журнал международного права и международных отношений 2007 — № 4
международные отношения
Еўрапейскі вопыт інтэграцыі культурнай палітыкі ў планы пераадолення сацыяльнай ізаляцыі
Дзмітрый Крывашэй
Аўтар:
Крывашэй Дзмітрый Антонавіч — кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Рэцэнзенты:
Землякоў Леанід Яўгеньевіч — доктар палітычных навук, прафесар кафедры паліталогіі юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта
Падкапаеў Уладзімір Віктаравіч — кандыдат палітычных навук, дацэнт, начальнік аддзела міжнародных сувязей апарата Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі
Права на культуру з’яўляецца адным з асноўных правоў чалавека. Толькі праз далучэнне да культуры, удзел у творчай дзейнасці можа адбыцца паўнавартасная сацыялізацыя асобы, фармі-раванне яе грамадзянскай пазіцыі. Свабодны ўдзел у культуры з’яўляецца неабходным для развіцця асноўных гуманітарных каштоўнасцей і чалавечай годнасці. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека 1948 г. называе права на ўдзел у культурным жыцці адным з фундаментальных правоў, аднак прынцып культурных правоў да сённяшняга часу застаецца адным з найменш рэалізуемых і неразвітых.
Мэтай дадзенага даследавання з’яўляецца вывучэнне вопыту асобных краін Еўропы па выпрацоўцы і рэалізацыі культурных праектаў па пераадоленню сацыяльнай ізаляцыі ў канцы 1990—2000-х гг.
У айчыннай навуковай літаратуры дадзеная тэматыка не знайшла належнага асвятлення. Маецца пэўная колькасць прац, у якіх часткова закранаецца акрэсленая праблема. Аднак у сваёй большасці ў літаратуры асвятляюцца пытанні па сумежных абласцях — сацыяльнай ізаляцыі, сацыяльнай палітыцы, правах розных груп насельніцтва. Аб ролі культурных праектаў у вырашэнні праблемы сацыяльнай інтэграцыі пісаў расійскі культуролаг А. Фліер [2]. Сярод прац замежных аўтараў неабходна адзначыць манаграфію пад агульнай рэдакцыяй Р. Вудс [12], якая прысвечана параўнанню культурнай палітыкі і культурных праграм розных краін па прадухіленню і змяншэнню беднасці і сацыяльнай ізаляцыі, а таксама калектыўную працу французскіх даследчыкаў «Культурная палітыка Францыі» пад агульнай рэдакцыяй Ф. Пюры [9].
Пры напісанні дадзенага артыкула былі выкарыстаны праграмныя дакументы Дэпартамента па культуры, сродкам масавай інфармацыі і спорту Вялікабрытаніі [6; 8; 10; 11], дакументы Еўрапей-скай камісіі [4; 7], а таксама справаздачы асобных краін па культурнай палітыцы, падрыхтаваныя для Савета Еўропы [5].
На Стакгольмскай канферэнцыі 1998 г. ЮНЕСКА заклікала паставіць культурную палітыку ў цэнтр стратэгіі развіцця. У рэкамендацыях краінам-удзельніцам выказвалася прапанова для паспяховай інтэграцыі культурнай палітыкі ў палітыку развіцця звярнуць асаблівую ўвагу на тыя аспекты, якія ў культурнай палітыцы могуць быць агульнымі з сацыяльнай і эканамічнай палітыкай [1, c. 12]. Такім чынам, адбылося замацаванне змены падыходу да культурнай палітыкі са спажывецкага («культура для ўсіх», «культура для кожнага») да заснаванага на разуменні ролі культуры як сродку развіцця грамадства («культура — крыніца чалавечага развіцця»).
У гэтай сувязі актуальным стала стымуляванне творчасці ўсіх (і кожнага) жыхароў, спрыянне аматарскай культурнай дзейнасці і ініцыятывам ў гэтай сферы. Пры гэтым асобая ўвага звяртаецца на тыя групы жыхароў, удзел якіх абмежаваны адсутнасцю адукацыі, станам здароўя, узростам, матэрыяльным станам, этнічным ці сацыяльным паходжаннем, родам выконваемай працы і т. п. Забеспячэнне эфектыўнага доступу да культуры і ўдзел у культурных дзеяннях з’яўляецца істотным паказчыкам грамадства, якое скіраванае на ахоп увагай усіх сваіх членаў.
Тэрмін «сацыяльная ізаляцыя» (social exclusion) прыпісваецца Р. Лено — міністру па сацыяльнай рабоце ва ўрадзе Францыі ў сярэдзіне 1970-х гг. Ён выкарыстоўваўся адносна груп, якія не былі ахоплены сацыяльным страхаваннем. У далейшым да-дзеная канцэпцыя была развіта і ўдасканалена, і ў 1990-х гг. сацыяльная ізаляцыя стала часткай павесткі дня палітыкі краін Еўропы [2, с. 120]. У 2001 г. Еўрапейская камісія падрыхтавала спецыяльную справаздачу па пытанню сацыяльнай ізаляцыі [7]. У справаздачы праведзены аналіз нацыянальных урадавых планаў дзеянняў па сацыяльнай ўключанасці. Вынікі сведчаць аб тым, што ў гэтых планах не прадстаўлены паслядоўныя дзеянні па ўзмацненню ўдзелу тых, хто выключаны з працэсу стварэння культуры і з культурнай дзейнасці [7, p. 47].
У 2005 г. была апублікавана новая справаздача Еўрапейскай камісіі па выніках вывучэння ролі культуры ў прадухіленні і змяншэнні беднасці і сацыяльнай ізаляцыі [4]. Яе аўтары выдзяляюць наступныя бар’еры, якія перашкаджаюць эфектыўнаму вырашэнню праблемы:
— адсутнасць разумення на нацыянальным узроўні важнасці доступу да паслуг і магчымасцей культуры як сродку змяншэння ізаляванасці;
— недахоп фінансавых сродкаў для забеспячэння даступнасці для ўсіх культурных паслуг;
— адсутнасць сістэматычных сувязей і паслядоўнай палітыкі паміж міністэрствамі на нацыянальным узроўні;
— адсутнасць ці слабая прадстаўленасць ў культурнай палітыцы вымярэнняў чалавечага і культурнага капіталу, асабліва на нацыянальным узроўні;
— як на нацыянальным, так і на мясцовым ўзроўнях канцэпцыя сацыяльнай ізаляцыі звязваецца ў першую чаргу з занятасцю і сацыяльна-эканамічнымі фактарамі, што абмяжоўвае ўвагу да культурнай палітыкі;
— «высокі ўзровень» культурнай палітыкі, якая ў першую чаргу накіравана на існуючыя ўстановы ў сферы абароны спадчыны, мастацкія галерэі, выканальніцкія мастацтвы, бібліятэкі, музеі і простае насельніцтва, чым на планаванне ў асобных сегментах;
— прызнанне ролі, якую культура можа адыгрываць ў наступальнай барацьбе з сацыяльнай ізаляванасцю, падрываецца недахопам колькаснага вымярэння яе эфектыўнасці і недахопам індыкатараў для таго, каб вызначыць ўздзеянне ўдзелу ў культурнай дзейнасці на сацыяльную інтэграцыю [4, p. 3—4].
У справаздачы вызначаны бар’еры, якія перашкаджаюць асобным сацыяльным групам у поў-най меры рэалізаваць права на доступ і ўдзел у культуры:
— недахоп ведаў аб існаванні паслуг дадзенага спектру, што з’яўляецца вынікам недахопу інфармацыі ці існавання іх па-за сацыяльнымі сеткамі, якія маглі бы быць пастаўшчыкамі інфармацыі;
— заклапочанасць выжываннем на паўсядзённым узроўні можа быць вынікам абмежаваным часам ці недахопам энергіі, каб дазволіць чалавеку карыстацца ці ўдзельнічаць у культуры;
— геаграфічны дыспарытэт ў забяспечанасці паслугамі;
— інваліды маюць шэраг бар’ераў, пачынаючы ад адсутнасці магчымасці фізічнага доступу і заканчваючы адсутнасцю спецыяльнай падтрымкі іх візуальных, слыхавых ці іншых абмежаванняў;
— этнічныя супольнасці сутыкаюцца з адсутнасцю культурных паслуг, якія накіраваны на падтрымку іх роднай культуры, і невялікай колькасцю механізмаў, якія дазваляюць ім эфектыўна ўдзельнічаць у культуры краіны знаходжання. Дадатковым бар’ерам можа служыць нежаданне ўдзельнічаць у дзейнасці па-за межамі сваёй культуры з-за страху, запалохвання, адсутнасці цікаўнасці ці вопыту адносна некаторых культурных паслуг і магчымасцей;
— адсутнасць падтрымкі, паслуг і магчымасцей, якія ахопліваюць поп- ці контркультуры, што найбольш верагодна стварае бар’еры для доступу моладзі;
— адсутнасць паслуг для маргіналізаваных груп, такіх як вызваліўшыяся з мест зняволення, наркаманы і т. п. [4, p. 3].
Шэраг краін маюць вопыт выпрацоўкі нацыянальнай палітыкі, якая аб’ядноўвае пытанне доступу да культуры са стратэгіяй сацыяльнага уключэння. Унікальным сярод еўрапейскіх дзяржаў з’яўляецца вопыт Францыі, якая прыняла закон супраць выключэння (1998). Ён грунтуецца на прадстаўленні аб тым, што ўсё грамадзяне павінны мець «эфектыўны доступ» да «фундаментальных правоў».
У 2001 г. у Францыі быў распрацаваны другі Нацыянальны план дзеянняў па сацыяльнаму уключэнню. У ім упершыню шырока прадстаўлены праекты па выкарыстанню культуры ў пераадоленні сацыяльнай ізаляцыі [12, p. 122].
Ключавая сувязь паміж культурай і сацыяльнай ізаляцыяй забяспечваецца праграмай «Politiques de la ville». Яна дзейнічае з пачатку 1980-х гг., а з 1990-х гг. яна стала шматдысцыплінарнай праграмай рэгенерацыі. І толькі з сярэдзіны 1990-х гг. да яе далучылася Міністэрства культуры. У той перыяд было шмат дыскусій адносна таго, як грамадства можа падтрымаць творцаў і што яны могуць у сваю чаргу даць грамадству. Існавала таксама напружанасць паміж тымі, хто лічыў, што сродкі павінны канцэнтравацца на абароне і падтрымцы культурнай спадчыны галоўным чынам элітных устаноў і імкненні да «выдатнасці» ў выканальніцкіх і іншых мастацтвах. Выказваліся погляды, што недахопам нацыянальнай палітыкі з’яўляецца тое, што яна не ахоплівае мясцовыя групы і разнастайныя культурныя дзеянні.
У выніку спрэчак з’явілася праграма «Politique de development culturelle». Дадзены праект асаблівую ўвагу звяртаў на папулярныя культурныя пазіцыі і складаўся з праграм, якія накіраваны на людзей, выключаных з грамадства. Гэта дазволіла прадстаўнікам самых розных груп (у тым ліку і меншасцей) патрабаваць законнага права на доступ да фінансавых сродкаў. Адной з галоўных змен, якая прадстаўлена ў гэтай праграме, з’яўляецца акцэнтацыя ўвагі на тым, што людзі могуць вырашаць самі для сябе, што для іх з’яўляецца добрым без спасылкі на мастацкія якасці [12, p. 123].
Адным з праектаў, які здзяйсняецца на мясцовым узроўні, з’яўляецца RMI — «мінімальны прыбытак інтэграцыі». Асобы, якія маюць гэты статус і доўгі час знаходзяцца без працы, атрымоў-ваюць доступ да навучання ў культурным сектары. Гэта адбываецца ў многіх гарадах. Шмат з гэтага навучання ахоплівае развіццё ці паляпшэнне пачуцця ўласнай годнасці з мэтай перабудовы іх жыцця і развіцця навыкаў малявання і пісьма. Дадзеныя праграмы не з’яўляюцца прымусовымі, аднак культурнае навучанне з’яўляецца часткай іх бюджэту. Шмат трэнінгаў накіраваны на самаразвіццё [12, р. 125].
Другую групу складаюць праграмы, якія накіраваны на эмігрантаў і этнічныя меншасці. Сродкі выдзяляюцца на шырокі дыяпазон фестываляў этнічных меншасцей, арганізацыю моўных заняткаў і г.д. Трэцюю — праграмы па інтэграцыі мастацтва ў сістэму адукацыі.
Важнасць праблемы сацыяльнай ізаляцыі толькі ў апошнія гады атрымала разуменне ў Швецыі, якая традыцыйна з’яўляецца яскравым прыкладам welfare state. План дзеянняў, распрацаваны шведскім урадам па сацыяльнаму далучэнню ў 2003 г., меў асобны раздзел па культуры. У пачатку 2003 г. Міністэрства культуры прадставіла «Павестку дня для культуры 2003—2006». Дакумент прадугледжваў зрабіць культурныя дзеянні больш шырокадаступнымі, пашырыць сеткі дзяржаўных музеяў са свабодным доступам. Асобна прадугледж-валіся меры для дзяцей, інвалідаў і культуры на працоўным месцы, рэалізацыя рэгіянальных праграм. Падтрымку атрымала запрашэнне творчых работнікаў у школы, на працоўныя месцы і «нязвыклыя асяродкі» як сродак па прадастаўленню большай колькасці людзей доступу да культуры. На працягу 2003—2006 гг. Міністэрства культуры краіны ў супрацоўніцтве з культурнымі работнікамі, творчымі арганізацыямі і работадаўцамі праводзілі вывучэнне новых роляў творчых работнікаў па-за межамі асноўнага напрамку развіцця культурнага жыцця [12, p. 130—131].
Аднак эксперты канстатуюць факт, што ўрад не здолеў эфектыўна аб’яднаць культурную палітыку з патрабаваннямі сацыяльнага далучэння, праблемамі супрацьдзеяння беднасці. Яна застаецца накіраванай на асноўныя групы насельніцтва.
Недахопам з’яўляецца адсутнасць эфектыўнага супрацоўніцтва на нацыянальным узроўні паміж міністэрствамі і дэпартаментамі. Акрамя гэтага адзначаецца, што некаторыя культурныя і інтэграцыйныя праграмы большы акцэнт робяць на шведскую супольнасць, чым на поўны ахоп культурнай разнастайнасці ўсяго грамадства [12, p. 140].
У канцы ХХ — пачатку ХХІ стст. Дэпартамент па культуры, сродкам масавай інфармацыі і спорту Вялікабрытаніі звярнуў увагу на вырашэнне праблемы доступу да культуры. У 2001 г. быў распрацаваны ўрадавы дакумент «Бібліятэкі, музеі, галерэі і архівы для ўсіх: супрацоўніцтва паміж сектарамі для вырашэння праблемы сацыяльнага выключэння» [10]. У 2003 г. дэпартамент выдаў дакумент «Структура для будучыні. Бібліятэкі, чытанне і інфармацыя ў наступным дзесяцігоддзі» [8]. У 2005 г. пабачыў свет кансультатыўны дакумент «Разуменне будучыні: музеі і жыццё ХХІ стагоддзя. Каштоўнасць музеяў» [11].
Асноўнай мэтай палітыкі ў дадзеным напрамку з’яўляецца заахвочванне музеяў, галерэй, архіваў і бібліятэк прыняць стратэгічны падыход да сацыяльнай уключанасці. Адным з напрамкаў паспяховай працы ў гэтым накірунку дакументы называюць шырокае прыцягненне валанцёраў (дабравольцаў), што садзейнічае ўзмацненню грама-дзянскай супольнасці.
Урад Вялікабрытаніі звярнуў ўвагу на праблемы даследавання вымярэння стану сацыяльнай далучанасці праз паказчыкі культурнага абслугоў-вання і развіццё сектара культуры. У лістападзе 2002 г. была прадстаўлена Тэхнічная справаздача, падрыхтаваная Дэпартаментам якасці, эфектыўнасці і стандартаў. Асноўныя аргументы справа-здачы — зразумелая і паслядоўная аналітычная сістэма і працэс для вымярэння ўплыву культуры на сацыяльнае далучэнне з’яўляецца неабходным, калі існуе неабходнасць ў атрыманні ад яе карысці і паляпшэння. У будучым дадзеная сістэма стане больш зразумелай і ахопіць вертыкальныя і гарызантальныя міжсектаральныя сувязі, што акажа эфектыўнае ўздзеянне на выпрацоўку палітычных рашэнняў [6].
У той жа час Германія страціла больш ці менш выпрабаваныя канцэпцыі культурнай працы ў супольнасцях, якія былі распрацаваны ў 1970—1980-х гг. Гэтыя канцэпцыі былі вядомыя ў якасці ўстойлівага словазлучэння «Kultur fuer alle» («культура для кожнага»). Прычынай былі значныя сацыяльныя і эканамічныя змены, якія перажыла краіна ў 1990-х гг. Прынцып «культура для кожнага» быў заменены на «Kultur der Lebensstile» («культура стылю жыцця»). Разнастайнасць культур была накіравана на выпрацоўку агульнага ўспрыняцця таго, што кожная сацыяльная група мае сваю культуру. Пагрозай такога падыходу, па меркаванню даследчыкаў, з’яўляецца страта неабходнасці ў далейшым садзейнічанні «культурнай дэмакратыі» [12, p. 93]. У выніку асноўным сродкам, які спалучае сацыяльнае ўключэнне і культуру, з’яўляецца рэалізуемы Праект сацыяльнага горада. Ён рэалізуецца ў раёне Берліна Нойкёльн і ахоплівае каля 150 праектаў, трэцяя частка якіх накіравана на адукацыю і культуру. Гэтыя праекты ахопліваюць усё — ад танца да спорту, некаторыя з іх заснаваны на выкарыстанні адукацыйных метадаў, напрыклад стварэнне кіно аб брэйк-дансу. Падтрымку атрымоўваюць і мясцовыя музычныя фестывалі для моладзі [12, p. 93].
У Нідэрландах доўгатэрміновым з’яўляецца План дзеянняў па садзейнічанню ў доступе да культуры маламаёмасным. Ён скіраваны на ўключэнне большай колькасці людзей у культуру, асабліва моладзі і імігрантаў. У рамках плана тэрмін «культура» ахоплівае не толькі традыцыйныя сферы (выяўленчае мастацтва, музеі і т. п.), але і папулярную культуру (напрыклад, поп-музыку) [5, NL-9].
Культура як адзін з аспектаў працы па пашырэнню сацыяльнага далучэння разглядаецца ў Нацыянальным плане працы па сацыяльнаму далучэнню (2003—2006) Фінляндыі. Згодна с планам групы рызыкі патрабуюць «мэтанакіраваных спецыяльных мер» у дадатак да набору паслуг, якія дзяржава прапаноўвае для ўсіх. Адным з аспектаў такога падыходу з’яўляецца падтрымка «культурнага плюралізму». Неабходнасць у гэтым выклікана прагназуемым ростам колькасці імігрантаў у краіне ў выніку папаўнення імі недахопу працоўнай сілы. Таму мэта ўрада заключаецца ў прадухіленні «эскалацыі культурных канфліктаў» і пад-трымцы «сацыяльнага ўдзелу этнічных груп» [12, p. 146—147].
У пачатку 2006 г. Міністэрства адукацыі Фінляндыі распрацавала праграму дзеянняў «Доступ да мастацтва і культура для ўсіх» (2006—2010). Галоўная мэта — палепшыць даступнасць мастацтва і культуры ў цэлым са спецыяльным акцэнтам на ахову культурных правоў культурных меншасцей і інвалідаў. Праграма ўтрымлівае меры, якія міністэрства павінна здзейсніць да 2010 г. Пры гэтым прадугледжваецца як пераразмеркаванне сродкаў, так і іх павелічэнне.
Мэта міністэрства ў тым, каб паступова павялічваць рэсурсы, накіраваныя на падтрымку культурных дзеянняў з боку арганізацый інвалідаў, садзейнічаць доступу да культуры, паляпшаць мультыкультуралізм, змагацца з расізмам і падтрымліваць культуру Саамі. У дадатак да гэтага міністэрства выдзяляе кантралюемые субсідыі тэатру жэстаў (для глухіх) і на публікацыі простай для чытання літаратуры (для сляпых).
Планавалася, што працяг дзеяння кансультатыўнай службы ў рамках праграмы «Культура для ўсіх» будзе забяспечаны фінансавай падтрымкай, бо свабодны доступ да культуры для ўсіх патрабуе ўздыму разумення з боку пастаўшчыкоў мастац-тва і культуры і распаўсюджання сярод іх ведаў аб даступнасці.
Міністэрства культуры меркавала стварыць новы кансультацыйны орган, які будзе накіраваны на праблему доступу да культуры. Ён павінен працягнуць працу Камітэта па недзеяздольнасці і культуры па паляпшэнню доступу да культуры пры дапамозе інфармацыі, разнастайных падзей і навучання. У 2011 г. міністэрства разгледзіць выкананне праграмы і прааналізуе яе ўздзеянне на змену становішча, што паслужыць асновай для выпрацоўкі далейшых дзеянняў [3].
Сярод вопыту краін, якія знаходзяцца на шляху трансфармацыі, выдзяляецца вопыт Латвіі. У гэтай краіне створана асобная структура — сакратарыят міністра па асобых даручэннях ў справах грамадскай інтэграцыі — вядучая ўстанова дзяржаўнага кіравання ў галіне грамадскай інтэграцыі. Сакратарыят падпарадкоўваецца прэм’ер-міністру Латвійскай Рэспублікі. У яго кампетэнцыю ўваходзіць распрацоўка і рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў наступных сферах: грамадская інтэграцыя, правы нацыянальных меншасцей, садзейнічанне развіццю грамадзянскай супольнасці і захаванне культуры і традыцый ліваў, а таксама вынішчэнне расавай дыскрымінацыі. На сённяшні дзень у краіне дзейнічаюць некалькі дзяржаўных праграм па сацыяльнай інтэграцыі: «Умацаванне грамадзянскай супольнасці. 2005—2009 гг.», Нацыянальная праграма садзейнічання цярпімасці, праграма «Цыганы (ромы) у Латвіі. 2007—2009 гг.», «Інтэграцыя грамадства ў Латвіі». Апошняя праграма была прынята ў 2001 г. [13]. Яна накіравана на забеспячэнне захавання і развіцця культурных каштоўнасцей, садзейнічанне дыялогу культур, гарантаванне права асобы на свабоднае выражэнне, абарону і развіццё сваёй этнічнай, культурнай, рэлігійнай ідэнтычнасці, узмацненне клопату дзяржавы аб захаванні, вывучэнні і развіцці культурнага багацця латышоў і нацыянальных меншасцей, стварэнне прадпасылак для інтэграцыі культурнага жыцця, садзейнічанне ўключэнню ўсіх жыхароў Латвіі ў культурнае жыццё грамадства. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці праграмы з’яўляюцца: удакладненне і пашырэнне правоў у галіне культуры; паляпшэнне фінансавання культуры; павышэнне даступнасці культуры; пашырэнне інфармацыі аб культурным жыцці; пашырэнне дыялога культур.
Даследаванне паказала, што пакуль адзінкавыя праграмы і праекты, якія накіраваны на забеспячэнне культурных запытаў асяродкаў з абмежаваным доступам да культуры. У большасці сваёй гэта звязана з тым, што вырашэнне праблем дадзеных асяродкаў з’яўляецца адной з асноўных задач не культурнай, а сацыяльнай палітыкі дзяржавы. У асобных краінах Еўропы ў канцы ХХ — пачатку ХХІ стст. пашырылась разуменне неабходнасці інтэграцыі культурнай палітыкі ў планы пераадолення сацыяльнай ізаляцыі. Культурны аспект праблемы сацыяльнага ўключэння з’яўляецца інтэграванай часткай больш маштабных праграм як цэнтральных, так і рэгіянальных, мясцовых органаў улады. Для больш эфектыўнай рэалізацыі праграм і праектаў патрабуецца пастаянны маніторынг сітуацыі, каардынацыя дзеянняў, сталае фінансаванне, далучэнне да праектаў недзяржаўных арганізацый.
Літаратура
1. Использование культурной политики в целях развития. Программа действий // Культурная политика в Европе: выбор стратегии и ориентиры: сб. материалов. М.: Либерея, 2002.
2. Флиер, А. Я. Культурология для культурологов. М.: Акад. проект, 2000.
3. Access to Art and Culture for All, an Action Programme for 2006—2010 [Electronic resource] // All about Finland’s information society. Mode of access: <http://e.finland.fi/netcomm/news/showarticle.asp?intNWSAID=48844>. Date of access: 12.08.2006.
4. Community Action Programme on Social Exclusion. The role of culture in preventing and reducing poverty and social exclusion / Commission of the European Communities. Brussels, 2005.
5. Compendium of Cultural Policies and Trends in Europe / Council of Europe/ERICarts. 7th ed. Strasburg, 2006.
6. Count Me In — The Dimensions of Social Inclusion through Culture and Sport / DCMS / Leeds Metropolitan University Centre for Leisure and Sport Research, March 2002.
7. Draft Joint Report on Social Inclusion: Doc. COM (2001) 565 final. 10.10.2001 / Commission of the European Communities. Brussels, 2001.
8. Framework for the Future: Libraries, Learning and Information in Next Decade / Department for Culture, Media and Sport. London: MCDS, 2003.
9. Les politiques culturelles en France / Ph. Poirrier (ed.). Paris: La documentation franсaise, coll. «Retour aux texts», 2002.
10. Libraries, Information and Archives Division. Libraries, Museums, Galleries and Archives for All: Co-operating Across the Sectors to Tackle Social Exclusion / Department for Culture, Media and Sport. London: DCMS, 2001.
11. Museums and Cultural Property Division. Understanding the Future: Museums and 21st Century Life. The Value of Museums / Department for Culture, Media and Sport. London: DCMS, 2005.
12. Report of a thematic study using transnational comparisons to analyze and identify cultural polices and programs that contribute to preventing and reducing poverty and social exclusion / R. Woods [and oth.]; The Centre for Public Policy Northumbria University. Newcastle upon Tyne: Northumbria University, 2004.
13. Valsts programma «Sabiedribas integracija Latvija». Ministru kabineta apstiprinata 2001 gada. Riga, 2001.