журнал международного права и международных отношений 2007 — № 1


международные отношения

Навукова-асветныя кантакты беларускіх зямель з краінамі Заходняй і Цэнтральнай Еўропы ў XVIII ст.

Андрэй Самусік

Аўтар:
Самусік Андрэй Фёдаравіч — кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры эканамічнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта

Рэцэнзенты:
Шыбека Захар Васільевіч — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры эканамічнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта
Доўнар Аляксандр Барысавіч — кандыдат гістарычных навук, загадчык сектара крыніцазнаўства і археаграфіі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Заходні вектар у сацыяльным і грамадска-палітычным жыцці беларускіх зямель пераважаў над астатнімі ў XVI ст. Узнікшая дзякуючы гуманістычным ідэям Рэнесансу мясцовая свецкая культурная традыцыя ўжо не магла існаваць ізалявана ад Заходняй ды Цэнтральнай Еўропы. Францыя, Італія, Германія, Нідэрланды і Англія — вось тыя ўзорныя арыентыры, раўненне на якія стала трывалай звычкай у асяроддзі грамадства Рэчы Паспалітай XVІІI ст.

Разам з тым, якраз міжнародныя ўзаемасувязі ў сферы адукацыі, нягледзячы на ўсю іх важнасць для разумення спецыфікі станаўлення айчыннай школьнай справы, дагэтуль у беларускай і замежнай гістарычнай навуцы так і не сталі прадметам пільнага аналізу. Абагульняючыя працы, прысвечаныя вывучэнню эвалюцыі сістэмы асветы Вялікага княства Літоўскага, толькі фрагментарна закранаюць гэтую праблему [17; 25]. Тое ж датычыцца і даследаванняў па развіццю яе састаўных элементаў [4; 5; 8], важных галін тагачаснай навукі [1], а таксама гісторыі асобных навучальных устаноў [9; 12; 21]. Карысная інфармацыя аб пэўных праявах праеўрапейскай арыентацыі айчыннага грамадства маецца ў працах, якія разглядаюць дзейнасць вядомых айчынных навукова-асветных арганізацый [23], біяграфіі славутых суайчыннікаў [2; 11; 18], прадстаўнікоў знакамітых магнацкіх радоў [10; 16; 19], еўрапейскіх навукоўцаў, лёс якіх аказаўся так ці інакш звязаны з Беларуссю [13; 24]. У цэлым, аднак, відавочна, што гэтая разрозненая інфармацыя яшчэ толькі чакае сістэматызацыі і вызначэння ўласцівых дадзенаму аспекту мінулага айчыннай педагогікі агульных тэндэнцый ды спецыфічных рысаў.

Нягледзячы на гэта, ужо зараз можна скласці агульнае ўражанне аб асноўных напрамках тагачасных міжнародных кантактаў у сферы адукацыі. Безумоўна, што ў першую чаргу яны былі актуальны для тутэйшай правячай эліты, якая лічыла сябе неад’емным элементам агульнаеўрапейскай арыстакратыі. І, трэба прызнаць, яна мела поўнае права сцвярджаць гэта. Беларускія магнаты і шляхцічы значную частку свайго жыцця праводзілі менавіта ў Еўропе. Яны дасканала валодалі французскай і нямецкай мовамі, а таксама правіламі этыкету, мелі гучныя тытулы і працяглую радаслоўную, фінансавалі дзейнасць літаратараў і мастакоў, ды і самі часам станавіліся аўтарамі шырока вядомых літаратурных і музычных твораў. Гэта, а таксама незлічанае багацце адчыняла перад імі ўсе дзверы і ўраджэнцаў Беларусі было лёгка сустрэць практычна пры любым тагачасным каралеўскім двары, дзе яны не толькі гасцілі, але нярэдка і займалі пачэсныя пасады.

Зразумела, што дасягнуць еўрапейскага прызнання айчынная эліта ніколі не змагла б, калі б не мела належнага выхавання. Яно, у сваю чаргу, дзялілася на некалькі асноўных этапаў, кожны з якіх так ці інакш, але прадугледжваў кантакты з еўрапейскай сістэмай адукацыі, навукай і культурай.

Практычна ў кожнай рэзідэнцыі беларускага шляхціча і магната можна было сустрэць выхаванца якой-небудзь вядомай еўрапейскай навучальнай установы, які насіў ганаровае званне «гувернёра» і наглядаў за падрастаючымі дзецьмі тутэйшага гаспадара. У яго функцыі ўваходзіла іх пачатковае навучанне асновам пісьменнасці, арыфметыкі, сучасных моў, гісторыі і «ваенных навук». Пры гэтым самі выхаванцы адносіліся да ўласных гувернёраў неадназначна. Так, будучы гетман М. К. Радзівіл Рыбанька (1702—1762) пра аднаго з іх — маёра К. дэ Лятура пісаў, што хаця той і абучыў яго абыходзіцца «з пікаю, флінтаю і харугвай», але ўсё ж ён «вельмі мала ад француза старога скалечанага навучыўся», у той жа час іншы яго хатні настаўнік — піяр Цэзары выклікаў у магната павагу: «Я, і дзісь што ўмею, дык з інструкцыяў яго». Разам з тым, сам гетман прызнаваўся: «вучыўся я вельмі тупа» [7, № 4, с. 22—23, 35].

Трэба дадаць, што і сам узровень адукацыі на гэтым этапе яшчэ быў спачатку даволі нізкі і спалучаў выхаванне з рознымі гульнямі. Вядома, напрыклад, што знакамітага К. С. Радзівіла Пане Каханку (1734—1790) яго асабісты гувернёр польскі езуіт Кучэўскі вучыў алфавіту наступным чынам: у двары Нясвіжскага замка ён устанавіў драўляную дошку з намаляванымі літарамі — малады князь, страляючы па ёй з пісталета, засвойваў іх знешні выгляд і вымаўленне [16, с. 129].

У далейшым, аднак, пры захаванні агульнага «пацешнага» характару хатняга навучання яго змест пачаў істотна ўдасканальвацца. Гувернёрам М. Кл. Агінскага (1765—1833) быў Ж. Ралей які да гэтага займаў пасаду выхавальніка будучага
аўстрыйскага імператара Леапольда. Па ўспамінах самаго славутага кампазітара: «Мяне не прымушалі да цяжкай і нуднай працы... методыка, якую выкарыстоўваў настаўнік, дазваляла мне разглядаць вучобу як забаву... ён вучыў мяне больш тлумачачы, чым прымушаючы чытаць... сваёй мяккасцю і прыветнасцю характару ён хутка заваяваў мой давер і пяшчотную прыхільнасць... Мой настаўнік удыхаў у мяне ідэі свабоды, якія грунтаваліся на ідэях хрысціянства, што прымушаюць глядзець на чалавека як на брата...». Такім чынам, відавочна, што на першым месцы для гувернёра было маральнае выхаванне даручанага яму падлетка. Разам з тым, другая палова XVIII ст. стала для Беларусі перыядам пранікнення сюды прагрэсіўных ідэй эпохі Асвет-ніцтва, а таму пачатковая адукацыя М. Кл. Агінскага не абмежавалася толькі гэтым. У дапамогу Ж. Ралею былі запрошаны немец Штобэ, які вучыў юнака нямецкай мове і арыфметыцы, француз Шыле — французскай мове і танцам, французскі езуіт Кадэ — латыні, італьянец Альбертрандзі — нумізматыке, польскі арганіст і скрыпач Ю. Казлоўскі — асновам музыкі [2, с. 42—44].

Азначаны факт сведчыў пра тое, што паступова хатняе выхаванне пачало атрымліваць больш сістэматызаваны і глыбокі характар. Лагічным працягам запрашэння еўрапейскіх настаўнікаў стала арганізацыя пры асобных магнацкіх рэзідэнцыях своеасаблівых прыватных школ. Так, у 1780-я гг. у Пулавах пад Варшавай у радавым маёнтку князёў Чартарыйскіх адначасова вучылася звыш дзесятка выхаванцаў з ліку найбольш уплывовых сямей Рэчы Паспалітай — сярод іх былі Адам Чартарыйскі (1770—1861) і Францішак Сапега (1772—1829), бацькі якіх займалі пасады адпаведна генерала падольскіх зямель і канцлера Вялікага княства Літоўскага. Іх адукацыяй займаўся цэлы штат настаўнікаў і гувернёраў — француз Буасі знаёміў іх з ідэямі французскіх фізіякратаў; швейцарыц С. Люілье вёў курсы па матэматыцы і агульнай гісторыі; палкоўнік польскай арміі Тэсельскі распавядаў аб айчыннай гісторыі і вайсковым мастацтве; вядомы паэт і драматург Ф. Князьнін выкладаў латынь і антычную літаратуру; датчанін Шоў і немец Гродэк сачылі за засваеннем вучнямі старажытнагрэчаскай мовы. Разам з настаўнікамі юнакі наведвалі пасяджэнні сеймаў і арганізоўвалі гарачыя дыспуты па найбольш вострых тэмах знешняй і ўнутранай палітыкі. Цікава, што сястра таго ж А. Чартарыйскага — княгіня Соф’я, якая таксама ў то час жыла ў Пулавах, атрымлівала куды горшую за свайго брата адукацыю. Французскай мове, геаграфіі, гісторыі і Катэхізісу яе вучыла састарэлая французская гувернантка Петыт, англійскай мове — жонка камердынера, танцам і гульне на фартэпіяна — спецыяльна запрошаныя настаўнікі. Сама юная шляхцянка пазней прызнавала, што ўзровень навучання быў даволі павярхоўным, бо бацькоў гэта зусім не хвалявала. Адзіным «промнем сонца« для яе былі ўрокі па айчыннай гісторыі, якія ёй у вольны час даваў адзначаны вышэй Ф. Князьнін [4, с. 28].

Лагічным працягам першапачатковага выхавання пад наглядам гувернёраў была замежная паездка з наведваннем цэлага шэрагу еўрапейскіх вышэйшых навучальных устаноў. Па традыцыі, у кожнай з іх трэба было правесці не менш года і за гэты час атрымаць карысныя веды па нейкаму асобнаму цыклу дысцыплін (прававыя ці дакладныя навукі, медыцына, класічныя мовы, паліталогія). Падобная практыка ў тагачаснай Беларусі мела старадаўнія карані — у асобным артыкуле трэцяга Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г. было запісана: «Княжата и панове хоруговные, шляхта и кождый чоловек рицерский и всякого стану того паньства Великого князства Литовского мели вольность и моц выехать и выйти с тых земель наших Великого князства для набытья наук, в писме цвиченья и учинков рыцерских» [15, с. 120]. Пры гэтым вучоба за мяжой рэкамендавалася і самымі папулярнымі на той час еўрапейскімі філосафамі ды асветнікамі. Славуты англійскі навуковец Д. Лок, напрыклад, у сваёй тэорыі падрыхтоўкі сапраўднага джэнтльмена ў абавязковым парадку раіў юнакам павучыцца ў некалькіх універсітэтах у розных краінах. Прычым адпраўляцца ў такую вандроўку неабходна было толькі разам з асабістым гувернёрам [6, с. 169].

Трэба пры гэтым прызнаць, што і за мяжой айчынныя шляхцічы не так уж моцна падрывалі сваё здароўе вучобай. Ужо згаданы М. К. Радзівіл Рыбанька ва ўласным дзённіку наступным чынам апісвае ўласны рапарадак дня ў час свайго знаходжання восенню 1722 г. у Парыжы: «Гэтак гадзіны пастанавіў я: у панядзелак, аўторак, чацьвер, пятніцу ў палове шостай уставаць, а шостай ісьці на імшу да S-t Sulpice, адтуль на сёмую да манежа, там езьдзіць буду да дзевятай, а дзевятай у станцыі maitre de Mathematique да дзесятай, ад дзесятай танцмістар да адзінаццатай, ад адзінаццаці фляйтціст да дванаццатай; у сераду і суботу, паколькі не езьдзіў, фэхтмістар а манежавай хадзіў да мяне гадзіне... Па абедні час пакінуў на візыты, потым камэдыі, опэры, розныя spektacula, балі і вячэры ў паноў» [7, № 5, с. 41].

Відавочна, што азначаны «рэжым» працягваў уведзеную яшчэ гувернёрамі традыцыю і замежнае вандраванне было толькі чарговай «забавай». Але так было не заўсёды. Як правіла, для навучання абіраліся вядучыя еўрапейскія вышэйшыя навучальныя ўстановы і належныя для будучага жыцця і кар’еры веды шляхцічы ўсё ж атрымлівалі. Так, значнай папулярнасцю сярод ураджэнцаў Беларусі карыстаўся лепшы ў тагачаснай
Еўропе нямецкі Гетынгенскі універсітэт — у канцы XVIII ст. тут вучыліся будучы генерал-паручнік і намеснік прускага караля ў Вялікім княстве Познанскім А. Г. Радзівіл (1775—1833), а таксама будучы сенатар Царства Польскага і адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—1831 гг. М. Г. Радзівіл (1778—1850). Будучы генерал артылерыі і паплечнік Т. Касцюшкі К. Н. Сапега (1757—1798) скончыў Ваенную акадэмію ў Турыне, праслухаў курсы лекцый ва універсітэтах Страсбурга і Парыжа [3, с. 550]. Апошні, дарэчы, быў звычайна неад’емным пунктам тагачасных «замежных стажыровак». Уладар Слоніма, будучы гетман літоўскі і ініцыятар будаўніцтва славутага каналу М. К. Агінскі (1730—1800) у перыяд свайго знаходжання ў сталіцы Францыі ў 1750-х гг., па трапнай заўваге аднаго з сучаснікаў, «свой час выкарыстоўваў, каб развіваць здольнасці ў ігры на скрыпцы, у жывапісе і невядома ў колькіх яшчэ іншых сваіх маленькіх здольнасцях» [18, с. 39].

Трэба адразу ж адзначыць, што еўрапейскія вандроўкі заўжды мелі куды больш шырокую праграму, чым простае навучанне ў асноўных універ-сітэтах. Стаўшы ў будучым міністрам замежных спраў Расійскай імперыі, а таксама папячыцелем Віленскай навучальнай акругі, князь А. Чартарыйскі ў 1789—1791 гг. жыў у Англiі і за гэты час уважліва вывучыў яе грамадска-палітычны лад, стан эканомікі, навукі і адукацыі. Некалькі тыдняў ён правёў у рэзідэнцыі лорда-канцлера Лендсдоўна, з якім вёў працяглыя размовы наконт адметнасцяў англiйскай канстытуцыі. Цікавасць князя прыцягнулі таксама Шатландыя і буйныя англійскія прамысловыя цэнтры. У цэлым жа дадзеная паездка істотным чынам паўплывала на станаўленне светапогляду вядомага дзяржаўнага дзеяча ды сфармавала яго асабістае разуменне iдэальнай мадэлі дзяржавы, да якой павiнна была iмкнуцца ў тым ліку i Рэч Паспалiтая [11, с. 4].

Што ж датычыцца выхавання шляхцянак, то тут таксама даволі папулярнымі былі замежныя вандроўкі. Разам з тым, зразумела, што гаворка ў дадзеным выпадку ішла толькі аб жыцці ў якім-небудзь закрытым пансіёне, дзе дзяўчатам давалі спрошчаную гуманітарную адукацыю. Завяршалася навучанне ў ім тады, калі бацькі знаходзілі для сваёй дачкі «добрую партыю». Так адбылося, напрыклад, з пляменніцай віленскага біскупа А. Масальскай, якая ў 8-гадовым узросце трапіла ў парыжскі пансіён цыстэрцыянак пры абацтве Нотр-Дам-о-Буа і праз 8 год (у 1779 г.) была выдадзена адсюль замуж за сына аўстрыйскага фельдмаршала К. Ю. дэ Ліня [5, с. 66].

Вельмі значнае эмацыйнае ўздзеянне на маладых прадстаўнікоў айчыннай правячай эліты аказвалі сустрэчы са славутымі тагачаснымі літаратарамі, кампазітарамі і мастакамі, якія нярэдка з цягам часу пераўтвараліся ў іх настаўнікаў і нават сяброў. М. К. Агінскі ў Парыжы даволі блізка сыйшоўся з Д. Дзідро, які вельмі добра адзываўся аб ім і нават прапанаваў яму пісаць для знакамітай «Энцыклапедыі» (будучы гетман надрукаваў тут артыкул пра арфу) [18, с. 39]. А. Чартарыйскі ў сваім падарожным дзённіку за 1786 г. з вялікім гонарам адзначаў, што ў час шэрагу прыёмаў у Веймары сустракаўся з Гётэ, які «быў тады ў самым росквiце маладосцi; ён быў высокага росту, з тварам такiм жа прыгожым, як i вялiкасным, з пранiзваючым позiркам, часам нават пагардлiвым, глядзеўшым на свет з вышынi сваёй вялiкасцi, што выклiкала ў яго ўсмешку». Дарэчы, яго маці княгіня І. Чартарыйская ў час уласных еўрапейскіх вандровак асабіста пазнаёмілася з Ж. Ж. Русо і папулярным тагачасным ландшафтным архітэктарам Дэлілям, з якімі ў далейшым падтрымлівала рэгулярную перапіску [4, с. 29]. Таксама ўжо згаданы вышэй А. Г. Радзівіл лічыўся адным з буйнейшых мецэнатаў у тагачаснай Еўропе і сам быў вядомым кампазітарам, што дазволіла яму звесці сяброўства з тым жа Гётэ (напісаў музыку для «Фаўста») і Ф. Шапэнам. Л. ван Бетховен прысвяціў магнату «Шатландскія песні» і Імянінную уверцюру, іншы славуты кампазітар Ф. Мендэльсон напісаў у яго гонар фартэпіянны квартэт, а М. Шыманоўская — «Серэнаду для віяланчэлі ў суправаджэнні фартэпіяна» [19, с. 166—167].

Былі вядомы ў Еўропе айчынныя арыстакраты і ў якасці выдатных навукоўцаў. Староста мінскі, генерал-лейтэнант У. К. Радзівіл (1712—1770) добра ведаў старажытнагрэчаскую, лацінскую, нямецкую, французскую, італьянскую, англійскую мовы і стаў аўтарам шэрагу папулярных у XVIII ст. літаратурных і гістарычных твораў: «Апісанне ўсіх нацый у Еўропе», «Універсальная гісторыя», «Свецкія крытыкі, або Сатыры», «Вучоныя забавы ў вершах і прозе», «Апісанне клопатаў людзей усіх саслоўяў», а таксама гісторыі роду Радзівілаў, некалькіх панегірыкаў, элегій, од і нават тэхнічных трактатаў. У сваю чаргу, агульнапрызнаным аўтарытэтам ў галіне этнаграфіі балканскіх народаў лічыўся А. А. Радзівіл (1773—1812), які ў 1807—1812 гг. быў да таго ж асабістым камергерам Напалеона [20, с. 60, 62].

Трэба пры гэтым адзначыць, што далёка не ва ўсіх выпадках належнае выхаванне ў дзяцінстве і выдатная еўрапейская адукацыя прыносілі чакаемы ад іх станоўчы вынік. Трагічны лёс напаткаў М. М. К. Радзівіла (1705—1759). У час свайго знаходжання ў Еўропе ён пачаў вывучаць розныя акультныя навукі і ў першую чаргу алхімію. У сваёй рэзідэнцыі ў Чарнаўчыцах пад Брэстам малады князь стварыў выдатную па тых часах лабараторыю і пачаў бесперапынныя вопыты з мэтай вынайсці сакрэт «філасофскага камня», які павінен быў даць яму казачныя багацці і неабмежаваны ўплыў. На пэўны час Чарнаўчыцкі палац стаў вядомы амаль ва ўсёй Еўропе. Сюды дасылаліся каштоўныя сярэднявечныя фаліянты адпаведнага зместу. Беларускі «граф Каліостра« вёў ажыўленую перапіску з замежнымі алхімікамі і сваімі аднадумцамі з ліку самых славутых арыстакратычных сямей Францыі, Італіі і Германіі. Пры гэтым рэгулярныя няўдачы толькі прымушалі князя пашыраць поле ўласных даследаванняў. Хутка М. М. К. Радзівіла ўжо перасталі задавальняць традыцыйныя хімічныя рэактывы ды мінералы і на першае месца выйшла чорная магія з выкарыстаннем самых неверагодных рэчаў (засушаныя крылы лятучых мышаў, унутраныя органы разнастайных жывёл) і нават чалавечых цел. Апошнія, дарэчы, яму пастаўляў з навакольных вёсак верны слуга Грабоўскі, які хутка стаў для тутэйшага грамадства сапраўдным веснікам смерці. У палацы быў размешчаны цэлы гарэм наложніц, таксама неабходных, па словах князя, для яго вопытаў. Неўзабаве магнат распачаў сур’ёзнае вывучэнне іўрыта і старажытнагабрэйскіх тэкстаў, дзе ён шукаў варыянты далейшага працягу сваіх алхімічных даследаванняў. Пры гэтым М. М. К. Радзівіл вырашыў прыняць іудаізм і выдаліў з усіх пасад у сваіх уладаннях чыноўнікаў хрысціянскага веравызнання. Вынікам усяго гэтага стала ў 1748 г. надзвычайнае рашэнне караля Аўгуста ІІІ аб адхіленні яго ад кіравання радавымі маёнткамі і перадачы пад нагляд сваякоў і лекараў. Скончыў сваё жыццё звар’яцелы князь у турме Слуцкага замка [10, с. 12—13].

Аднак, зразумела, што гэта было толькі выключэнне з правілаў. У цэлым жа менавіта навукова-асветныя кантакты правячай эліты Рэчы Паспалітай з іншымі еўрапейскімі краінамі працяглы перыяд дазвалялі пранікаць на беларускія землі самым перадавым і прагрэсіўным ідэям у галіне прамысловасці, грамадскіх адносін, педагогікі, архітэктуры і г. д.

Другім буйным напрамкам культурных узаемасувязяў Беларусі і Еўропы ў XVIII ст. былі стасункі непасрэдна ў сферы адукацыі. Айчынныя навучальныя ўстановы на той момант з’яўляліся састаўным элементам агульнаеўрапейскай сістэмы асветы. У цэлым можна сцвярджаць, што агучаная калісьці Эразмам Ратэрдамскім ідэя аб стварэнні «Рэспублікі навукоўцаў і педагогаў» хай і своеасаблівым чынам, але ўсё ж была рэалізавана. Дзяржаўныя межы былі дастаткова празрысты, і навуковыя дасягненні аднаго даследчыка хутка станавіліся вядомы паўсюдна. Тое ж датычылася і школ. Нікога не здзіўляла прысутнасць у іх ура-джэнцаў аддаленых тэрыторый альбо вучэбных дапаможнікаў, выдадзеных на іншым баку свету. Шмат чаму гэта адбылося з прычыны шырокай асветнай дзейнасці езуітаў, калегіумы і акадэміі якіх дзейнічалі практычна на ўсіх кантынентах.

На беларускіх землях езуіты мелі акадэмію ў Вільні, а таксама каля двух дзесяткаў сярэдніх і пачатковых вучылішчаў. Усе жадаючыя не толькі ўмацоўвалі ў іх уласныя веды па асноўных гуманітарных прадметах, класічных і сучасных мовах, але і яшчэ бліжэй далучаліся да заходнееўрапейскай культурнай традыцыі. У езуітаў існавала абавязковая ратацыя выкладчыцкага корпусу, і таму ў Нясвіжы, Мінску ці Гродна час ад часу з’яўляліся настаўнікі практычна з любой еўрапейскай краіны. У той жа Віленскай езуіцкай акадэміі ў сярэдзіне XVIII ст. чужынцы складалі ажно 24 % прафесарскага корпусу [25, s. 290]. У цэлым гэта дазваляла выхаванцам даведацца аб адметнасцях жыцця і быту тых жа італьянцаў, іспанцаў ды французаў, як гаворыцца, «з першых вуснаў». Да таго ж вучэбная праграма ў езуіцкіх школах была дастаткова вялікай і вучні праходзілі вялікі спектр твораў — ад антычных (Арыстоцель, Ціт Лівій, Дэмасфен, Цыцэрон) і сярэднявечных (Аўгусцін, Альберт Вялікі, Фама Аквінскі) аўтараў да сучаснай ім еўрапейскай літаратуры (Мальер). Прычым у школьных бібліятэках часам захоўваліся нават забароненыя Ватыканам кнігі — у той жа Вільні выхаванцы маглі азнаёміцца з кнігамі Р. Дэкарта, М. Каперніка і інш. [17, с. 77—84].

У сваю чаргу асобныя творы выкладчыкаў і выпускнікоў тутэйшай акадэміі карысталіся шырокай папулярнасцю ў Еўропе. Так, надрукаваная першы раз у Вільне яшчэ ў 1618 г. 2-томная «Логіка» М. Сміглецкага (1563—1618) ажно да сярэ-дзіны ХІХ ст. лічылася ў Еўропе адным з лепшых вучэбных дапаможнікаў па гэтаму прадмету і неаднойчы перавыдавалася ў той жа Англіі. Ну а друкарні Парыжа, Вены і Аўгсбурга ў XVIII ст. у чарговы раз выпусцілі ў свет кнігі прафесара філасофіі Віленскай акадэміі В. Тылкоўскага (1624—1695) «Займальная філасофія», «Займальная метэаралогія» і «Займальная фізіка» [1, с. 29].

На гэтым, зразумела, кантакты айчынных езуіцкіх школ з Еўропай не абмяжоўваліся. У другой палове XVIII ст. у іх пашырылася выкладанне дакладных і прыродазнаўчых дысцыплін, што паставіла пытанне аб падрыхтоўцы адпаведных настаўнікаў. У выніку лепшыя з выхаванцаў былі накіраваны на стажыроўку ў розныя еўрапейскія навучальныя ўстановы. Напрыклад, будучы рэктар Віленскай галоўнай школы М. Пачобут-Адляніцкі (1728—1810) у 1754—1756 гг. вывучаў у Пражскім універсітэце матэматыку, а будучы генеральны вікарый ордэна Г. Лянкевіч (1722—1798) пасля навучання ў Нясвіжы і Вільні ў 1762—1765 гг. праслухаў курс архітэктуры ў Рымскім калегіуме (потым працаваў настаўнікам у Нясвіжы і Полацку) [8, с. 141].

Набывалі ў Еўропе езуіты і абсталяванне, неабходнае не толькі для вучэбнага працэсу, але і ажыццяўлення навуковых даследаванняў. Так, у 1753—1765 гг. на шчодры фундуш княгіні Эльжбеты Пузыны з роду Агінскіх (6 тыс. дукатаў) у Вільне была пабудавана абсерваторыя (тэлескоп і іншае начынне прывезлі з Англіі). Першым дырэктарам яе стаў ужо згаданы М. Пачобут-Адляніцкі, які дзеля гэтага прайшоў астранамічную практыку ў Марселі, Авіньёне і Неапалі. Віленская абсерваторыя хутка заваявала аўтарытэт у Еўропе — тут было адкрыта нават новае сузор’е. Яно атрымала назву «Шчыт Сабескага», а самай яркай тутэйшай зорке далі найменне ў гонар караля «Цялец Панятоўскага». У 1776 г. прыярытэт Вільні ў гэтакім астранамічным вынаходніцтве быў афіцыйна пацверджаны Парыжскай Акадэміяй навук [22, s. 249].

Яшчэ больш актывізаваліся міжнародныя навукова-асветныя кантакты пасля ліквідацыі ў 1773 г. Ватыканам ордэна езуітаў. У Рэчы Паспалітай была створана Адукацыйная камісія, якая распачала працэс арганізацыі ў дзяржаве сеткі свецкіх навучальных устаноў. Сярод адметных напрамкаў школьнай рэформы стала заснаванне Таварыства навучальных кнiг, галоўная задача якога заключалася ў падрыхтоўцы новых падручнікаў па асноўных вучэбных дысцыплінах. 10 мая 1775 г. быў аб'яўлены адпаведны конкурс — кіраўніцтва Таварыства звярнулася да самых славутых еўрапейскіх навукоўцаў з прапановай прыняць у ім удзел (ганарар за дапаможнік вагаўся ад 50 да 150 дукатаў). Былы хатні настаўнік у Пулавах С. Люілье, які ў 1782 г. стаў членам Пецярбургскай Акадэміі навук, напісаў з гэтай нагоды падручнікі па матэматыцы і геаметрыі, а вядомы французскі філосаф і член французскай Акадэміі навук Э. Кандзільяк даслаў на конкурс уласны вучэбны дапаможнік па логіцы [23, s. 24].

Іншы славуты асветнік Ж. Ж. Русо не прымаў непасрэднага ўдзелу ва ўдасканаленні айчыннай сістэмы асветы, але ў 1771—1772 гг. па просьбе гродзенскага старосты А. Тызенгаўза падрыхтаваў трактат «Разважанне аб кіраванні Польшчай», які быў прадстаўлены для азнаямлення каралю Станіславу Аўгусту. Цікава, што працуючы над ім, знакаміты навуковец захапіўся грамадскім ладам і бытам Вялікага княства Літоўскага і нават даў уласную згоду на пераезд у Беларусь — у Белавежскай пушчы для яго нават пачалі ўзводзіць утульную сядзібу. На жаль, з прычыны слабага здароўя і шэрагу суб’ектыўных фактараў французскі філосаф у рэшце рэшт быў вымушаны адмовіцца ад гэтага заманлівага праекту, які так і застаўся толькі на паперы [13, с. 50].

Больш удалымі былі перамовы з іншымі еўрапейскімі навукоўцамі і асветнікамі. Так, французскія лекары М. Рэнье і Я. Брыётэ сталі першымі, хто распачаў з 1777 г. выкладанне ў Віленскай Галоўнай школе (былая езуіцкая акадэмія) медыцынскіх прадметаў. У 1785 г. кафедру хіміі тут заснаваў немец Ю. Сарторыс. Сапраўднай сенсацыяй стала і прыбыццё ў 1784 г. у Вільню нямецкага прыродазнаўцы Г. Форстэра (1754—1794), які за некалькі год да гэтага ўдзельнічаў у кругасветнай экспедыцыі знакамітага англійскага мараплаўцы Дж. Кука. Тры гады ён выкладаў у Галоўнай школе натуральную гісторыю, а таксама пры дапамозе Таварыства навучальных кнiг выдаў праславіўшую яго на ўсю Еўропу манаграфiю «Акеанiя i Аўстралiя: каментарыi батанiка» (1786) [9, с. 43—44, 61].

Працавалі еўрапейцы і ў іншых навучальных установах Беларусі. Так, у 1776 г. пачала сваю працу Гродзенская Каралеўская медыцынская акадэмія, якая хутка пераўтварылася ў сапраўды асяродак еўрапейскай навукі і педагогікі. Для кіравання ёю быў запрошаны прафесар Ліёнскага медыцынскага калежа Ж. Э. Жылібер (1741—1814), які з гэтай нагоды адхіліў падобную ж прапанову першага міністра Партугаліі маркіза С. Х. дэ Помбала. Супрацоўнікамі акадэміі таксама сталі: доктар медыцыны Г. В. Хайнцэльман; займаўшы да гэтага пасаду прафесара анатоміі універсітэта ў Нансі доктар медыцыны К. Ю. Вірыён; былы прыдворны лекар курляндскага герцага Я. Вольфганг; капітан у адстаўцы А. Мюнц; выкладчык латыні і французскай мовы Менард; а таксама запрошаная з Парыжа акушэрка. Па словах самаго Ж. Э. Жылібера, які, дарэчы, у Гродна чытаў лекцыі па асновах медыцыны, мінералогіі, заалогіі і батаніке, паміж усімі супрацоўнікамі «панавала вялікая гармонія» [21, s. 384—390].

Гродзенская медыцынская акадэмія падтрымлівала трывалыя сувязі з навукова-асветнымі ўстановамі Еўропы. Так, у верасні 1778 г. наведаў Гродна і пэўны час жыў на кватэры Ж. Э. Жылібера вядомы швейцарскі матэматык і прыродазнаўца прафесар Базельскага універсітэта Д. Бернуллі, які назваў тутэйшую акадэмію «цудоўнай установай» і ва ўласных нататках адзначыў, што яна «давала адукацыю маладым людзям у гісторыі натуральнай і ўсей медыцыне». На прылягаючых да акадэміі тэрыторыях быў разбіты першы ў Беларусі батанічны сад. Ён налічваў да 2 тыс. айчынных ды экзатычных раслін (у тым ліку з Паўднёвай Амерыкі) і хутка атрымаў пачэснае званне «Каралеўскі». Насенне і сажанцы сюды дасылалі прафесары Соландэр (Англія) і Жаскуін (Аўстрыя), а таксама член Пецярбургскай Акадэміі навук нямецкі географ П. С. Палас. Пры гэтым Ж. Э. Жылібер арганізаваў першае шырокамаштабнае прыродазнаўчае вывучэнне заходнебеларускіх зямель. Сабраныя ў час навуковых экспедыцый па наваколлі Гродна, Навагрудка, Вільны, Беластока, Нясвіжа і Вішнева звесткі былі прааналізаваны ім у 5-томнай «Флоре Лiтвы» (1781—1783), якая хутка стала неад’емным элементам кожнай навуковай бібліятэкі Еўропы. На вялікі жаль, сама Гродзенская Каралеўская медыцынская акадэмія праіснавала не доўга і ў 1781 г. яе перавялі ў Вільню, дзе ўключылі ў склад Галоўнай школы [24, s. 8].

Другой айчыннай навучальнай установай, дзе настаўніцкія пасады займалі выключна запрошаныя з-за мяжы еўрапейцы, была Нясвіжская Рыцарская школа (іншая назва — Кадэцкі корпус). Пачала сваю дзейнасць яна ў 1767 г. па загаду князя К. С. Радзівіла Пане Каханку і павінна была рыхтаваць афіцэраў для прыватнай арміі магната. Для выкладання тут вайсковых і агульнаадукацыйных прадметаў было запрошана 6 афіцэраў і контрафіцэраў з Саксоніі. Аднаго з іх — ураджэнца Дрэздэна оберштэрлейтэнанта інжынерных войск Ф. К. Фроеліха князь прызначыў дырэктарам школы. Разам з тым, гэтая навучальная ўстанова так і не здолела як след разгарнуць уласную дзейнасць — колькасць кадэтаў не пераўзыйшла лічбу ў два дзесятка, а сама школа з-за бурлівых падзей, звязаных з першым падзелам Рэчы Паспалітай, у пачатку 1770-х гг. закрылася. Нямецкія афіцэры на чале з Ф. К. Фроэліхам пераехалі на працу ў Гродзенскі Кадэцкі корпус А. Тызенгаўза, які працаваў у 1774—1782 гг., а пасля былі вымушаны вярнуцца ў Германію [12, с. 72—73].

Арыгінальную спецыфіку міжнародным кантактам беларускіх зямель у сферы адукацыі прыдалі падзеі, звязаныя з ліквідацыяй ордэна езуітаў. Усход Беларусі на гэты момант ужо знаходзіўся ў складзе Расіі. Кацярына ІІ вельмі добра ставілася да езуіцкага ордэна, а таму ўзяла яго пад уласную апеку і дазволіла ім працягваць сваю дзейнасць у межах імперыі. Прычым рэктар Полацкага езуіцкага калегіума С. Чарневіч стаў генеральным вікарыем ордэна — гэта значыць яго фактычным кіраўніком. У 1779 г. Кацярына ІІ дала сваю згоду на адкрыццё ў Полацку навіцыята — духоўнай навучальнай установы, якая дазваляла прымаць у ордэн новых членаў. З гэтага моманту ўсе, хто жадаў стаць езуітам, павінны былі ехаць у Полацк. Былы кіраўнік Літоўскай правінцыі ордэна К. Ф. Карыцкі 15 красавіка 1780 г. пісаў С. Чарневічу з Рыма: «Шмат хто з айцоў-іспанцаў… пачалі чытаць, пісаць, размаўляць на рускай мове, жадаючы адправіцца насаджаць нашу святую веру пасярод пустэчы Маскоўскай імперыі…». Усяго за першыя два гады працы навіцыята ў Полацк прыбыла каля 40 чалавек, з якіх 17 кандыдатаў было з Чэхіі, Аўстрыі, Венгрыі, Італіі, Францыі, Іспаніі і Бельгіі (астатнія з Заходняй Беларусі, Літвы і Польшчы). Сярод прыехаўшых у той час у Полацк быў і І. Тэнорыё-і-Карвахаль з Калумбіі — экс-езуіт, які зноў пажадаў уступіць у ордэн [8, с. 126—134]. Усе яны, па рашэнню С. Чарневіча, павінны былі год правесці ў навіцыяце, а потым яшчэ месяц сканцэнтравацца на «духоўных практыкаваннях», пасля чаго іх прызнавалі раўнапраўнымі членамі «Таварыства Ісуса». Пры гэтым жадаючых трапіць у Полацк было столькі, што хутка шмат каму пачалі адмаўляць, спасылаючыся на недахоп месцаў у навіцыяце і дрэнны клімат. Трэба таксама адзначыць і тое, што сусветнай сталіцай езуіцкага ордэна Полацк заставаўся ажно да 1814 г., калі Ватыкан зноў дазволіў яго дзейнасць [14, с. 421—459].

Калі ж падводзіць агульную выснову аналізу спецыфікі міжнародных навукова-асветных кантактаў Беларусі ў XVIII ст., то трэба адзначыць тое, што яны мелі яўны рознааблічны і шматгранны характар. Галоўная прычына гэтага крыецца ў празмернай стракатасці поглядаў на паўсядзённыя праблемы, якія панавалі ў тагачасным айчынным грамадстве. Сутыкненне традыцыйных і наватарскіх падыходаў да разумення сутнасці вучэбна-выхаваўчага працэсу менавіта ў гэты час ускалыхнула ўсю Еўропу. Вынікам падобнага супрацьстаяння стала выпрацоўка сучаснай мадэлі адукацыі, і можна па праву сцвярджаць, што ў складанай справе яе стварэння непасрэдны ўдзел прынялі і прадстаўнікі нашай Радзімы. Беларусь пры гэтым дзякуючы якраз трывалым сувязям з Заходняй Еўропай яшчэ ў першай трэці ХІХ ст. мела найбольш дасканалую ў Расійскай імперыі сістэму асветы, што не толькі паспрыяла агульнаму культурнаму росту ўсяго рэгіёна, але і падрыхтавала глебу для наступнага нацыянальна-культурнага адраджэння.

ЛІТАРАТУРА

1. Бирило, А. А. Философская и общественная мысль Белоруссии и Литвы в конце XVII — середине XVIII вв. Минск: Изд-во БГУ, 1971.
2. Верамейчык, С. Міхал Клеафас Агінскі. Мінск: Кавалер Паблішэрс, 2003.
3. Вялікае княства Літоўскае: у 2 т. Т. 2. Мінск: БелЭн, 2006.
4. Гардзіенка, Н. С. Выхаванне шляхцянак у Вялікім княстве Літоўскім ў XVIII ст. // Бел. гіст. часоп. 2001. № 5. С. 26—31.
5. Гардзіенка, Н. С. Кляштарнае выхаванне шляхцянак у Вялікім княстве Літоўскім ў XVIII ст. // Адукацыя і выхаванне. 2001. № 4. С. 63—66.
6. Джуринский, А. Н. История образования и педагогической мысли. М.: Владос-Пресс, 2003.
7. Дыярыюш князя Міхала Казімера Радзівіла // Спадчына. 1994. № 4. С. 18—47; № 5. С. 37—57.
8. Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи. М.: Ин-т философии, теологии и истории св. Фомы, 2004.
9. История Вильнюсского университета / А. Бацис [и др.]; под ред. С. Лазутки. Вильнюс: Мокслас, 1979.
10. Канановіч, У. Клецкія Радзівілы // Бел. мінуўшчына. 1994. № 3. C. 10—14.
11. Корнилов, И. П. Князь Адам Чарторыйский. М.: Университет. типография, 1896.
12. Крывашэй, З. Кадэты Пане Каханку // Бел. мiнуўшчына. 1996. № 3. С. С. 71—73.
13. [О. У.] Жан-Жак Руссо i Белавежская пушча // Крывiч. 1923. № 2. С. 50.
14. Оболенский, М. А. Переписка по делу об открытии в Белоруссии иезуитского новициата // Сборник русского исторического общества. 1867. Кн. 1. С. 421—539.
15. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. / гал. рэд. І. П. Шамякін. Мінск: БелСЭ, 1989.
16. Сыракомля, У. Вандроўкі па маіх былых ваколіцах. Мінск: Мастац. літ., 2002.
17. Учебные заведения Литвы до присоединения ея к России // Журн. Мин-ва Народн. Просвещения. 1862. № 10. С. 74—104.
18. Цеханавецкі, А. Міхал Казімір Агінскі і яго «Сядзіба музаў» у Слоніме. Мінск: Беларусь, 1993.
19. Шышыгіна-Патоцкая, К. Я. Нясвіж і Радзівілы. Мінск: Беларусь, 2002.
20. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 6. Ч. 1. Мінск: БелЭн, 2001.
21. Koscialkowski, S. Antoni Tyzenhaus: w 2 t. T. 1. Londyn: Wyd-wo Spoіecznosci Akademickiej Uniwersitetu St. Batorego, 1970.
22. Koscialkowski, S. Z dziejow ofiarnosci na rzecz nauki i nauczania na Litwie // Nauka Polska: w 8 t. T. 5. Warszawa: Wyd-wo M. Arcta, 1925. S. 241—296.
23. Majchrowicz, F. Wielka reforma czkolna ks. Stanislawa Konarskiego i Komisji Edukacji Narodowej. Lwow; Warszawa: Ksiaznica Polska, 1923.
24. Slawinski, W. Dr. Jan Emmanuel Gilibert, profesor i zalozyciel ogrodu botanicznego w Wilnie. Wilno: Druk. Lux, 1925.
25. Topolska, M. B. Spoleczenstwo i kultura w Wielkim Ksiestwie Litewskim od XV do XVIII wieku. Poznan; Zielona Gora: Bogucki Wydawnictwo Naukowe, 2002.


Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Сообщество

  • (029) 3222740
  • Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
© 2025 Международное общественное объединение «Развитие». All Rights Reserved.