гэтага, яна шырока славілася якасным выкладаннем царкоўнаславянскай, старажытнагрэчаскай і лацінскай моў.

Знакамітым апалагетам прыхільнікаў традыцыйнага кансерватыўнага ўкладу жыцця і маральнай чысціні грамадства стаў князь Андрэй Курбскі (1528—1583). Уцякач з Масквы, ён быў ветліва прыняты ў ВКЛ, дзе праявіў сябе акрамя іншага і ў якасці таленавітага літаратара (перакладаў творы І. Златавуста, Г. Багаслова, Д. Арэапагіта). Найбольшай вядомасцю карысталася яго перапіска з Іванам Грозным, у якой князь асуджаў неабмежаванае самаўладдзе [3, с. 117—118]. Акрамя таго, у шэрагу сваіх кніг ён выступаў супраць паступовага пашырэння рэнесансавай культуры, размывання царкоўна-славянскай мовы народнай гаворкай, абвінавачваў Ф. Скарыну ў ерасі, а рэлігійнае кнігадрукаванне лічыў надзвычай шкоднай справай. Апошняе, дарэчы, сведчыць аб існаваўшым ужо ў XVI ст. размежаванні рускай і беларускай культурных традыцый. Прычым айчыннае грамадства на фоне свайго ўсходняга суседа выглядала куды больш адкрытым і пазбаўленым усялякіх састарэлых забабонаў.

Такім чынам, аналізуючы стан міжнародных культурных кантактаў Беларусі ў XІV — пачатку ХVIІ ст., неабходна адзначыць іх нарастанне і ўзаеманакіраванасць. Трэба ўлічваць таксама тое, што нягледзячы на вельмі моцны знешні ўплыў, Беларусь здолела захаваць сваю самабытнасць і унікальнасць. Усе здабыткі Захада, што траплялі да нас, творча засвойваліся і пераапрацоўваліся. Гэта пераўтварала нашу краіну ў насычаны мясцовымі нацыянальнымі адметнасцямі непаўторны элемент еўрапейскай цывілізацыі, які не толькі прыкрываў яе знешнія межы з ўсходу, але і арганічна дапаўняў тыповыя для ўсіх тутэйшых краін сацыяльна-эканамічныя і этна-культурныя працэсы арыгінальнымі рысамі.

ЛІТАРАТУРА

1. Галенчанка, Г. Я. Еўрапейскія сувязі Беларусі ў этна-канфесійным і духоўным кантэксце (ХІІІ—сярэдзіна XVII ст.). Мінск, 1998.
2. Галенчанка, Г. Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мінск, 1993.
3. Голенченко, Г. Я. Идейные и культурные связи восточнославянских народов в XVI — середине XVII в. Минск, 1989.
4. Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд. Мінск, 1996.
5. Грыцкевіч, А. Рэгіянальная культура Случчыны ў XVI—XVIII стст. // Беларусіка=Albaruthenica. Кн. 3. Мінск, 1994. С. 23—31.
6. Грыцкевіч, В. П., Мальдзіс, А. І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мінск, 1980.
7. Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994.
8. Книга хождений. Записки русских путешественников IX—XV вв. М., 1984.
9. Лыч, Л., Навіцкі, У. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск, 1996.
10. Лыч, Л. Пратэстанцкая царква ў нацыянальна-культурным жыцці Беларусі: традыцыі і сучаснасць // Штогоднік Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Мінск, 1999. С. 110—123.
11. Майхровіч, С. К. Нарыс гісторыі старажытнай беларускай літаратуры XIV—XVIII стст. Мінск, 1980.
12. Мещеряков, В. П. Братские школы Белоруссии. Минск, 1977.
13. Мухлинский, А. Исследование о происхождении и состоянии литовских татар. СПб., 1857.
14. Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мінск, 1968.
15. Пилипенко, М. Ф. Возникновение Белоруссии. Новая концепция. Минск, 1991.
16. Рогов, А. И. Русско-польские культурные связи в эпоху Возрождения. М., 1966.
17. Родченко, Г. В. Старейшая школа Белоруссии // Вопросы истории школы и педагогики в БССР. Минск, 1976. С. 4—16.
18. Сагановіч, Г. Нарыс гісторыі Беларусі. Мінск, 2001.
19. Снапкоўскі, У. Е. Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі. Ч. 1. Мінск, 2003.
20. Ткачоў, М. А. Замкі і людзі. Мінск, 1991.
21. Ткачэнка, М. І. Амбразская калекцыя даспехаў і гравіраваныя партрэты Радзівілаў // Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэння. Мінск, 1994. С. 54—62.
22. Учебные заведения Литвы до присоединения ея к России // Журн. Министерства Народного Просвещения. 1862. № 10. С. 72—95.
23. Францыск Скарына і яго час. Мінск, 1988.
24. Хадыка, А. Ю., Хадыка, Ю. В. Рэнесанс у беларускім новым іканапісу // Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэння. Мінск, 1994. С. 63—70.
25. Чамярыцкі, В. Ад Нерона — да Боны, ад Боны да Нерона: старонкі беларуска-італьянскіх сувязёў эпохі Адраджэння // Ад Полацка і Нясвіжа да Падуі і Венецыі. Мінск, 1994.
26. Lukaszewicz, J. Historya szkol w Koronie i w Wielkim Ksiestwie Litewskim od najdawniejszych czasow az do roku 1794. T. 1. Poznan, 1849.
27. Topolska, M. B. Spoleczenstwo I kultura w Wielkim Ksiestwie Litewskim od XV do XVIII wieku. Poznan; Zielona Gora, 2002.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2023 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.