журнал международного права и международных отношений 2015 — № 1
международные отношения
Да выхаду ў свет 10-томнага выдання «Знешняя палітыка Беларусі: зборнік дакументаў і матэрыялаў»
Уладзімір Снапкоўскі
Аўтар:
Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра. — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
У артыкуле распавядаецца аб завершаным у 2014 г. праекце па апублікаванню 10-томнага гісторыка-дакументальнага выдання «Знешняя палітыка Беларусі: зборнік дакументаў і матэрыялаў», першы том якога выйшаў у 1997 г. і ўключыў у сябе дакументы 1917—1922 гг. Апошні, 10-ты, том ахоплівае падзеі 2006—2010 гг. Гэта выданне падрыхтавана супрацоўнікамі кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы пры ўдзеле спецыялістаў іншых устаноў рэспублікі. Аўтар, які з’яўляецца адным са складальнікаў і членаў рэдкалегіі апошніх тамоў выдання, ацэньвае публікацыю як важную падзею ў гістарычнай навуцы Рэспублікі Беларусь у цэлым і гісторыка-дыпламатычных даследаваннях беларускіх вучоных у прыватнасці. У артыкуле маюцца бібліяграфічныя дадзеныя аб усіх 10 тамах выдання.
У канцы 2014 г. у Выдавецкім цэнтры БДУ выйшаў у свет 10-ты том выдання «Знешняя палітыка Беларусі: зборнік дакументаў і матэрыялаў», які ахоплівае перыяд 2006—2010 гг. Публікацыя гэтага шматтомнага выдання, якое першапачаткова меркавалася ўмясціць у 6 тамоў, на гэтым можа лічыцца часова завершанай. Інавацыйны даследчы праект, запланаваны пад 10-ты том, паспяхова завершаны, археаграфічнае адлюстраванне падзей у зборніку даведзена да апошніх гадоў. Даследчы праект наступнага 11-га тома (2011—2015 гг.) пакуль што не выспеў у галавах складальнікаў папярэдніх тамоў, хаця патрэба ў ім уяўляецца лагічнай і абгрунтаванай. Так што гэтае выданне, як мы мяркуем, будзе працягвацца, а пакуль што час падвесці вынікі таго, што зроблена. А зроблена сапраўды вялікая праца.
Публікацыя зборніка пачалася ў 1997 г. выхадам яго 1-га тома, які ахоплівае перыяд 1917—1922 гг. У далейшым на працягу 17 гадоў з сярэдняй перыядычнасцю каля двух гадоў выходзілі чарговыя тамы гэтага гісторыка-дыпламатычнага выдання. Найбольш працяглы перапынак у выданні адбыўся паміж 7-м (выйшаў у 2004 г.) і 8-м (выйшаў у 2008 г.) тамамі. Яго храналагічныя рамкі пашыраюцца амаль на цэлае стагоддзе, дакладней на 93 гады: ад 1917 да 2010 г. уключна.
Пэўным чынам адбыліся змены ў складзе ўстаноў, што выдавалі зборнік. На тытульным лісце 1-га тома прысутнічалі назвы такіх устаноў, як: Пастанная камісія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы (БелНДІДАС). Пры гэтым галоўнай установай, што рыхтавала выданне, з’яўляўся БелНДІДАС, паколькі тры з пяці складальнікаў тома (У. М. Міхнюк, У. К. Ракашэвіч, Я. С. Фалей) былі супрацоўнікамі гэтай установы. У наступных тамах (2-гі—5-ты) вядучая роля БелНДІДАС у выданні зборніка захавалася, а кіраўніком калектыву складальнікаў быў У. М. Міхнюк. 6-ты і 7-мы тамы былі падрыхтаваны двума складальнікамі, якія прадстаўлялі БелНДІДАС і БДУ: У. К. Ракашэвічам і А. В. Шарапам. Складальнікамі 8—10-га тамоў з’яўляюцца супрацоўнікі кафедры міжнародных адносін БДУ У. Е. Снапкоўскі, А. В. Ціхаміраў, А. В. Шарапа (кіраўнік праекта). Трэба адзначыць, што апошні з’яўляецца адзінай асобай, што нязменна ўваходзіла ў шэраг складальнікаў усіх 10 тамоў. Увогуле, складальнікамі ўсяго выдання з’яўляецца адносна невялікі калектыў з 10 чалавек. У. М. Міхнюк і У. К. Ракашэвіч, якія ўнеслі значны ўклад у падрыхтоўку і публікацыю першых сямі тамоў зборніка, на жаль, заўчасна пайшлі з жыцця, не дачакаўшыся выхаду апошніх тамоў.
У беларускай гістарычнай літаратуры ўжо было некалькі рэцэнзій і водгукаў на выхад першага і наступных тамоў гэтага выдання. На публікацыю 1-га тома адгукнуліся Э. Ліпецкі і А. Слабодскі [4; 6]. Прытым апошні зрабіў гэта ўскосна ў рэцэнзіі на кнігі Р. Платонава і У. Міхнюка. Выхад 1-га тома А. Слабодскі назваў «сенсацыйным», паколькі за апошнія 80 гадоў у Беларусі не было аналагаў падобнага выдання. Па яго словах, 235 дакументаў і матэрыялаў зборніка даюць аб’ектыўную карціну барацьбы за дзяржаўную незалежнасць Беларусі. Рэцэнзент выказаў спадзяванне, што размова пра гэта выданне будзе
актыўна весціся спецыялістамі ў галіне права, дзяржаўнага будаўніцтва, гісторыі міжнародных адносін [6, с. 290]. Аднак шырокага розгаласу публікацыя наступных тамоў не выклікала, нягледзячы на іх высокую запатрабаванасць спецыялістамі і шырокім колам чытачоў у Беларусі і за мяжой.
У 2002 г. М. Ф. Шумейка апублікаваў станоўчую рэцэнзію на першыя чатыры тамы выдання ў «Беларускім археаграфічным штогодніку» [8]. Пра гэтае ж выданне ён выказаўся ў сваім артыкуле аб дзейнасці Камітэта па архівах і справаводству Рэспублікі Беларусь у 2000—2001 гг. [9, с. 13]. З некалькімі крытычнымі заўвагамі наконт аргеаграфічнай культуры складальнікаў 1-га і 2-га тамоў выступіў Ю. У. Несцяровіч [5, с. 16—17]. На гэтым цікавасць рэцэнзентаў да наступных тамоў, наколькі нам вядома, вычарпалася. Гэта дае нам падставы выказаць свае думкі, меркаванні і ацэнкі як пра першыя тамы, так і пра ўсё 10-томнае выданне, не разглядаючы аднак дадзеную публікацыю як рэцэнзію на гэта выданне.
Усяго 10 тамоў змяшчаюць 1735 дакументаў і матэрыялаў, што складае ў сярэднім 173,5 адзінкі на адзін том. У аналізе М. Ф. Шумейкі па першых чатырох тамах адзначана, што з 751 адзінкі дакументаў і матэрыялаў 333 узяты з архіваў (302 — з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, 31 — з Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Літвы), 124 — з афіцыйных і перыядычных выданняў. У выніку 44 % дакументаў прадстаўлены архіўнымі крыніцамі, 16 % — публікацыямі ў афіцыйных і перыядычных выданнях. Сярэдні працэнт паўторна апублікаваных дакументаў (узятых са зборнікаў дакументаў і манаграфій) складае, паводле разлікаў М. Ф. Шумейкі, каля 40 %, што ацэньваецца ім не на карысць складальнікаў, якія, аднак, паўсюль спаслаліся на сваіх папярэднікаў і захавалі прынцыпы навуковай этыкі. Рэцэнзент таксама са шкадаваннем канстатаваў адсутнасць у выданні дакументаў з расійскіх архіваў [8, с. 227].
5-ты і 6-ты тамы (1945—1991 гг.) уключаюць пераважна дакументы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. У 5-м томе са 152 адзінак дакументаў і матэрыялаў 123 паходзяць з Нацынальнай акадэміі навук Беларусі, астатнія 29 — з афіцыйных і перыядычных выданняў. У 6-м томе томе з 99 адзінак дакументаў і матэрыялаў 81 паходзіць з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, 18 — з афіцыйных і перыядычных выданняў. Такім чынам, у гэтых двух тамах працэнт архіўных крыніц вельмі высокі. У 7-м томе няма архіўных крыніц, дакументы ўзяты з афіцыйных і перыядычных выданняў — Ведамасцей Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, зборніка указаў Прэзідэнта, зборніка пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь. Асноўная частка ўключаных у 8—10-ты тамы дакументаў і матэрыялаў выяўлена ў Весніку Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным рэестры прававых актаў, на сайтах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі, Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у перыядычным друку, дакументальных выданнях.
5—7-мы тамы аказаліся беднаватымі на каментарыі і заўвагі. У 5-м томе іх 90, і яны даволі кароткія. У 6-м томе каментарыяў яшчэ менш, толькі 46, у 7-м томе іх колькасць скарацілася да 36. У гэтых тамах няма біяграм, якія былі ў папярэдніх 2—4-м тамах і якія зноў з’явіліся ў 8—10-м тамах. У 7-м томе з’явілася новая рубрыка «Спіс дакументаў, якія не друкуюцца», і ў яе было ўключана 93 назвы адпаведных дакументаў. У 8—10-м тамах гэты спіс значна павялічыўся. Напрыклад, у 9-м томе ў яго ўключаны 321 дакумент. Апошнія тры тамы выдзяляюцца большымі памерамі і лепшай паліграфічнай якасцю, асабліва 9-ты і
10-ты тамы, што выйшлі ў цвёрдай вокладцы і значна лепшым афармленні, чым папярэднія. Апошнія два тамы выгадна адрозніваюцца ад папярэдніх вялікім аб’ёмам «Уводзін», дзе падрабязна апісваюцца асноўныя тэматычныя блокі, што складаюць адпаведныя кнігі: у 9-м томе «Уводзіны» налічваюць 35 старонак, у 10-м томе — 19 старонак. Апошнія тры тамы змяшчаюць змястоўныя і падрабязныя заўвагі і каментарыі, куды ўключаны і біяграмы: у 8-м томе іх налічваецца 309 (с. 516—577), 9-м томе — 443 (с. 577—649), 10-м томе — 405 (с. 535—577).
Цяпер коратка спынімся на характарыстыцы зместу 5—10-га тамоў, якія яшчэ не сталі прадметам увагі рэцензентаў. 5-ты том ахоплівае самы вялікі храналагічны перыяд (1945—1975 гг.). У ім адлюстраваны ўдзел дэлегацый БССР ў рабоце ААН і яе спецыялізаваных устаноў, у тым ліку ўступленне рэспублікі ў шэраг з іх (ЮНЕСКА, Міжнародная арганізацыя працы, МАГАТЭ і інш.), далучэнне да міжнародных дагавораў і пагадненняў у галіне раззбраення, удзел у пасляваенным мірным урэгуляванні ў Еўропе. Вялікая колькасць дакументаў прысвечана адносінам і сувязям БССР з ПНР (рэпатрыяцыя насельніцтва, эканамічнае і культурнае супрацоўніцтва, прыгранічныя сувязі) і іншымі дзяржавамі. Шмат архіўных дакументаў публікуецца ўпершыню (аб рэпатрыяцыі, дзейнасці генеральных консульстваў ПНР і ГДР у Мінску, планы замежных сувязей абкамаў КПБ), другая частка ўключаных у том дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь ужо была апублікавана ў іншых афіцыйных і перыядычных выданнях. Шэраг дакументаў не нясе значнай сэнсавай нагрузкі, і іх можна было б скараціць (напрыклад, удзел у кірмашах і выстаўках, правядзенне дзён культуры, стварэнне таварыстваў дружбы на пэўных прадпрыемствах і ва ўстановах). Замест іх было б пажадана даць толькі два выступленні двух міністраў замежных спраў БССР: К. В. Кісялёва на 1-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у 1946 г. і А. Е. Гурыновіча як старшыні Савета Бяспекі ААН у 1974—1975 гг., калі БССР была непастаянным членам гэтага органа сусветнай арганізацыі. Яны добра перадаюць палітычную атмасферу тых часоў, як і ролю рэспублікі ў правядзенні знешняй палітыкі СССР. Ва «Уводзінах» гаворыцца пра праект рэзалюцыі БССР аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў, унесены ў ААН у 1946 г. (с. 4), але самога тэксту рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі не змяшчаецца.
Даволі блізкі па змесце масіў матэрыялаў змяшчаецца ў 6-м томе, што ахоплівае перыяд з 1976 па верасень 1991 г. У ім публікуюцца ўрыўкі з Канстытуцыі СССР 1977 г. і Канстытуцыі БССР 1978 г., якія адлюстроўваюць знешнепалітычныя паўномоцтвы цэнтра і рэспублік, цалкам прыводзіцца (упершыню) Палажэнне аб Міністэрстве замежных спраў БССР 1988 г. з яго супярэчлівымі сцвярджэннямі аб тым, што яно «ў сваёй дзейнасці падпарадкоўваецца як Савету Міністраў БССР, так і Міністэрству замежных спраў СССР» (дак. № 82). Змешчаны шматлікія архіўныя дакументы аб развіцці эканамічнага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва БССР з замежнымі краінамі (пераважна гэта рашэнні ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР), а таксама аб развіцці замежных дружалюбных сувязей, што ажыццяўлялі партыйныя, савецкія і грамадскія арганізацыі рэспублікі. У зборніку знайшлі адлюстраванне і змены, што адбыліся ў кіраўніцтве і рэгуляванні знешнепалітычнай дзейнасці і замежных сувязей БССР у гады перабудовы (пастановы ЦК КПБ аб перабудове сістэмы выездаў за мяжу, Закон «Аб асновах знешнеэканамічнай дзейнасці БССР» і інш.). Змешчаны (толькі ва ўрыўках) Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР ад 27 ліпеня 1990 г., закон аб наданні ёй статуса канстытуцыйнага закона ад 25 жніўня 1991 г. і закон аб назве дзяржавы ад 19 верасня 1991 г. Аднак, на жаль, складальнікі не ўключылі ў том такія важныя дакументы, як заява Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР па віленскім пытанні ад 29 сакавіка 1990 г. ці пастанова Вярхоўнага Савета БССР «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР» ад 25 жніўня 1991 г., якая разам з законам аб наданні статуса канстытуцыйнага закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР азначала абвяшчэнне незалежнасці Беларусі.
7-мы том ахоплівае лёсавызначальны перыяд у гісторыі Беларусі (верасень 1991—1995 гг.) і прысвечаны станаўленню незалежнай беларускай дзяржавы і яе знешняй палітыцы, што пацвярджаюць змешчаныя ў томе дакументы і матэрыялы. Яны адлюстроўваюць фарміраванне асноў знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь як да падпісання пагадненняў аб стварэнні СНД, так і ў наступныя гады, удзел нашай краіны ў інтэграцыйных працэсах на постсавецкай прасторы, развіццё двухбаковых адносін з замежнымі дзяржавамі шляхам перш за ўсё стварэння дагаворна-прававой базы, уступленне Беларусі ў новыя міжнародныя арганізацыі. Адпаведныя дакументы паказваюць знешнепалітычныя прыярытэты новай незалежнай дзяржавы: адносіны з Расіяй і іншымі краінамі СНД, суседнімі дзяржавамі, вядучымі дзяржавамі Захаду і Сусветнага Поўдня, развіццё шматбаковай дыпламатыі. Разам з тым шэраг важных дакументаў па знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь аказаўся не прадстаўленым у томе: Дагавор аб дзяржаўнай мяжы з Латвіяй ад 21 лютага 1994 г, Дагавор аб устанаўленні дзяржаўнай мяжы з Літвой ад 6 лютага 1995 г., Дагавор аб аб’яднанні грашовых сістэм Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ад 12 красавіка 1994 г., Мемарандум аб гарантыях бяспекі Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня 1994 г. Прыкрай памылкай складальнікаў 6-га і 7-га тамоў з’явілася ўключэнне ў іх двойчы аднаго і таго ж дакумента: закона аб назве Беларускай ССР ад 19 верасня
1991 г.
На нашу думку, пэўным упушчэннем складальнікаў 5—7-га тамоў з’яўляецца захапленне міжнародна-прававой і дагаворна-прававой тэматыкай, у выніку чаго аказаліся добра прадстаўленымі міжнародныя дагаворы і пагадненні БССР/Рэспублікі Беларусь, унутрыдзяржаўныя законы, пастановы, указы, пратаколы, палажэнні; з другога боку, недастаткова адлюстраваны пытанні знешнепалітычнай дзейнасці БССР і знешняй палітыкі і дыпламатыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку праз прызму дзейнасці кіраўнікоў дзяржавы і Міністэрства замежных спраў.
Падобных хібаў пастараўся пазбегнуць абноўлены састаў складальнікаў 8—10-га тамоў, дзе, як нам уяўляецца, збалансавана прадстаўлены асноўныя тэматычныя блокі пытанняў знешняй палітыкі беларускай дзяржавы: яе канстытуцыйна-прававыя асновы, дзейнасць галоўных органаў дзяржаўнай улады (прэзідэнта, урада, парламента) па ажыццяўленні двухбаковых і шматбаковых адносін Беларусі на міжнароднай арэне. У матэрыялах зборніка адлюстраваны такія важнейшыя дакументы па беларускай знешняй палітыцы, як Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (2001 і 2010 гг.), Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь 2002 г., Закон «Аб зацвярджэнні асноўных кірункаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь» 2005 г.
У зборніку змешчыны шэраг дакладаў, выступленняў і інтэрв’ю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях знешняй палітыкі Беларусі і міжнародных адносін, у тым ліку праграмны даклад «Знешняя палітыка Беларусі ў новым свеце» ад 22 ліпеня 2004 г., знешнепалітычныя разделы прэзідэнцкіх дакладаў на 1—4-м Усебеларускіх сходах і Штогадовых пасланняў да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, выступленні на нарадах з кіраўнікамі беларускіх замежных дыпламатычных устаноў, міжнародных форумах і сустрэчах. Дастаткова поўна адлюстравана дзейнасць Міністэрства замежных спраў па канкрэтных кірунках знешняй палітыкі і дыпламатыі, у тым ліку ў сферы гандлю і культуры.
Значны масіў дакументаў і матэрыялаў прысвечаны двухбаковым сувязям Беларусі з замежнымі дзяржавамі, сярод якіх прыярытэтным кірункам засталіся адносіны з Расійскай Федэрацыяй. Змешчаныя ў зборніку дакументы адлюстроўваюць як дасягненні на шляху збліжэння дзвюх краін і народаў, так і цяжкасці і нават канфліктныя сітуацыі, з якімі сутыкнуліся дзяржавы-саюзніцы ў палітычнай і эканамічнай сферах. Найбольш рэпрэзентатыўна гэта тэматыка прадстаўлена ў 9-м і асабліва ў 10-м тамах. Рознабаковыя сувязі з іншымі краінамі СНД раскрыты праз публікацыю дагавораў аб дружбе і супрацоўніцтве, пагадненняў ў канкрэтных галінах супрацоўніцтва, паведамленняў аб сустрэчах кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў у двухбаковым і шматбаковым фармаце. Праз тэксты адпаведных дакументаў афіцыйнага Мінска паказаны адносіны Беларусі з дзяржавамі Захаду і Сусветнага Поўдня, яе ўдзел у міжнародных арганізацыях і структурах (ААН і яе спецыялізаваныя ўстановы, АБСЕ, Рух недалучэння і інш.).
Амаль усе дакументы і матэрыялы 7—10-га тамоў паходзяць з беларускіх афіцыйных крыніц ці перыядычных выданняў. Выключэнне складаюць некалькі дакументаў у 9-м і 10-м тамах. Дакументы № 84, 142, 194, 202, 220, 226 з 9-га тома паходзяць з Адміністрацыі Прэзідэнта, Міністэрства замежных спраў і Фэдеральнай службы бяспекі Расійскай Федэрацыі і адлюстроўваюць пазіцыю гэтай краіны па пытаннях перспектыў адносін з Беларуссю, газавага канфлікту і пагрозы аксамітавай рэвалюцыі ў Беларусі. У 10-м томе — два дакументы расійскага паходжання (№ 124 і 127), якія датычацца так званай «малочнай вайны» 2009 г., і падпісаная Беларуссю Дэкларацыя саміту Усходняга партнёрства ад 7 мая 2009 г. (дак. № 121), не змешчаная аднак у афіцыйных беларускіх дакументах.
Як адзначалася, для апошніх тамоў распрацаваны падрабязныя каментарыі, якія складаюцца з тэматычных артыкулаў і біяграм. Каментарыі, дарэчы, маюць скразны характар, што дазваляе адсылаць да адпаведных тэм ці біяграм, змешчаных у ранейшых тамах. У 10-м томе (раздзел «Уводзіны») пададзены спасылкі на каментарыі ў ранейшых тамах выдання (5-м, 7—9-м).
М. Ф. Шумейка ў вышэй згаданай рэцэнзіі на першыя чатыры тамы выдання «Знешняя палітыка Беларусі: зборнік дакументаў і матэрыялаў» высока ацаніў яго як «сур’ёзную фундаментальную публікацыю», «першую археаграфічную публікацыю дакументаў дыпламатычнай гісторыі Беларусі ў форме серыі» [8, с. 225]. Па яго словах, калектыў складальнікаў на чале з прафесарам У. М. Міхнюком выканаў вялікую і надзвычай карысную работу па выяўленні і ўключэнні ў навуковы абарот значнага масіву арыгінальных крыніц, якія будуць запатрабаваныя як даследчыкамі, так і шырокім колам чытачоў. Пры гэтым аднак была выказана заўвага наконт малога тыражу выдання (200 экз.), які пазней ўвогуле зменшыўся да 100 экз. Рэцэнзент падкрэсліў высокі навуковы ўзровень публікацыі, якая «ўзбагачае як айчынную гістарыяграфію, так і археаграфію» [8, с. 227—228].
Пагадзімся з выказаннымі ацэнкамі аб тым, што гэта выданне не мае аналагаў у беларускай археаграфіі, хаця пэўныя традыцыі публікацыі міжнародных дагавораў і пагадненняў Беларускай ССР, матэрыялаў аб яе знешнепалітычнай дзейнасці былі назапашаны ў рэспубліцы ў 1960—1980-я гады [1—3]. Праўда, гэтыя працы не мелі строга навуковага характару, аб чым сведчыла адсутнасць каментарыяў і паказальнікаў.
Калі ацэньваць зробленую складальнікамі 10-томніка працу ў міжнародным навуковым кантэксце, то трэба адзначыць, што беларускія даследчыкі апярэдзілі сваіх калег з суседніх дзяржаў па хуткасці адлюстравання найноўшых падзей у апошніх тамах выдання, давёўшы яго, як адзначалася, да канца 2010 г. Аналагічнае выданне Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі «Внешняя политика России: сборник документов», кожны том якога ахоплівае адзін год, спынілася на 2004 г. (выйшаў у 2008 г.). У Польшчы распачата вялікая праца па публікацыі трох серый дакументаў, прысвечаных польскай знешняй палітыцы ў ХХ ст. Першая серыя пачынаецца з 1918 г., другая — з 1939 г., трэцяя — з 1957 г. Апошнія тамы трэцяй серыі ахопліваюць канец 1970-х гг. Серыйных публікацый дакументаў па знешняй палітыцы сучаснай Польшчы (ІІІ Рэчы Паспалітай) няма. Тое ж самае можна сказаць пра Украіну, Літву і Латвію, дзе пакуль што не распачата праца па стварэнні серыйных дакументальных выданняў пра знешнюю палітыку гэтых дзяржаў у постсавецкі перыяд. Такім чынам, беларуская гістарыяграфія, крыніцазнаўства і археаграфія міжнародных адносін і знешняй палітыкі Беларусі перыяду ХХ — пачатку ХХІ ст. можа ганарыцца тым, што падрыхтаванае і апублікаванае вучонымі БДУ і БелНДІДАС 10-томнае выданне дакументаў і матэрыялаў па знешняй палітыцы Беларусі даведзена да апошніх гадоў. У гэтым сэнсе наша гісторыка-дыпламатычнае выданне не мае аналагаў па меншай меры ў суседніх дзяржавах, стан спраў якіх у гэтым кірунку намі ахарактарызаваны вышэй.
Вышэй сказанае дае падставы характарызаваць завершанае 10-томнае выданне дакументаў па знешняй палітыцы Беларусі як важную і значную падзею ў гістарычнай навуцы Рэспублікі Беларусь увогуле і ў гісторыка-дыпламатычных даследаваннях беларускіх вучоных у прыватнасці. Публікацыя знайшла зацікаўленых чытачоў сярод студэнтаў, аспірантаў, дактарантаў, выкладчыкаў, навуковых работнікаў, дыпламатаў, дзяржаўных служачых, усіх аматараў знешнепалітычнай гісторыі Беларусі ў краіне і за мяжой.
Завершаны 10-томнік — гэта не адзінае дасягненне беларускіх даследчыкаў гісторыі знешняй палітыкі і дыпламатыі Беларусі. Да яго трэба далучыць яшчэ два дакументальныя выданні, апублікаваныя ў апошнія гады калектывам супрацоўнікаў кафедры міжнародных адносін БДУ разам з вучонымі іншых навучальных і навуковых устаноў рэспублікі. Гэта работа «Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў (1914—1991 гг.): зборнік дакументаў і матэрыялаў у 4 тамах» і публікацыя «Государственные границы Беларуси (1917—2010 гг.): сборник документов и материалов в 2 томах». Можна толькі пашкадаваць, што і гэтыя працы выдадзены малым тыражом, а першая з іх увогуле мізэрным — усяго 50 экз.
Зроблены беларускімі гісторыкамі і архівістамі прарыў у справе публікацыі дакументаў і матэрыялаў па знешнепалітычнай гісторыі Беларусі перыяду ХХ — пачатку ХХІ ст. пацвярджае выказаную намі думку аб фарміраванні беларускай нацыянальнай школы міжнародных даследаванняў [7]. А што датычыцца выдадзеных 16 тамоў трох згаданых вышэй публікацый, то яны складаюць багатую даследчую базу для паглыбленых манаграфічных распрацовак па найноўшай гісторыі Беларусі, у тым ліку ў знешнепалітычнай, дзяржаўна-прававой, ваеннай, грамадска-палітычнай і іншых галінах.
Пералік тамоў зборніка з бібліяграфічным апісаннем
1. Знешняя палітыка Беларусі: зборнік дакументаў і матэрыялаў. Т. 1: 1917—1922 гг. / склад.: У. М. Міхнюк, У. К. Ракашэвіч, Я. С. Фалей, А. В. Шарапа, С. А. Шупа; Пастанная камісія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. — Мінск: БелНДІДАС, 1997. — 398 с.
Рэдакцыйная калегія: І. І. Антановіч (старшыня), У. М. Міхнюк, У. К. Ракашэвіч, М. І. Чаргінец, В. В. Цэпкала, А. В. Шарапа.
Зборнік уключае дакументы і матэрыялы, якія паказваюць геапалітычнае становішча Беларусі ў перыяд ад Лютаўскай (1917 г.) рэвалюцыі ў Расіі да ўтварэння СССР, адносіны суседніх краін і дзяржаў свету да праблемы нацыянальна-дзяржаўнага вызначэння беларускага народа, характарызуюць яго пакутлівы лёс у перыяд рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, нямецкай і польскай акупацый, сведчаць аб вялікіх намаганнях лідэраў нацыянальнага руху па стварэнні самастойнай і незалежнай Беларускай Рэспублікі.
2. Знешняя палiтыка Беларусi: зборнiк дакументаў i матэрыялаў. Т. 2: 1923—1927 гг. / склад.: У. М. Мiхнюк, У. К. Ракашэвiч, Я. С. Фалей, А. В. Шарапа; Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. — Мінск: б. м. в., 1999. — 461 с.
Рэдакцыйная калегiя: I. I. Антановiч (старшыня), У. М. Мiхнюк (нам. старшынi), П. I. Брыгадзiн, У. К. Ракашэвiч, Я. С. Фалей, У. В. Фядосаў, А. В. Шарапа.
Дакументы i матэрыялы другога тома адлюстроўваюць геапалiтычнае i знешнепалiтычнае становiшча БССР i яе статус у складзе СССР, выкананне ўмоў Рыжскага дагавора, праблемы гiсторыi Вiленшчыны i вiленскага канфлiкту, першага i другога ўзбуйнення БССР у 1920-я гг.
3. Знешняя палiтыка Беларусi: зборнiк дакументаў i матэрыялаў. Т. 3: 1928 г. — чэрвень 1941 г. / склад.: У. М. Мiхнюк, У. К. Ракашэвiч, Я. С. Фалей, А. В. Шарапа; Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. — Мінск: б. м. в., 2001. — 321 с.
Рэдакцыйная калегiя: У. Р. Латыпаў (старшыня), У. М. Мiхнюк (нам. старшынi), У. К. Ракашэвiч, У. В. Фядосаў, А. В. Шарапа.
Дакументы i матэрыялы трэцяга тома раскрываюць знешнепалітычныя, эканамічныя і культурныя сувязі БССР у канцы 1920-х — пачатку 1940-х гг., іх істотнае згортванне ў часы ўсталявання і ўмацавання таталітарнага рэжыму ў Савецкім Саюзе. Шэраг дакументаў адлюстроўвае падтрымку БССР рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі і яе ўз’яднанне з БССР, а таксама драматычныя падзеі, звязаныя з рэалізацыяй пакта Молатава — Рыбентропа і сакрэтнага пратакола да яго ад 23 жніўня 1939 г., перадачу Віленшчыны са складу БССР у склад Літоўскай Рэспублікі.
4. Знешняя палiтыка Беларусi: зборнiк дакументаў i матэрыялаў. Т. 4: чэрвень 1941 г. — жнівень 1945 г. / склад.: Н. М. Дзятчык, У. М. Мiхнюк, У. К. Ракашэвiч, В. Дз. Селяменеў, А. В. Шарапа, І. Г. Яцкевіч; Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. — Мінск: БДУ, 2001. — 394 с.
Рэдакцыйная калегiя: У. Р. Латыпаў (старшыня), У. М. Мiхнюк (нам. старшынi), У. К. Ракашэвiч, У. В. Фядосаў, А. В. Шарапа.
Дакументы i матэрыялы чацвёртага тома адлюстроўваюць планы фашысцкай Германіі ў адносінах да Беларусі і яе адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу, устанаўленне акупацыйнага рэжыму і правядзенне палітыкі генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны, паказваюць дзейнасць партыйных і савецкіх органаў па арганізацыі абароны краіны, разгортванні партызанскай і падпольнай барацьбы супраць акупантаў, па захаванні цэласнасці беларускай дзяржавы і актывізацыі міжнародных сувязей пасля яе вызвалення і ўдзел БССР у стварэнні ААН. Пэўная частка дакументаў раскрывае дыпламатычныя і ваенныя перыпетыі драматычных польска-савецкіх і польска-беларускіх адносін па пытанні вызначэння беларуска-польскай граніцы ў гады вайны і пасля разгрому Германіі. Шэраг дакументаў адлюстроўвае пазіцыю беларускай калабарацыі, якая беспаспяхова шукала шляхі стварэння самастойнай нацыянальнай дзяржавы ва ўмовах фашысцкай акупацыі.
5. Знешняя палiтыка Беларусi: зборнiк дакументаў i матэрыялаў. Т. 5: Верасень 1945 г. — 1975 г. / склад.: У. М. Мiхнюк, У. К. Ракашэвiч, А. В. Шарапа, І. Г. Яцкевіч; Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. — Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2002. — 344 с.
Рэдакцыйная калегiя: М. М. Хвастоў (старшыня), У. М. Мiхнюк, У. К. Ракашэвiч, У. В. Фядосаў, А. В. Шарапа.
Дакументы i матэрыялы пятага тома зборніка адлюстроўваюць знешнепалітычную дзейнасць БССР у пасляваенны час, яе грамадска-палітычныя, эканамічныя і культурныя сувязі з замежнымі краінамі. Галоўным накірункам міжнароднай дзейнасці Беларусі ў адзначаны перыяд з’яўляўся яе ўдзел у рабоце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, аб чым сведчаць шматлікія дакументы тома.
6. Знешняя палiтыка Беларусi: зборнiк дакументаў i матэрыялаў. Т. 6: 1976 г. — верасень 1991 г. / склад.: У. К. Ракашэвiч, А. В. Шарапа; Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. — Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2003. — 335 с.
Рэдакцыйная калегiя: М. М. Хвастоў (старшыня), У. М. Мiхнюк, У. К. Ракашэвiч, У. В. Фядосаў, А. В. Шарапа.
Дакументы i матэрыялы шостага тома зборніка адлюстроўваюць знешнепалітычную дзейнасць БССР у 1976—1991 гг. Гэта былі гады актыўнага ўдзелу рэспублікі ў дзейнасці міжнародных арганізацый сістэмы ААН, развіцця міжнародных эканамічных, навукова-тэхнічных і культурных сувязей з іншымі дзяржавамі.
7. Знешняя палiтыка Беларусi: зборнiк дакументаў i матэрыялаў. Т. 7: верасень 1991 г. — 1995 г. / склад.: У. К. Ракашэвiч, А. В. Шарапа; Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. — Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2004. — 479 с.
Рэдакцыйная калегiя: С. М. Мартынаў (старшыня), У. М. Мiхнюк, У. К. Ракашэвiч, У. В. Фядосаў, А. В. Шарапа.
Дакументы i матэрыялы сёмага тома зборніка адлюстроўваюць знешнепалітычную дзейнасць Рэспублікі Беларусь у верасні 1991—1995 г. У гэты перыяд заканадаўча быў замацаваны прыярытэт міжнароднага права над унутраным заканадаўствам. Як суверэнная дзяржава і суб’ект міжнароднага права Рэспубліка Беларусь самастойна заключала міжнародныя дагаворы і пагадненні, умацоўвала ўсебаковае супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі.
8. Знешняя палітыка Беларусі: зборнiк дакументаў i матэрыялаў. Т. 8: 1996—2000 гг. / склад.: У. Е. Снапкоўскі, А. В. Ціхаміраў, А. В. Шарапа, У. К. Ракашэвiч; Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. — Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2008. — 639 с.
Рэдакцыйная калегiя: С. М. Мартынаў (старшыня), У. Е. Снапкоўскі, А. В. Ціхаміраў, А. В. Шарапа.
Дакументы i матэрыялы восьмага тома зборніка адлюстроўваюць знешнепалітычную дзейнасць і міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь у 1996—2000 гг. У гэты перыяд знешняя палітыка Беларусі была накіравана на адстойванне нацыянальных інтарэсаў дзяржавы, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця нацыянальнай эканомікі, пашырэнне супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
9. Знешняя палітыка Беларусі: зборнiк дакументаў i матэрыялаў. Т. 9: 2001―2005 гг. / склад.: У. Е. Снапкоўскі, А. В. Ціхаміраў, А. В. Шарапа; Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. — Мінск: БДУ, 2013. — 688 с.
Рэдакцыйная калегiя: С. М. Мартынаў (старшыня), У. Е. Снапкоўскі, А. В. Ціхаміраў, А. В. Шарапа.
Дзявяты том зборніка ўключае дакументы і матэрыялы, якія адлюстроўваюць знешнепалітычную дзейнасць Рэспублікі Беларусь у 2001—2005 гг., дзяржаўна-прававыя і канцэптуальныя асновы беларускай знешняй палітыкі, пазіцыі і падыходы дзяржаўнага кіраўніцтва па важнейшых пытаннях знешняй палітыкі краіны і міжнародных адносін, двухбаковыя адносіны Беларусі з замежнымі дзяржавамі і яе ўдзел у міжнародных арганізацыях.
10. Знешняя палiтыка Беларусi: зборнiк дакументаў i матэрыялаў. Т. 10: 2006—2010 гг. / склад.: У. Е. Снапкоўскі, А. В. Ціхаміраў, А. В. Шарапа; Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. — Мінск: БДУ, 2014. — 607 с.
Рэдакцыйная калегiя: С. М. Мартынаў (старшыня), У. Е. Снапкоўскі, А. В. Ціхаміраў, А. В. Шарапа.
Дакументы і матэрыялы дзясятага тома зборніка адлюстроўваюць дзяржаўна-прававыя і канцэптуальныя асновы знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь у 2006—2010 гг., пазіцыі і падыходы дзяржаўнага кіраўніцтва па важнейшых пытаннях знешняй палітыкі краіны і міжнародных адносін, двухбаковыя адносіны Беларусі з замежнымі дзяржавамі і ўдзел Беларусі ў міжнародных арганізацыях.
Спіс выкарастаных крыніц
1. Белорусская ССР в международных отношениях: международные договоры, конвенции и соглашения Белорусской ССР с иностранными государствами (1944—1959) / ред. К. В. Киселев; сост. С. П. Маргунский, А. С. Зайцев. — Минск: Изд-во Акад. наук БССР, 1960. — 1050 с.
2. Белорусская ССР в международных отношениях: международные договоры, конвенции и соглашения БССР (1960—1980). — Минск: Беларусь, 1983. — 740 с.
3. За мир и сотрудничество между народами: участие БССР в 40-й Генеральной Ассамблеи ООН / сост. С. Н. Мартынов. — Минск: Беларусь, 1986. — 197 с.
4. Ліпецкі, Э. А. Кніга пра знешнюю палітыку Беларусі / Э. А. Ліпецкі // Весн. М-ва замеж. спраў Рэсп. Беларусь. — 1998. — № 1. — С. 157—158.
5. Несцяровіч, Ю. У. Некаторыя пытанні археаграфічнай культуры беларускіх дакументальных выданняў другой паловы 1990-х гадоў / Ю. У. Несцяровіч // Беларус. археаграфіч. штогоднік. — 2002. — № 3. — С. 14—21.
6. Слабодскі, А. Платонаў, Расціслаў П. Палітыкі. Ідэі. Лёсы. Мiнск, 1996. 382; Міхнюк, Уладзімір М. Арыштаваць у высылцы. Мiнск, 1996. 149; Михнюк В. Н. Антон Луцкевич. Материалы следственного дела НКВД БССР. Минск, 1997. 203: дадат. / А. Слабодскі // Беларус. гіст. агляд. — 1997. — Т. 4. Сш. 1-2 (6-7). — С. 285—290.
7. Снапкоўскі, У. Е. Аб беларускай школе міжнародных даследаванняў / У. Е. Снапкоўскі // Беларусь в современном мире: материалы VI Междунар. науч. конф., посвященной 86-летию Белорус. гос. ун-та, Минск, 30 окт. 2007 г. — Минск: БГУ, 2007. — С. 80—82.
8. Шумейко, М. Ф. Внешняя политика Беларуси в документах и материалах / М. Ф. Шумейко // Беларус. археаграфіч. штогоднік. — 2002. — № 3. — С. 223—228.
9. Шумейко, М. Ф. Деятельность Археографической комиссии Белкомархива в 2000—2001 гг. и перспективы ее развития / М. Ф. Шумейко // Беларус. археаграфіч. штогоднік. — 2002. — № 3. — С. 3—14.