журнал международного права и международных отношений 2009 — № 3
международные отношения — к 100-летию со дня рождения А. А. Громыко
А. А. Грамыка і пытанне аб уключэнні саюзных рэспублік у склад першапачатковых дзяржаў — членаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый
Уладзімір Снапкоўскі
Аўтар:
Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага універсітэта
Праблема знешнепалітычнай дзейнасці саюзных рэспублік, або, калі назваць яе больш сціпла, праблема іх удзелу ў рэалізацыі знешняй палітыкі СССР, не была ні прыярытэтнай, ні нават колькі-небудзь значнай у дыпламатычнай рабоце А. А. Грамыкі, калі меркаваць аб гэтым на падставе яго мемуараў і публічных прамоў. Гэтая тэма амаль не згадваецца ў яго двухтомных мемуарах, за выключэннем аднаго сказа аб тым, што ў Думбартан-Оксе было станоўча вырашана пытанне аб уключэнні Украінскай ССР і Беларускай ССР у лік першапачатковых членаў ствараемай тады ААН. Яшчэ раз А. А. Грамыка закранае гэтае пытанне ў сувязі с сюжэтам аб каардынацыі дыпламатычнай дзейнасці трох савецкіх дэлегацый (СССР, УССР, БССР), пачатак якой быў пакладзены на канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска. Іншых упамінанняў аб знешнепалітычнай актыўнасці саюзных рэспублік ва ўспамінах палітыка і дыпламата, якія ахопліваюць больш за соракагадовы перыяд яго дзяржаўнай і дыпламатычнай службы, знайсці не ўдалося.
Нягледзячы на тое, што, здавалася, ён не ўдзяляў увагі рэспубліканскай дыпламатыі, знаходзячыся на пасадзе намесніка, а затым міністра замежных спраў СССР, тым не менш менавіта з яго імянем звязана вылучэнне ў 1944 г. на міжнароднай арэне савецкага патрабавання аб уключэнні ўсіх 16 савецкіх рэспублік у лік краін — заснавальніц новай міжнароднай арганізацыі, будучай ААН.
У лютым 1944 г. у СССР былі прыняты канстытуцыйныя змены, згодна з якімі саюзныя рэспублікі атрымалі права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламатычнымі і консульскімі прадстаўніцтвамі. Мэта гэтай канстытуцыйнай рэформы — стварэнне юрыдычнай базы для ўключэння саюзных рэспублік у праектуемую міжнародную арганізацыю на правах першапачатковых членаў. З дапамогаю «множнага членства» савецкае кіраўніцтва спадзявалася ўзмацніць міжнародныя пазіцыі СССР. Нягледзячы на тое, што тагачасны пасол ЗША ў СССР Э. Гарыман разгадаў сапраўдны сэнс намераў І. В. Сталіна і яго акружэння [11, p. 821—822; 15, p. 303], для саюзнікаў нечаканай аказалася савецкая прапанова ў Думбартан-Оксе аб уключэнні саюзных рэспублік у першапачатковыя члены міжнароднай арганізацыі.
На пасяджэнні старшыняў дэлегацый трох дзяржаў (СССР, США і Вялікабрытаніі), якое адбылося 28 жніўня 1944 г., кіраўнік савецкай дэлегацыі, пасол СССР у ЗША А. А. Грамыка заявіў, як ён пісаў потым у сваім данясенні ў Маскву, што ў «ліку першапачатковых удзельнікаў Арганізацыі павінны быць усе саюзныя савецкія сацыялістычныя рэспублікі. Э. Стэцініўс і А. Кадоган заявілі, што яны не гатовы выказаць свой погляд на дадзенае пытанне на гэтым пасяджэнні. А. Кадоган толькі заўважыў, што ў сувязі з закранутым мною пытаннем можа ўзнікнуць праблема "міжнароднай легалізацыі гэтых рэспублік"» [6, с. 136].
Сакратар-перакладчык савецкай дэлегацыі В. М. Беражкоў у сваіх успамінах аб пасяджэнні 28 жніўня пісаў, што А. А. Грамыка пры абмеркаванні пытання аб членах — ініцыятарах Арганізацыі заўважыў: «Цалкам зразумела, што ўсе 16 савецкіх рэспублік павінны быць уключаны ў склад членаў — ініцыятараў Арганізацыі» [1, с. 401]. Заходнія дэлегацыі аказаліся не гатовымі да абмеркавання гэтага пытання і Э. Стэцініўс (кіраўнік дэлегацыі ЗША), прапанаваўшы правесці ў хуткім часе пленарнае пасяджэнне канферэнцыі, закрыў пасяджэнне Кіруючага камітэта [1, с. 401].
Прапанова А. Грамыкі аб уключэнні савецкіх саюзных рэспублік у лік першапачатковых членаў ААН атрымала ў дакументах дзяржаўнага дэпартамента ЗША, а затым і ў заходняй літаратуры назву «пытанне Х» («справа ікс», «праблема ікс»), або праблема «множнага членства» СССР у ААН [2, с. 271—273]. Звесткі і каментарыі аб вылучэнні гэтага пытання савецкай дэлегацыяй 28 жніўня 1944 г. змяшчаюцца ва ўспамінах і дзённіках
Э. Стэцініўса і А. Кадогана, але аб гэтым не ўпамінаецца ў мемуарах А. А. Грамыкі [19, p. 658—659; 20, p. 111—114]. Так, Э. Стэцініўс у дапаўненне да сваіх пратакольных запісаў аб пасяджэнні 28 жніўня адзначыў у сувязі з пастаўленым А. Грамыкам пытаннем, што «сваімі паводзінамі сэр А. Кадоган і я выказалі свае здзіўленне і здагадку ўзнікнення вялікіх цяжкасцей ад гэтай прапановы». Ён таксама запісаў у дзённіку, што заявай А. Грамыкі «нашы савецкія сябры ўзарвалі бомбу ў форме вылучэння знакамітага пытання Х» [12, p. 743, 975].
Пасля закрыцця пасяджэння ад 28 жніўня Э. Стэцініўс адразу ж праінфармаваў прэзідэнта Ф. Рузвельта і дзяржсакратара К. Хэла аб савецкай прапанове. Абодва энэргічна выступілі супраць яе прыняцця. Рузвельт аддаў загад Э. Стэцініўсу перадаць А. Грамыку, што ЗША ніколі не прымуць гэтай прапановы. Прэзідэнт папрасіў яго растлумачыць савецкаму паслу, што гэта надзвычай складыныя пытанні, якія могуць прывесці да самых нечаканых цяжкасцей і тым самым «разбурыць шансы на стварэнне міжнароднай арганізацыі, адобранай сенатам ЗША і грамадкасцю яго краіны». Ф. Рузвельт таксама сказаў, што ў выпадку прыняцця ў ААН 16 саюзных рэспублік для ЗША было б цалкам лагічна папрасіць аб прыёме ў яе 48 амерыканскіх штатаў» [12, p. 744, 752].
Рэакцыя К. Хэла была такой жа непрыязнай, як і рэакцыя прэзідэнта. Э. Стэцініўс у кнізе «Рузвельт і рускія» пісаў, што калі ён сказаў К. Хэлу аб «немагчымай просьбе рускіх», той адказаў: «Ці не збіраюцца гэтыя рускія разбурыць нашу надзею на сусветную арганізацыю» [18, p. 17]. Сам К. Хэл у сваіх мемуарах так пракаменціраваў гэты эпізод: «Калі Стэцініўс паведаміў мне гэта, я сказаў, што ўражаны тым, што такая прапанова зроблена. Я дадаў, што падобнае пытанне ніколі не з’яўлялася ні ў аднаго з нас у амерыканскай группе, — тых, хто працаваў над пасляваенным планаваннем. Я зрабiў вывад, што буду супраць ўсімі сіламі» [12, p. 752; 16, p. 1679].
29 жніўня падчас асобнай размовы паміж А. А. Грамыкам і Э. Стэцініўсам апошні сам закрануў праблему членства саюзных савецкіх рэспублік і паведаміў, што размаўляў па гэтым пытанні з прэзiдэнтам. Амерыканскі дыпламат перадаў, што, на думку Рузвельта, гэтае пытанне можна было б паставіць паcля таго, як Арганізацыя будзе створана і кангрэсс ЗША зацвердзіць прапанову ўрада аб удзеле ў Арганізацыі. А. Грамыка сказаў, што савецкая дэлегацыя лічыць само сабой зразумелым, каб у ліку ініцыятараў стварэння Арганізацыі былі ўсе савецкія рэспублікі, але на гэтай стадыі ён абмяжоўваецца толькі дадзенай заявай [6, с. 141].
Чарговае пасяджэнне старшыняў дэлегацый 29 жніўня пачалося з выступлення Э. Стэцініўса, які прапанаваў зняць пытанне аб членстве савецкіх рэспублік з парадку дня. Логіка яго разважанняў была такой: гэта вельмі цяжкае пытанне, здольнае выклікаць вялікае разнагалоссе, калі стане вядомым сусветнай грамадскай думцы, што можа прывесці да непажаданых палітычна-прапагандысцкіх страт, у прыватнасці, да падрыву ўсталяванага погляду аб адзінстве вялікіх дзяржаў і атрымання фашысцкімі дзяржавамі падставы для працягу далейшай барацьбы [12, p. 402].
Пасля гэтага Э. Стэцініўс спытаў А. А. Грамыку, ці не пагадзіцца ён з тым, каб не ўключаць у пратакол заяву наконт савецкіх рэспублік па прычыне таго, што гэтае пытанне не будзе разглядацца на гэтай нарадзе ў дэталях. А. А. Грамыка выказаў адмаўленне і падкрэсліў, што копіі пратаколаў шырока не распаўсюджваюцца. Амерыканскія прадстаўнікі тады далі зразумець, што яны непакояцца наконт магчымага пранікнення ў прэсу інфармацыі аб гэтай заяве. А. А. Грамыка адказаў, што ўсе матэрыялы канферэнцыі носяць канфідэнцыяльны характар, таму ён не бачыць падставы для выключэння яго заявы з пратаколу [1, с. 402; 6, с. 141]. Паясняючы сэнс сваей заявы, А. Грамыка сказаў, што хацеў толькі прыцягнуць увагу іншых дэлегацый да гэтага пытання, але не настойвае на тым, каб гэтая праблема была пастаўлена на далейшае абмеркаванне на перамовах у Думбартан-Оксе [1, с. 402].
Занепакоены савецкай заявай, дзяржсакратар ЗША К. Хэл запрасіў 31 жніўня А. Грамыку для размовы, значнае месца ў якой заняло пытанне аб савецкіх саюзных рэспубліках. Як паведамляў савецкі дыпламат у данясенні ў НКЗС СССР, К. Хэл заявіў, што ў выпадку ўзнікнення гэтага пытання перш за ўсе ўзнялі б крык рэспубліканцы.
А. А. Грамыка заявіў К. Хэлу, што савецкая дэлегацыя лічыць зусім зразумелым уключэнне саюзных савецкіх рэспублік у лік ініцыятараў стварэння Арганізацыі, але на дадзенай стадыі перамоў не настойвае на прыняцці якога-небудзь рашэння. Як старшыня савецкай дэлегацыі ён абмяжоўвае сваю задачу толькі давядзеннем да ведама амерыканскай і англійскай дэлегацый пункту гледжання СССР [6, с. 149—150].
Кіраўнік савецкай дэлегацыі ў сваім данясенні НКЗС СССР наступным чынам вызначыў пазіцыю дэлегацыі ЗША па гэтым пытанні: «Гэтая размова з К. Хэлам, а таксама размова са Э. Стэцініўсам па гэтым пытанні, якая адбылася раней, ясна дэманструюць, што амерыканцы адмоўна адносяцца да перспектывы ўключэння ў склад удзельнікаў міжнароднай арганізацыі саюзных савецкіх рэспублік» [6, с. 149—150].
Сур’ёзную занепакоенасць вылучэннем пытання аб членстве 16 рэспублік выказаў прэзідэнт ЗША Ф. Рузвельт у пасланні старшыні СНК СССР І. В. Сталіну ад 1 верасня 1944 г. У ім адзначалася, што савецкае патрабаванне можа паставіць пад пагрозу ўвесь праект стварэння новай арганізацыі, і выказвалася гатоўнасць абмяркаваць яго пасля яе заснавання [5, с. 166]. У адказе І. В. Сталіна ад 7 верасня 1944 г. падкрэслівалася выключна важнае значэнне, якое надавала савецкае кіраўніцтва гэтаму пытанню. Указвалася, што такія савецкія рэспублікі, як Украіна і Беларусь «па колькасці насельніцтва і па іх палітычным значэнні пераўзыходзяць некаторыя дзяржавы», якія аднесены да ліку ініцыятараў новай арганізацыі [5, с. 166]. Такім чынам, І. В. Сталін назваў гэтыя дзве рэспублікі ў ліку першых рэспублік-кандыдатаў на першапачатковае членства.
Кіраўнік савецкай дэлегацыі яшчэ раз узняў пытанне аб членстве савецкіх рэспублік 27 верасня 1944 г., за дзень да завяршэння першага этапа канферэнцыі. Падчас абмеркавання пытання аб устаноўчай канферэнцыі Аб’яднаных Нацый ён настойваў на тым, што адной з умоў згоды савецкага ўрада на правядзенне гэтай канферэнцыі павінна быць адабрэнне ЗША і Вялікабрытаніяй савецкай прапановы аб першапачатковым членстве савецкіх рэспублік у новай арганізацыі. Але прадстаўнікі ЗША і Вялікабрытаніі не каменціравалі гэтае выказванне А. А. Грамыкі [17, p. 327—328].
У Думбартан-Оксе засталіся невырашанымі два сур’ёзных пытанні: аб першапачатковых членах будучай арганізацыі і аб парадку галасавання ў Савеце Бяспекі. Праўда, А. А. Грамыка ў сваіх успамінах памылкова сцвярджае: «Дамовіліся і аб тым, што ў новай арганізацыі разам з Савецкім Саюзам яе членамі будуць УССР і БССР» [3, с. 235], хоць агульнавядома, што дамоўленасць аб уключэнні гэтых дзвюх рэспублік была дасягнута не ў Думбартан-Оксе, а ў Ялце. Са свайго боку СССР выступіў супраць уключэння ў лік ініцыятараў Арганізацыі «нацый, якія далучыліся», на чым настойвалі ЗША.
У рамках падрыхтоўкі Крымскай канферэнцыі і з мэтаю высвятлення пазіцый СССР і ЗША па «белым плямам», якія засталіся ад Думбартан-Оксе, у студзені 1945 г. у Вашынгтоне адбыліся дзве сустрэчы савецкага пасла А. А. Грамыкі са спецыяльным памочнікам дзяржсакратара ЗША па пытаннях пасляваеннага планавання Л. Пасвольскім. У сваіх успамінах А. А. Грамыка высока ацаніў гэтага амерыканскага дыпламата, лічачы яго «мазгавым цэнтрам дзяржаўнага дэпартамента ЗША па праблемах, звязаных з ААН» [3, с. 235].
Першая размова, якая адбылася 11 снежня, вялася на рускай мове ў атмасферы надзвычайнай дружалюбнасці і тычылася праблем будучай міжнароднай арганізацыі. А. А. Грамыка зноў узняў пытанне аб членстве ў ёй савецкіх рэспублік. Л. Пасвольскі ў сакрэтным мемарандуме ў дзярждэпартамент паведамляў, што, па словах А. А. Грамыкі, многія савецкія рэспублікі з’яўляюцца больш значнымі, чым, напрыклад, Ліберыйская Рэспубліка або Гватэмала (яны ўваходзілі ўжо тады ў лік Аб’яднаных Нацый. — У. С.). Да таго ж яны маюць асабістыя канстытуцыі і самастойна займаюцца сваімі замежнымі справамі. На пытанне Л. Пасвольскага, ці лічыць ён іх незалежнымі краінамі ў агульнапрынятым значэнні гэтага выразу, А. А. Грамыка адказаў, што «безумоўна, гэта так, хоць яны таксама з’яўляюцца вельмі цесна звязаныя як члены федэрацыі». Л. Пасвольскі сказаў, што гэтае пытанне павінна быць абмеркавана на канферэнцыі «вялікай тройкі», якая мае адбыцца. А. А. Грамыка падзяляў гэтую думку, падкрэсліўшы вялікае значэнне, якое ён надаваў гэтаму пытанню [14, p. 72—73].
Падчас другой сустрэчы, якая адбылася 13 студзеня, А. А. Грамыка зноў упамянуў пытанне аб прадстаўніцтве савецкіх рэспублік. Амерыканскі прадстаўнік сказаў, што савецкі ўрад, жадаючы ўключэння савецкіх рэспублік у першапачатковыя члены Арганізацыі, выступае ў той жа час за выключэнне з гэтага складу «асацыіраваных нацый» і нейтральных краін. Ён канстатаваў, што ўрад ЗША «не мае новых думак і поглядаў ні адносна савецкіх рэспублік, ні асацыіраваных нацый» [14, p. 75]. Такім чынам, абмен поглядамі паміж А. А. Грамыкам і Л. Пасвольскім не прывеў да якіх-небудзь зрухаў у пазіцыях абедзвюх краін па пытанні аб першапачатковым членстве.
Накіроўваючыся ў Крым, Ф. Рузвельт быў настроены рашуча супрацьдзейнічаць савецкай просьбе аб членстве саюзных рэспублік у новай арганізацыі [9, с. 574]. У размове з группай уплывовых амерыканскіх сенатараў ён гаварыў, што дастаткова толькі разгарнуць сцягі ўсіх 48 штатаў, каб І. В. Сталін хутка і неарганізавана адступіў [10, p. 107]. Афіцыйная пазіцыя адміністрацыі ЗША працягвала базіраваца на пасылцы, якая не заслугоўвала даверу, аб тым, што савецкая прапанова з’яўляецца «капрызным жэстам або няўдалым жартам». Аднак на гэты раз амерыканцы былі настроены весці рэзкую палеміку з савецкімі прадстаўнікамі па гэтым пытанні.
У Ялце наркам замежных спраў СССР В. М. Молатаў прапанаваў кампрамісную формулу. Савецкі ўрад адмовіўся ад свайго максімалісцкага патрабавання членства для ўсіх 16 рэспублік і вылучыў просьбу аб уключэнні ў лік заснавальнікаў Арганізацыі трох або па меньшай меры дзвюх рэспублік: Украіны, Беларусі і Літвы. У выніку цяжкіх перамоў была дасягнута дамоўленасць, замацаваная ў сакрэтным пратаколе Крымской канферэнцыі, падпісаным міністрамі замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі. У раздзеле І «Сусветная арганізацыя» пад пунктам «2в» гаварылася наступнае: «Калі будзе праходзіць канферэнцыя па сусветнай арганізацыі, дэлегаты Злучанага Каралеўства і Злучаных Штатаў Амерыкі падтрымаюць прапанову аб допуску да першапачатковага членства дзвюх Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, а менавіта Украіны і Беларусі» [7, с. 255—256]. Пратакол быў упершыню апублікаваны на Захадзе (у ЗША) 24 сакавіка 1947 г., а ў СССР — у 1955 г.
Аднак дыпламатычная барацьба за ўключэнне БССР і УССР у склад першапачатковых членаў яшчэ не была завершана. Заставалася адкрытым пытанне аб удзеле абедзвюх рэспублік ва ўстаноўчай канферэнцыі ў Сан-Францыска, паколькі ў Крыму ЗША і Вялікабрытанія далі абавязацельствы толькі падтрымаць прапанову СССР аб іх допуску да першапачатковага членства. Свет не ведаў пра сакрэтную дамоўленасць у Ялце, таму Рузвельт і Чэрчыль яшчэ павінны былі зведаць непрыхільную рэакцыю парламентарыяў, грамадскай думкі, сваіх саюзнікаў на апублікаванне дамоўленасці аб Украіне і Беларусі. Гэтую праблему належыла вырашыць у перыяд падрыхтоўкі і правядзення канферэнцыі ў Сан-Францыска.
У сакавіку 1945 г., яшчэ да таго, як Ф. Рузвельт раскрыў перад амерыканскай дэлегацыяй сакрэтную ялцінскую дамоўленасць, савецкая дыпламатыя зрабіла нечаканы для ЗША і Вялікабрытаніі ход, які яшчэ больш абвастрыў становішча вакол падрыхтоўкі канферэнцыі ў Сан-Францыска. Урады БССР і УССР, не атрымаўшы запрашэння на канферэнцыю, па ўказанні з Масквы вырашылі накіраваць на канферэнцыю свае дэлегацыі [4, с. 127].
12 сакавіка А. А. Грамыка ў размове з памочнікам дзяржсакратара ЗША Д. Данам заявіў, што прадстаўнікі Беларусі і Украіны павінны прыняць удзел у канферэнцыі. Д. Дан адказаў, што ён нічога не чуў пра магчымае запрашэнне прадстаўнікоў гэтых рэспублік у Сан-Францыска і што рашэнне Крымскай канферэнцыі не прадугледжвае ўдзелу ў канферэнцыі ў Сан-Францыска прадстаўнікоў ад Украіны і Беларусі. Ён сказаў, што, на яго думку, дапушчэнне гэтых рэспублік у першапачатковыя члены міжнароднай арганізацыі можа быць зроблена не ў форме іх запрашэння ўдзельнічаць у канферэнцыі ў Сан-Францыска, а ў форме іх далейшага далучэння да Статуту Арганізацыі пасля канферэнцыі. А. А. Грамыка выказаў здзіўленне наконт падобнай інтэрпэтацыі Д. Данам гэтага пытання і заявіў, што «адзіны шлях уступлення Украіны і Беларусі ў арганізацыю, як і для іншых краін-удзельніц, — гэта ўдзел у канферэнцыі, на якой будзе прымацца Статут Арганізацыі» [8, с. 76—77].
Намер Савецкага ўрада паслаць дэлегацыі БССР і УССР на канферэнцыю выклікаў занепакоенасць у Вашынгтоне. Устрывожаны дзярждэпартамент зрабіў энергічныя намаганні, каб не дапусціць яго рэалізацыі. 19 сакавіка дзярждэпартамент падрыхтаваў праект паслання Ф. Рузвельта І. В. Сталіну, у якім прэзідэнт прасіў савецкага кіраўніка «зрабіць крокі да праяснення непаразумення, да якога прывяло паведамленне пасла Грамыкі ў суботу» [14, p. 990—991]. Гэтае пасланне, аднак, не было адпраўлена ці па рэкамендацыі дзярждэпартамента, ці па рашэнні самаго Ф. Рузвельта, які вырашыў больш важным пазбегнуць абвастрэння разнагалоссяў з Масквой. Замест гэтага Белы Дом прыняў рашэнне аб тым, каб Э. Стэцініўс абмеркаваў гэтае пытанне з А. А. Грамыкам з мэтаю «устаранення любога непаразумення» [14, p. 990—991].
Размова паміж імі адбылася 20 сакавіка. Э. Стэцініўс пачаў з тага, што дзярждэпартамент звярнуўся да яго с просьбай прыпыніць адпачынак, прыбыць у Вашынгтон і асабіста правесці размову па гэтым пытанні з савецкім паслом. Ён сказаў, што раніцай ён размаўляў па гэтым пытанні з прэзідэнтам і што «ні прэзідэнт, ні ён не мелі на ўвазе, што на канферэнцыю ў Сан-Францыска будуць запрошаны дэлегацыі Украінскай і Беларускай рэспублік». Адміністрацыя ЗША лічыць, што рашэнне Крымскай канферэнцыі не прадугледжвае ўдзелу дэлегацый Украіны і Беларусі ў канферэнцыі ў Сан-Францыска і што гэтыя рэспублікі могуць быць дапушчаны ў якасці членаў Асамблеі пасля канферэнцыі. Э. Стэцініўс падкрэсліў, што «удзел дэлегацый Украіны і Беларусі можа стварыць небяспечнае становішча, здольнае ўвогуле нанесці непаправімую шкоду ўсёй справе стварэння міжнароднай арганізацыі» [8, с. 77—78].
А. А. Грамыка заўважыў, што выкладзеная Э. Стэцініўсам інтэрпрэтацыя ялцінскай дамоўленасці і яго тлумачэнне адносна формы запрашэння ў Арганізацыю Украіны і Беларусі з’яўляюцца для яго нечаканымі, выказаўшы думку, што гэта супярэчыла б дасягнутаму ў Крыме пагадненню аб допуску савецкіх рэспублік да першапачатковага членства. Ён таксама зазначыў, што пункт гледжання ўрада ЗША па гэтым пытанні будзе перададзены савецкаму ўраду [8, с. 78].
25 сакавіка А. А. Грамыка накіраваў ноту Э. Стэцініўсу, у якой па даручэнні савецкага ўрада прасіў давесці да ведама ўрада ЗША, што згодна з рашэннем Крымскай канферэнцыі «пытанне аб дапушчэнні Украіны і Беларусі да першапачатковага членства павінна быць пастаўлена на адным з першых пасяджэнняў канферэнцыі ў Сан-Францыска і затым, пасля станоўчага вотума канферэнцыі, прадстаўнікам гэтых дзвюх рэспублік павінен быць забяспечаны паўнапраўны ўдзел у працы названай канферэнцыі ў якасці першапачатковых членаў Сусветнай міжнароднай арганізацыі па бяспецы» [8, с. 83].
29 сакавіка Э. Стэцініўс накіраваў А. А. Грамыку ноту ў адказ, у якой канстатаваў, што ў Ялце не было прынята ніякага абавязацельства наконт прысутнасці прадстаўнікоў гэтых рэспублік у Сан-Францыска, і што гэтае спецыфічнае пытанне не было ўзнята савецкай дэлегацыяй на Крымскай канферэнцыі. У ноце гаварылася, што за выключэннем асабістай заўвагі У. Чэрчыля гэтае пытанне не абмяркоўвалася ні падчас агульных дыскусій, ні ў сувязі з вызначэннем спіса краін, якія павінны былі быць запрошаны на канферэнцыю. Э. Стэцініўс падкрэсліваў, што пытанне аб прыняцці савецкай прапановы аб допуску дзвюх рэспублік у першапачатковыя члены застаецца на меркаванне канферэнцыі, і таму да прыняцця канферэнцыяй рашэння па гэтым пытанні няма падстаў на дадзенай стадыі ўздымаць пытанне аб прадстаўніцтве дзвюх рэспублік на самой канферэнцыі [8, с. 87—88].
13 красавіка ў Вашынгтоне на пасяджэнні інфармацыйна-арганізацыйнай групы па падрыхтоўцы канферэнцыі, на якім прысутнічалі прадстаўнікі чатырох запрашаючых дзяржаў (США, СССР, Вялікабрытаніі і Кітая), савецкі прадстаўнік А. А. Грамыка адмовіўся адобрыць спіс размеркавання складу камісій і камітэтаў, паколькі Украіна і Беларусь не трапілі ў размеркаванне кандыдатур старшыняў гэтых органаў. На гэтым пасяджэнні Э. Стэцініўс і А. А. Грамыка зноў выклалі розныя падыходы сваіх урадаў да тлумачэння ялцінскай дамоўленасці аб допуску савецкіх рэспублік у міжнародную арганізацыю [13, p. 286].
25 красавіка 1945 г., у дзень адкрыцця Устаноўчай канферэнцыі Аб’яднаных Нацый у Сан-Францыска, на 17-м пасяджэнні дэлегацыі ЗША сярод іншых было разгледжана пытанне «прадстаўніцтва дзвюх савецкіх рэспублік». Прадстаўнік дзярждэпартамента Д. Дан далажыў аб выніках размовы з А. А. Грамыкам, адзначыўшы, што СССР адмовіўся адобрыць спіс старшыняў і членаў камісій і камітэтаў, паколькі ў ім не прысутнічалі прадстаўнікі дзвюх савецкіх рэспублік. Ён далей сказаў, што ў сувязі с просьбай А. А. Грамыкі выдзеліць месцы старшыні і дакладчыка камітэта для прадстаўнікоў Украіны і Беларусі ён растлумачыў савецкаму паслу, што гэта нельга зрабіць да таго часу, пакуль канферэнцыя не вырашыць пытанне аб запрашэнні гэтых рэспублік [13, p. 410—411].
У пачатку работы Сан-Францыскай канферэнцыі 27 красавіка 1945 г. было адзінадушна прынята рашэнне аб уключэнні Украінскай і Беларускай савецкіх сацыялістычных рэспублік у лік першапачатковых членаў Арганізацыі. 30 красавіка 1945 г. таксама адзінадушна ўсе 47 дзяржаў-удзельніц прагаласавалі за запрашэнне дэлегацый УССР і БССР на ўстаноўчую канферэнцыю Аб’яднаных Нацый. Так, у выніку напружаных намаганняў савецкай дыпламатыі, шляхам кампрамісаў і ўступак, пагроз і ўльтыматымаў, узаемаўвязак і іншых адмысловых умелых хадоў удалося дабіцца ўключэння дзвюх саюзных рэспублік у ААН. У гэтым вялікая заслуга і А. А. Грамыкі, які вылучыў праграму-максімум у Думбартан-Оксе і затым актыўна прапрацоўваў пытанне аб запрашэнні Украіны і Беларусі ў Сан-Францыска.
Сан-Францыская канферэнцыя паклала пачатак фарміраванню адзінай знешнепалітычнай лініі, якую дэлегацыі Савецкага Саюза, Беларусі і Украіны праводзілі ў міжнародных арганізацыях. Старшыня дэлегацыі СССР А. А. Грамыка ўспамінаў, што на канферэнцыі склалася «кіруючае ядро трох нашых дэлегацый. Гэтая невялікая група аналізавала становішча спраў на канферэнцыі, намячала тактычныя і іншыя планы па рэалізацыі дырэктыў цэнтра» [3, с. 240].
На ўсіх дыпламатычных і дзяржаўных пасадах, якія займаў А. А. Грамыка, яму даводзілася сутыкацца з феноменам «рэспубліканскай дыпламатыі». Як ужо адзначалася, на пасадзе пасла СССР у ЗША і адначасова старшыні савецкай дэлегацыі на канферэнцыі ў Думбартан-Оксе ён вылучыў сенсацыйную прапанову аб першапачатковым членстве ўсіх савецкіх саюзных рэспублік у праектуемай ААН. З’яўляючыся членам савецкай дэлегацыі на Ялцінскай канферэнцыі, А. А. Грамыка таксама займаўся вырашэннем пытанняў, звязаных з вызначэннем складу дзяржаў — заснавальніц ААН, у тым ліку ўключэння ў іх склад Украіны і Беларусі. Напярэдадні Сан-Францыскай канферэнцыі савецкі пасол у ЗША энергічна прасоўваў пытанне аб запрашэнні дэлегацый дзвюх савецкіх рэспублік на ўстаноўчую канферэнцыю Аб’яднаных Нацый, пераадольваючы супраціўленне дыпламатыі ЗША і Вялікабрытаніі. Стаўшы кіраўніком савецкай дэлегацыі ў Сан-Францыска (пасля ад’езду наркама замежных спраў СССР В. М. Молатава ў Маскву), А. А. Грамыка каардынаваў і накіроўваў дзейнасць трох савецкіх дэлегацый.
На пасадзе пастаяннага прадстаўніка СССР у Савеце Бяспекі ААН ў 1946—1948 гг. А. А. Грамыка таксама фактычна ажыццяўляў на месцы агульнае кіраўніцтва дэлегацыямі СССР, УССР і БССР, рашаючы і такія тактычныя задачы, як забяспячэнне раўнапраўнага прадстаўніцтва Украіны і Беларусі ў галоўных органах, камітэтах і каміссіях ААН.
Як намеснік, а затым міністр замежных спраў СССР А. А. Грамыка курыраваў многія пытанні, звязаныя з удзелам як УССР і БССР у дзейнасці ААН і яе спецыялізаваных устаноў, так і прадстаўнікоў астатніх саюзных рэспублік у агульнасаюзных дэлегацыях на сессіях Генеральнай Асамблеі ААН і іншых яе органаў і ўстаноў. Такая практыка стала ажыццяўляццца з 1951 г. На пасадзе Старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР А. А. Грамыка таксама займаўся пытаннямі, звязанымі са знешнепалітычнай дзейнасцю саюзных рэспублік, якія ўжо с пачатку перабудовы сталі набываць усе большае значэнне.
Падсумоўваючы ролю пасла СССР ў ЗША А. А. Грамыкі ў вылучэнні і рэалізацыі амбітнай савецкай прапановы аб уключэнні ў склад будучай міжнароднай арганізацыі ўсіх 16 саюзных рэспублік, хацелася б адзначыць, што яму выпала цяжкая, невыканальная і таму няўдзячная задача выступлення з такім патрабаваннем. Яго вылучэнне было цалкам у стылі сталінскай дыпламатыі: патрабаваць адразу максімум, а потым ісці на гандаль і атрымаць хаця б мінімум. Так і адбылося з «дзвюма асноўнымі савецкімі рэспублікамі» (Украінай і Беларуссю, як іх называў І. В. Сталін у перапісцы з Ф. Рузвельтам і У. Чэрчылем).
На пасадзе міністра замежных спраў СССР А. А. Грамыка дзейнічаў як дыпламат звышдзяржавы, уніфікаванай і звышцэнтралізаванай, якой была не патрэбна дыпламатыя саюзных рэспублік, хаця СССР фармальна лічыўся федэратыўнай дзяржавай з шырокімі паўнамоцтвамі саюзных рэспублік. Пытанне аб актывізацыі іх знешнепалітычнай дзейнасці паўстала пасля яго адыходу з пасады міністра замежных спраў СССР у 1985 г.
Літаратура
1. Бережков, В. М. Страницы дипломатической истории. 4-е изд. / В. М. Бережков. М.: Междунар. отношения, 1987.
2. Боратынский, С. Дипломатия периода Второй мировой войны. Международные конференции 1941—1945 гг. / С. Боратынский. М., 1959.
3. Громыко, А. А. Памятное. Кн. І / А. А. Громыко. М.: Изд-во полит. лит., 1988.
4. Забигайло, К. С. К истории участия Украинской СССР в выработке Устава ООН / К. С. Забигайло // Советский ежегодник международного права, 1964—1965. М.: Наука, 1966. С. 123—132.
5. Переписка председателя Совета Министров СССР с президентами США и премьер-министрами Великобритании во время Великой Отечественной войны 1941—1945 гг. Т. 1. М. Изд-во полит. лит., 1976.
6. Советский Союз на международных конференциях периода Великой Отечественной войны 1941—1945 гг.: сб. док. Т. 3: Конференция представителей СССР, США и Великобритании в Думбартон-Оксе (21 авг.—28 сент. 1944 г.). М.: Изд-во полит. лит., 1978.
7. Советский Союз на международных конференциях периода Великой Отечественной войны 1941—1945 гг.: сб. док. Т. 4: Крымская конференция руководителей трех союзных держав — СССР, США и Великобритании (4—11 февр. 1945 г.). М.: Изд-во полит. лит., 1979.
8. Советский Союз на международных конференциях периода Великой Отечественной войны 1941—1945 гг.: сб. док. Т. 5: Конференция Объединенных Наций в Сан-Франциско (25 апр.—26 июня 1945 г.). М.: Изд-во полит. лит., 1984.
9. Шервуд, Р. Рузвельт и Гопкинс глазами очевидца: пер с англ. Т. 2 / Р. Шервуд. М., 1958.
10. Dallin, A. The Soviet Union at the United Nations: An Inquiry into Soviet Motives and Objectives / A. Dallin. N. Y., 1962.
11. Foreign relations of the United States diplomatic papers, 1944. Europe. V. IV. Washington, D.C.: U.S. Government Printing Office, 1966.
12. Foreign relations of the United States diplomatic papers, 1944. General. V. I. Washington, D.C.: U.S. Government Printing Office, 1966.
13. Foreign relations of the United States diplomatic papers, 1945. General: the United Nations. Washington, D.C.: U.S. Government Printing Office, 1967.
14. Foreign relations of the United States diplomatic papers. The Conferences at Malta and Yalta, 1945. Washington, D.C.: U.S. Government Printing Office, 1955.
15. Harriman, A. Special Envoy to Churchill and Stalin 1941—1946 / A. Harriman, E. Abel. N. Y., 1975.
16. Hull, C. The Memoirs of Cordell Hull. V. 2 / C. Hull. N. Y.: Macmillan, 1948.
17. Postwar Foreign Policy Preparation, 1939—1945. Washington, D. C., 1949.
18. Stettinius, E. R. Roosevelt and Russians: The Yalta Conference / E. R. Stettinius. N. Y., 1949.
19. The Diaries of Alexander Cadogan. 1938—1945. L., 1971.
20. The Diaries of Edward R. Stettinius, Jr., 1945—1946. N. Y.: New Viewpoints, 1975.