Журнал международного права и международных отношений. 2016. № 1-2 (76-77). С. 35—43.
Journal of International Law and International Relations. 2016. N 1-2 (76-77). P. 35—43.
международные отношения
Да выхаду ў свет чатырохтомнага выдання «Беларусь у палітыцы заходніх і суседніх дзяржаў (1914—1991 гг.): Зборнік дакументаў і матэрыялаў»
Уладзімір Снапкоўскі
Аўтар:
Снапкоўскі Уладзімір Еўдакімавіч — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, e-mail: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Адрас: 4, пр. Незалежнасці, Мінск, 220030, БЕЛАРУСЬ
«К выходу в свет четырехтомного издания ''Беларусь у палітыцы заходніх і суседніх дзяржаў (1914—1991 гг.): зборнік дакументаў і матэрыялаў''» (Владимир Снапковский)
Статья посвящена завершению в 2015 г. четырехтомного издания «Беларусь у палітыцы заходніх і суседніх дзяржаў (1914—1991 гг.): зборнік дакументаў і матэрыялаў». Отмечено, что первый том был опубликован в 2008 г., следующие тома вышли в 2010, 2012 и 2015 гг. и таким образом весь период публикации сборника занял 7 лет. Издание подготовлено научным коллективом сотрудников кафедры международных отношений Белорусского государственного университета и других научных учреждений и университетов Беларуси и вышло под грифом Министерства иностранных дел Республики Беларусь, БГУ и Национального архива Республики Беларусь. Автор (инициатор, ответственный редактор издания и один из составителей) излагает основные направления политики иностранных государств относительно Беларуси от начала Первой мировой войны до окончания «холодной войны» и распада СССР, которые нашли отражение в документах и материалах этого историко-дипломатического издания, подготовленного впервые белорусскими учеными. Приведены библиографические данные о всех четырех томах сборника.
Ключевые слова: Беларусь, Вторая мировая война, геополитика, границы, Первая мировая война, «холодная война».
«Devoted to the Publication of a Four-volume Edition ''Belarus in the Policy of Western and Neighboring States (1914—1991): Compilation of Documents and Materials''» (Uladzimir Snapkouski)
The article is devoted to completion in 2015 of a four-volume edition «Belarus in the policy of Western and neighboring states (1914—1991): compilation of documents and materials». It is noted that the first volume was published in 2008, next volumes were issued in 2010, 2012 and 2015 and in such a way all the publication period took 7 years. The edition is prepared by the research staff of the Department of International Relations of Belarusian State University and other Belarusian scientific institutions and universities. It was published with the stamp of the Ministry of Foreign Affairs of the Republic of Belarus, BSU and the National archives of the Republic of Belarus. The author (initiator, responsible editor of the publication and one of the drafters) sets out main directions of foreign countries’ policy towards Belarus from the beginning of the First World War till the end of the Cold War and the USSR dissolution, which were reflected in the documents and materials of this historical and diplomatic edition prepared for the first time by Belarusian researchers. Bibliographic data on all 4 volumes of the compilation is provided.
Keywords: Belarus, borders, Cold War, geopolitics, World War I, World War II.
Author:
Snapkouski Uladzimir — Doctor of Sciences (History), Professor of the Department of International Relations of the Faculty of International Relations, Belarusian State University, e-mail: Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Belarusian State University. Address: 4, Nezavisimosti ave., 220030, Minsk, BELARUS
У жніўні 2015 г. у выдавецтве «ЮНІПАК» выйшаў у свет чацвёрты (апошні) том гісторыка-дакументальнага выдання «Беларусь у палітыцы заходніх і суседніх дзяржаў (1914—1991 гг.): зборнік дакументаў і матэрыялаў». Гэты том ахоплівае найбольш працяглы, 47-гадовы (1944—1991 гг.), перыяд часу ў параўнанні з астатнімі тамамі зборніка, завяршаючы разгляд падзей дакументамі, прысвечанымі абвяшчэнню незалежнасці Беларусі 25 жніўня 1991 г. Першы том (у 2 ч.) быў апублікаваны ў 2008 г., наступным выйшаў у 2010 г. трэці том (што было абумоўлена тэхнічнымі прычынамі), потым у 2012 г. — другі, і нарэшце выданне было закончана чацвёртым томам у 2015 г. Такім чынам, увесь час публікацыі зборніка заняў 7 гадоў.
Выхад у свет чатырохтомніка (у пяці кнігах) стаў завяршальным акордам у выкананні дзяржаўнага інавацыйнага праекта па лініі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, які быў ажыццёўлены ў 2005—2008 гг. па заказу Міністэрства замежных спраў (МЗС) Рэспублікі Беларусь. Гэты праект быў паспяхова выкананы часовым навуковым калектывам (ЧНК), нягледзячы на напружаны графік работы, калі на падрыхтоўку кожнага тома адводзіўся адзін год. Чатырохгадовы тэрмін выканання праекта і сямігадовы тэрмін яго публікацыі (11 гадоў) спатрэбіліся на рэалізацыю ідэі аб прадстаўленні ў форме дакументальнага выдання асноўных кірункаў палітыкі замежных дзяржаў адносна Беларусі ад пачатку Першай сусветнай вайны да заканчэння «халоднай вайны» і абвяшчэння незалежнасці Беларусі.
Аснову часовага навуковага калектыву, які працаваў над выкананнем праекта і яго выданнем, складалі супрацоўнікі кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін БДУ: прафесар У. Е. Снапкоўскі (аўтар канцэпцыі зборніка і адказны рэдактар выдання), прафесар А. В. Шарапа (кіраўнік праекта і намеснік старшыні рэдкалегіі), дацэнт А. В. Ціхаміраў. Яны разам з дацэнтам БДПУ імя Максіма Танка, старшым навуковым супрацоўнікам Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А. Ф. Вялікім з’яўляліся складальнікамі ўсіх чатырох тамоў зборніка і членамі рэдкалегіі. У. Е. Снапкоўскі і А. В. Ціхаміраў узялі на сябе асноўную працу па напісанні каментарыяў і заўваг. У падрыхтоўцы да выдання асобных тамоў прымалі ўдзел складальнікі: загадчык кафедры БДПУ імя Максіма Танка, прафесар Г. А. Космач, загадчык кафедры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар Р. Р. Лазько, загадчык аддзела Інстытута гісторыі НАН Беларусі, прафесар А. М. Літвін, дацэнт БДУ У. В. Ляхоўскі, загадчык кафедры БДУ, дацэнт А. П. Салькоў, былы супрацоўнік Інстытута літаратуры НАН Беларусі, прафесар Бонскага ўніверсітэта (ФРГ) У. Л. Сакалоўскі.
Спецыфіка праекта, звязаная з перакладам тэкстаў дакументаў з замежных моў на беларускую мову, выклікала неабходнасць прыцягнення да працы шэрагу перакладчыкаў, якія рэкруціраваліся як з кафедраў замежных моў факультэта міжнародных адносін БДУ, так і з кола спецыялістаў па-за межамі БДУ. Пераклад тэкстаў з англійскай мовы выконвалі М. П. Васючэнка, І. М. Івашкевіч, М. М. Лысы, У. Е. Снапкоўскі; з нямецкай мовы — Д. Г. Клечка, Г. А. Космач, М. М. Лысы; з французскай мовы — М. В. Гурына; з польскай мовы — Б. І. Іванова, А. В. Кузьміч, Р. Р. Лазько, У. Е. Снапкоўскі, В. М. Цітарэнка. Навуковую рэдакцыю англамоўных тэкстаў забяспечвалі У. Е. Снапкоўскі і А. П. Салькоў, нямецкамоўных тэкстаў — Г. А. Космач і У. Е. Снапкоўскі, франкамоўных тэкстаў — Р. Р. Лазько, польскамоўных тэкстаў — У. Е. Снапкоўскі. Неабходную навукова-дапаможную працу па падрыхтоўцы каментарыяў, складанні паказальнікаў выконвалі Л. У. Грыцэнка, М. В. Гурына, А. Ю. Еўсеенка, М. К. Кошалеў, В. І. Лазоркіна.
Выданне выйшла ў свет у выдавецтве «ЮНІПАК», хаця першапачатковыя намеры былі звязаны з іншым выдавецтвам. Абставіны не дазволілі реалізаваць публікацыю першага тома ў тым выдавецтве і справа аказалася ў падвешаным стане. На шчасце творчы калектыў выручыў дырэктар прадпрыемства «ЮНІПАК» В. Л. Дубоўскі, які належным чынам ацаніў навуковае і адукацыйнае значэнне падрыхтаванай працы і даў ёй «зялёнае святло» ў сваім вытворчым прадпрыемстве, свядома не разлічваючы на нейкі камерцыйны прыбытак. Усё выданне ажыццёўлена за кошт унутраных сродкаў членаў ЧНК і спонсарства выдавецтва. Праўда, рэжым эканоміі адбіўся на тыражы (50 экз. кожны том), які разышоўся сярод найбуйнейшых бібліятэк Мінска, Масквы і Варшавы і вузкага кола беларускіх і замежных спецыялістаў. Значная частка тыража накіравана дзяржаўнаму заказчыку — МЗС, а таксама на факультэт міжнародных адносін БДУ для навуковых і адукацыйных мэт. Фактычна зараз можна казаць толькі пра пробны тыраж выдання і неабходнасць другога, палепшанага і папраўленага перавыдання большым тыражом. А паправак патрабуюць першыя выдадзеныя тамы (1 і 3), дзе дапушчаны прыкрыя памылкі і ёсць недапрацоўкі.
Асноўная рабочая гіпотэза, якой кіраваліся ў сваёй працы калектыў складальнікаў і рэдкалегія, была сфармулявана ў манаграфіях і публікацыях членаў ЧНК і іншых беларускіх вучоных [2—8; 10; 12—14]. Яна заключалася ў тым, што асаблівасцю міжнароднага становішча і знешнепалітычнай дзейнасці Беларусі пасля аднаўлення яе дзяржаўнасці ў 1918—1919 гг. быў вялікі ўплыў на Беларусь палітыкі суседніх і больш аддаленых дзяржаў. Гэты ўплыў асабліва значна праяўляўся ў гады Першай і Другой сусветных войн, міжваенны перыяд, гады «халоднай вайны». У выніку актыўных геапалітычных зрухаў і палітыкі вялікіх дзяржаў ва Усходняй Еўропе беларускія землі неаднаразова станавіліся аб’ектам акупацый, анексій і падзелаў, межы Беларусі часта меняліся. Найбольш актыўныя і ўплывовыя дзяржавы ўсходнееўрапейскага рэгіёна (Савецкая Расія — СССР, Германія, Польшча, прыбалтыйскія краіны), як і іншыя вялікія дзяржавы (Вялікабрытанія, Францыя, ЗША), распрацоўвалі і ажыццяўлялі ў гэтым рэгіёне знешнепалітычныя планы і праекты, якія прама ці ўскосна тычыліся Беларусі, яе тэрыторыі, межаў, насельніцтва, дзяржаўнага ладу, знешнепалітычнай арыентацыі.
Прадстаўленне асноўных кірункаў палітыкі замежных дзяржаў адносна Беларусі на працягу амаль усяго ХХ ст. і з’явілася галоўным прадметам пошукавай, перакладчыцкай, даследчыцкай і рэдакцыйна-выдавецкай працы творчага калектыву вучоных, перакладчыкаў і выдаўцоў, што працавалі больш за 10 гадоў над падрыхтоўкай і публікацыяй гэтага выдання. Складальнікі зборніка ў працы па падбору дакументаў і матэрыялаў кіраваліся некалькімі задачамі.
Па-першае, гэта новае прачытанне апублікаваных крыніц пра Беларусь, якія ўвайшлі ў публікацыі савецкага часу. У тагачасных выданнях Беларусь (пад якой мелася на ўвазе Беларуская ССР) выступае як несамастойны ўдзельнік міжнародных адносін і ілюстрацыйны прыклад да паказу знешнепалітычнай і дыпламатычнай актыўнасці РСФСР, а потым СССР. Сёння, калі Беларусь стала незалежнай дзяржавай, дакументы і матэрыялы савецкага часу пра міжнароднае становішча Беларусі, яе знешнепалітычную дзейнасць, планы замежных дзяржаў адносна Беларусі патрабуюць новага падыходу і сучаснага прачытання.
Па-другое, гэта ўключэнне ў зборнік апублікаваных крыніц пра Беларусь, якія выйшлі ў Беларусі і Расіі ў постсавецкі час. Такіх выданняў даволі шмат, і яны значна пашыраюць навуковыя веды пра знешнепалітычную гісторыю Беларусі ХХ ст. Калі мець на ўвазе сучасныя расійскія зборнікі, то гэта малатыражныя публікацыі, частка з якіх увогуле адсутнічае ў бібліятэках Беларусі. Таму складальнікі палічылі неабходным уключыць новыя матэрыялы з гэтых выданняў, якія маюць непасрэднае дачыненне да тэматыкі зборніка.
Па-трэцяе, гэта ўключэнне ў зборнік дакументаў і матэрыялаў аб знешняй палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў, якія апублікаваны ў адпаведных гісторыка-дыпламатычных зборніках Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Літвы, Польшчы, Украіны, іншых дзяржаў. Рэалізацыя гэтай задачы мела інавацыйны, наватарскі характар, паколькі раней аналагічныя выданні з адлюстраваннем пазіцый і палітыкі замежных дзяржаў адносна Беларусі не публікаваліся ні ў Беларусі, ні за яе межамі.
Па-чацвёртае, гэта вывучэнне айчынных і замежных архіваў па тэматыцы зборніка. У выданне ўвайшлі крыніцы з дзяржаўных архіваў Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Літвы, Польшчы і Расіі. Архіўныя даследаванні палітыкі замежных дзяржаў адносна Беларусі паказваюць, што ў беларускіх і замежных архівах змяшчаецца шмат матэрыялаў, якія патрабуюць далейшага вывучэння і наступнай публікацыі ў выглядзе тэматычных зборнікаў. У гэтым сэнсе наша выданне толькі прыадчыняе тое шырокае і неапрацаванае даследчыцкае поле, якое выявілася падчас працы над зборнікам. На думку складальнікаў, яно стварае пэўны навуковы фундамент для далейшага вывучэння такой цікавай тэмы, як «Беларусь у палітыцы замежных дзяржаў у ХХ ст.», яе асобных аспектаў і перыядаў.
Пяройдзем зараз да кароткай тэматычнай, гістарыяграфічнай і крыніцазанаўчай характарыстыкі дакументаў і матэрыялаў завершанага выдання.
Першы том зборніка ахоплівае перыяд ад 1 жніўня 1914 г. да 18 сакавіка 1921 г., г. зн. ад пачатку Першай сусветнай вайны да падпісання Рыжскага мірнага дагавора паміж РСФСР (і па ўпаўнаважанню БССР) і УССР, з аднаго боку, і Польшчай — з другога. Галоўнымі тэматычнымі раздзеламі гэтага тома з’яўляюцца наступныя пытанні:
— Беларусь (беларускія тэрыторыі) у планах і палітыцы ваюючых дзяржаў (Германіі, Расійскай імперыі, дзяржаў Антанты) у гады Першай сусветнай вайны;
— знешнепалітычныя планы і праекты беларускага нацыянальнага руху ў гады Першай сусветнай вайны і пасля яе заканчэння;
— палітыка Савецкай Расіі адносна Беларусі ў 1917—1918 гг., у тым ліку «беларускае пытанне» на брэсцкіх мірных перагаворах;
— знешнепалітычныя аспекты ўтварэння БНР і БССР. Адносіны да адраджэння беларускай дзяржаўнасці суседніх і заходніх дзяржаў (РСФСР, Германіі, Польшчы, прыбалтыйскіх дзяржаў, Украіны, дзяржаў Антанты);
— дыпламатыя БНР у барацьбе за міжнароднае прызнанне беларускай дзяржаўнасці, вызначэнне межаў і непадзельнасць тэрыторыі Беларусі;
— дыпламатычная актыўнасць БССР;
— праблема вызначэння ўсходняй мяжы Польшчы ў знешняй палітыцы Польшчы, савецкай Расіі і заходніх дзяржаў;
— Беларусь і польска-савецкая вайна 1919—1920 гг. Адносіны БНР і БССР да польска-савецкіх мірных перагавораў і Рыжскага міру;
— Беларусь і манархічная Расія («белы рух») 1918—1921 гг.;
— Беларусь і прыбалтыйскія дзяржавы. Беларускае пытанне на мірных перагаворах РСФСР з Літвой і Латвіяй у 1920 г.;
— праблема прыналежнасці Вільні і Віленскага краю ў міжнародных і польска-літоўска-беларускіх адносінах;
— Беларусь у геапалітычных праектах і навуковай думцы замежных дзяржаў.
Храналагічныя рамкі тома ахопліваюць амаль сямігадовы перыяд бурлівых і драматычных падзей, якія адбываліся ў Беларусі і вакол яе. З выбухам Першай сусветнай вайны ва Усходняй Еўропе ўзнялася моцная хваля геапалітычнай, ваеннай і дыпламатычнай актыўнасці еўрапейскіх дзяржаў і ЗША. Беларусь уступіла ў цяжкі, драматычны і працяглы перыяд ваеннага ліхалецця, інтэрвенцый і акупацый, дзяржаваўтваральных працэсаў, тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкавання, падзелаў і перадзелаў яе этнічных зямель. Для Беларусі гэты перыяд войн і нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва закончыўся Рыжскім мірам 1921 г.
Адна з важных задач, якую паставілі перад сабой складальнікі зборніка, заключалася ў тым, каб змясціць дакументы, якія адлюстроўвалі б не толькі планы і палітыку іншых дзяржаў і замежных палітычных сіл адносна Беларусі, але і праграмна-тэарэтычную працу і палітычную дзейнасць беларускага нацыянальнага руху, які канстытуіраваўся спачатку ў форме БНР, а крыху пазней — БССР. Падрабязна адлюстраваны першыя знешнепалітычныя крокі ўрада БНР, накіраваныя на ўсталяванне сяброўскіх, добрасуседскіх адносін з Украінскай Народнай Рэспублікай і РСФСР (дак. № 87—90, 92—94) (тут і далей указаны нумары дакументаў адпаведнага тома. — У. С.).
У шэрагу дакументаў адлюстравана палітыка бальшавіцкага кіраўніцтва РСФСР у нацыянальным пытанні, яго адносіны да новых дзяржаў, што ўзніклі на абшарах былой Расійскай імперыі. На старонках зборніка прадстаўлены знешне- і ўнутрыпалітычныя падзеі, звязаныя з утварэннем беларускай савецкай дзяржавы, яе міжнародным становішчам і знешнепалітычнай актыўнасцю. Нягледзячы на тое, што БССР была ўтворана праз 8 месяцаў пасля абвяшчэння БНР, знешнепалітычныя фактары і міжнароднае асяроддзе, у якім яна ўзнікла, ужо былі іншымі. У стварэнні БССР была зацікаўлена самая моцная дзяржава рэгіёна — Савецкая Расія, якая ўтварыла БССР як дзяржаву-буфер, каб геаграфічна аддзяліць сябе ад небяспекі з Захаду. Знешнепалітычныя меркаванні мелі вырашальнае значэнне ў планах ленінскага ўрада па стварэнні беларускай савецкай дзяржавы (дак. № 141, 145, 152, 158 і інш.).
Найбольшая колькасць дакументаў і матэрыялаў (235) прысвечана знешнепалітычным падзеям 1920 г., якія сталі апагеем ваенна-палітычнай і дыпламатычнай актыўнасці сямігадовага перыяду глыбокіх узрушэнняў ва Усходняй Еўропе (1914—1921 гг.). Галоўнай падзеяй міжнародных адносін на еўрапейскім кантыненце была савецка-польская вайна, драматычныя і нечаканыя павароты якой на працягу 1920 г. самым непасрэдным чынам закраналі Беларусь. Вакол гэтай цэнтральнай тэмы ў зборніку канцэнтруюцца ўсе астатнія сюжэты і праблемы.
Другі том зборніка ахоплівае перыяд ад 19 сакавіка 1921 г., г. зн. наступнага дня пасля заключэння Рыжскага міру, да 31 жніўня 1939 г., апошняга дня міру перад пачаткам Другой сусветнай вайны. Усяго ў том уключана 234 адзінкі дакументаў і матэрыялаў. Тэматычна гэты том ахоплівае наступныя пытанні:
— дыпламатычная дзейнасць БНР да самаліквідацыі ўрада БНР на ІІ Усебеларускай канферэнцыі (кастрычнік 1925 г., Берлін);
— знешнепалітычная актыўнасць БССР і стварэнне дыпламатычнага саюза савецкіх рэспублік вакол РСФСР;
— працэс стварэння СССР і барацьба ў савецкім кіраўніцтве вакол пытання аб захаванні знешнепалітычных паўнамоцтваў саюзных рэспублік;
— пашырэнне Рапальскага дагавора паміж РСФСР і Германіяй на астатнія савецкія рэспублікі;
— выкананне Рыжскага мірнага дагавора і адносіны БССР з Польшчай;
— урадавая палітыка Польшчы адносна беларускай нацыянальнай меншасці;
— беларуска-літоўскія адносіны (адносіны ўрада БНР і іншых беларускіх палітычных арганізацый з урадавымі ўстановамі Літвы);
— праблема прыналежнасці Вільні і Віленскага краю ў міжнародных адносінах;
— беларускае пытанне ў планах Германіі, Польшчы і заходніх дзяржаў напярэдадні Другой сусветнай вайны;
— дзейнасць беларускай палітычнай эміграцыі ў абарону інтарэсаў беларускага народа.
На старонках кнігі дастаткова шырока і разнастайна прадстаўлены польская ўрадавая палітыка на «крэсах усходніх» і публіцыстыка па пытаннях становішча славянскіх нацыянальных меншасцей (беларусаў і ўкраінцаў) у Польшчы. Урадавы курс і канкрэтныя мерапрыемствы па яго рэалізацыі адлюстраваны ў пратаколах пасяджэнняў Палітычнага камітэта Савета міністраў Рэспублікі Польшча за 1921—1926 гг.
Матэрыялы зборніка адлюстроўваюць палітычнае, сацыяльна-эканамічнае і культурнае становішча Усходняй Беларусі (БССР) пасля Рыжскага міру, яе ўзаемаадносіны з РСФСР, узмацненне цэнтралізатарскіх памкненняў Масквы адносна БССР, якое адзначалі прадстаўнікі БНР, нямецкія журналісты і польскія дыпламаты. У 1930-я гг. замежныя дыпламаты паведамлялі сваім цэнтральным установам пра цяжкае эканамічнае становішча БССР, дзе насельніцтва галадала, а яго адносіны да ўлад былі вельмі непрыхільнымі, пра цяжкасці ў функцыянаванні польскіх дыпламатычных і консульскіх пляцовак на тэрыторыі СССР, у тым ліку Генеральнага консульства ў Мінску (ізаляцыя, сачэнне, тэлефоннае падслухоўванне, перашкоды ў пакупках прадуктаў і г. д.) (дак. № 222).
Публікуюцца выяўленыя ў Дзяржаўным архіве Вялікабрытаніі тэлеграмы брытанскага пасла ў СССР А. Чайлстана міністру замежных спраў Дж. Сайману аб сепаратысцкіх тэндэнцыях у Беларусі і на Украіне (снежань 1933 г., студзень 1934 г.), дзе гаворыцца пра тое, што «Беларусь, Украіна і Таджыкістан з’яўляюцца абласцямі, дзе прэваліруюць сепаратысцкія праяўленні» (дак. № 210, 211).
Яшчэ адной значнай тэмай, па якой прадстаўлены шэраг архіўных дакументаў і апублікаваных матэрыялаў, з’яўляецца тэма федэратыўных адносін і знешнепалітычнай каардынацыі паміж БССР і РСФСР у 1921—1922 гг., стварэння дыпламатычнага саюза савецкіх рэспублік і іх наступнага аб’яднання ў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, абмежавання знешнепалітычных паўнамоцтваў БССР пасля ўступлення ў Саюз ССР.
На пачатак 1920-х гг. прыпадае і ўздым знешнепалітычнай дзейнасці БССР, што праяўлялася як у самастойных дзеяннях, так і ў каардынацыі дыпламатычных крокаў РСФСР, стварэнні саюза савецкіх рэспублік вакол РСФСР, намаганнях па ўзбуйненні тэрыторыі Савецкай Беларусі, пашырэнні Рапальскага дагавора на БССР. Адпаведным чынам і знешняя палітыка, і дыпламатыя суседніх і заходніх (Германія) дзяржаў рэагавалі на гэтыя праявы дыпламатычнай актыўнасці БССР і БНР, распрацоўвалі ўласныя планы выкарыстання ці нейтралізацыі беларускага пытання. Таму, як можна адразу заўважыць, больш за 2/3 уключаных у том дакументаў і матэрыялаў ахоплівае даволі кароткі перыяд 1921—1925 гг. Пасля ўваходжання БССР у склад СССР і ліквідацыі ўрада БНР знешнепалітычная актыўнасць беларускіх дзяржаўных (БССР) і эміграцыйных (БНР) структур амаль спынілася, што ў сваю чаргу прывяло да рэзкага падзення інтарэсу замежных дзяржаў да Беларусі і беларускага пытання.
Гэты інтарэс зноў стаў узрастаць у канцы 1930-х гг., калі Еўропа і свет імкліва ўцягваліся ў Другую сусветную вайну. Савецкая, германская, польская, літоўская, брытанская дыпламатыя ў сваіх перадваенных планах і разліках развіцця падзей ва Усходняй Еўропе не маглі не ўлічваць геапалітычнага і ваенна-стратэгічнага становішча БССР і Заходняй Беларусі, нявырашанага віленскага канфлікту, становішча беларусаў у Польшчы, дзеянняў беларускай палітычнай эміграцыі, узаемасувязі паміж беларускім і ўкраінскім пытаннямі. Таму напярэдадні і ў пачатку Другой сусветнай вайны Беларусь зноў, як і ў гады Першай сусветнай вайны, апынулася ў эпіцэнтры геапалітычных перамен, ваенна-палітычнай і дыпламатычнай актыўнасці.
Трэці том выдання ахоплівае перыяд ад 1 верасня 1939 г., г. зн. ад пачатку Другой сусветнай вайны, да 3 ліпеня 1944 г., дня вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усяго ў том уключана 191 адзінка дакументаў і матэрыялаў. Тэматычна гэты том ахоплівае наступныя пытанні:
— савецка-польская ваенная кампанія (верасень 1939 г.) і знешнепалітычныя аспекты ўз’яднання Заходняй Беларусі з Беларускай ССР;
— віленскае пытанне ў верасні—кастрычніку 1939 г. і далучэнне Віленшчыны да Літвы;
— дэмаркацыя савецка-літоўскай (беларуска-літоўскай) мяжы ў 1939—1940 гг.;
— эвакуацыя і перасяленне насельніцтва з Заходняй Беларусі і ў Беларусь ў 1939—1941 гг.;
— планы нацысцкай Германіі адносна заходніх тэрыторый СССР напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны;
— беларуская палітычная эміграцыя і яе планы ў 1939—1941 гг.;
— акупацыйная палітыка Германіі ў Беларусі ў 1941—1944 гг.;
— праблема заходніх межаў СССР у савецка-польска-брытанска-амерыканскіх адносінах 1941—1944 гг.;
— тэрытарыяльна-палітычныя планы ЗША і Вялікабрытаніі адносна савецка-польскай мяжы;
— пытанне аб уключэнні саюзных рэспублік СССР, якія падвергліся нападу Германіі і яе саюзнікаў, у склад камісіі Аб’яднаных Нацый па ваенных злачынствах у 1943 г.;
— канстытуцыйныя пераўтварэнні ў СССР у лютым—сакавіку 1944 г., накіраваныя на прадстаўленне знешнепалітычных паўнамоцтваў саюзным рэспублікам.
У выданні ўпершыню ў беларускай гістарычнай літаратуры на падставе замежных дыпламатычных дакументаў адлюстраваны падзеі, звязаныя з савецка-польскай ваеннай кампаніяй, якая пачалася 17 верасня 1939 г. Гэтыя дакументы яшчэ раз пацвярджаюць, што ўступленне Чырвонай Арміі ў Польшчу аказалася поўнай нечаканасцю для яе палітычных і вайсковых колаў. Тэматычна да гэтай праблематыкі датычыцца і аналітычны даклад Міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі «Канстытуцыйная працэдура СССР па інкарпарацыі новых тэрыторый у 1939—1940 гг.» ад 30 лістапада 1944 г., у якім даволі падрабязна разглядаўся працэс уключэння тэрыторый Усходняй Польшчы (Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны) у склад СССР (дак. № 188).
Шэраг матэрыялаў асвятляюць ролю і месца Беларусі ў нацысцкіх праектах расчлянення СССР. Палітычныя мэты адносна заходніх савецкіх рэспублік A. Гітлер упершыню сфармуляваў 21 ліпеня 1940 г., калі паведаміў германскаму генералітэту аб рашэнні напасці на СССР. На яго думку, на заходніх абшарах СССР павінны былі ўтварыцца тры асобныя дзяржаўныя арганізмы — Украіна, Беларусь і федэрацыя Прыбалтыйскіх рэспублік. У наступных выказваннях Гітлер акрэсліваў іх ролю як залежных ад Германіі і «вольных ад Сталіна рэспублік», як буфераў Трэцяга рэйха. У сакавіку 1941 г. ён гаварыў пра Украіну, Беларусь і прыбалтыйскія краіны як дзяржавы-пратэктараты, якія «павінны быць сацыялістычнымі, аднак не мець уласнай інтэлігенцыі» (дак. № 93).
Асобнай тэмай у матэрыялах выдання выдзелена праблема ўсходняй мяжы Польшчы ў 1941—1944 гг. Пытанне аб межах Польшчы, у тым ліку ўсходніх, разглядалася на Маскоўскай канферэнцыі міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (кастрычнік 1943 г.). У падрыхтоўчых дакументах Наркамата замежных спраў СССР гаварылася аб тым, што, паколькі польскі эмігранцкі ўрад адмовіўся прызнаваць лінію Керзана ў якасці будучай усходняй мяжы Польшчы і заняў «варожую пазіцыю адносна СССР» (справа Катыні), «советское правительство пришло к решению не делать никаких уступок нынешнему польскому правительству в вопросе о границе и считать границу как она была по состоянию на 22 июня 1941 г., т. е. по день нарушения этой границы со стороны Германии» (дак. № 173). Дзяржаўны дэпартамент ЗША ў 1943 — пачатку 1944 г. разглядаў розныя варыянты савецка-польскай мяжы з улікам этнічнага складу насельніцтва (дак. № 160, 167, 169).
Змешчаны матэрыялы, якія паказваюць, што савецкае кіраўніцтва пачало рыхтавацца да выхаду саюзных рэспублік на міжнародную арэну і стварэння іх уласных наркаматаў замежных спраў з восені 1943 г., калі вызначыўся карэнны паварот у ходзе Другой сусветнай вайны на карысць антыгітлераўскай кааліцыі. У сувязі з распрацоўкай планаў пасляваеннага ўладкавання свету, якімi займаліся заходнія дзяржавы, для Савецкага Саюза рэальнай станавілася небяспека аказацца ў адзіноцтве ці, у лепшым выпадку, мець толькі некалькі саюзнікаў як у будучай міжнароднай арганізацыі бяспекі, так і на канферэнцыях па пытаннях пасляваеннага мірнага ўрэгулявання. Для ўмацавання пазіцый СССР на міжнароднай арэне савецкае кіраўніцтва вырашыла дабівацца так званага «множнага прадстаўніцтва» саюзных рэспублік у міжнародных арганізацыях і
асамблеях, аб чым больш падрабязна распавядаецца ў наступным томе.
Чацвёрты том ахоплівае перыяд ад 4 ліпеня 1944 г. да 25 жніўня 1991 г., дня абвяшчэнння незалежнасці Беларусі Усяго ў кнігу ўключана 169 адзінак дакументаў і матэрыялаў. Тэматычна гэты том ахоплівае наступныя пытанні:
— дыпламатычная барацьба СССР з заходнімі дзяржавамі і польскім эмігранцкім урадам вакол усходняй мяжы Польшчы ў 1944—1945 гг.;
— пытанне аб уключэнні саюзных рэспублік СССР у склад першапачатковых дзяржаў — членаў будучай ААН на канферэнцыях у Думбартан-Оксе, Ялце і Сан-Францыска;
— дзейнасць ЮНРРА ў Беларусі ў 1945—1947 гг.;
— праблема бежанцаў і перамешчаных асоб у дзейнасці агульнасаюзнай і беларускай дыпламатыі ў першыя пасляваенныя гады;
— пытанне аб дэмаркацыі савецка-польскай дзяржаўнай мяжы ў 1945—1948 гг.;
— удзел дэлегацыі БССР у Парыжскай мiрнай канферэнцыi 1946 г.;
— знешнепалітычныя планы і міжнародна-палітычная актыўнасць беларускай палітычнай эміграцыі;
— праблема ўстанаўлення дыпламатычных і консульскіх адносін з боку Вялікабрытаніі і ЗША з Украінскай ССР і Беларускай ССР (абмеркаванне ў 1946—1953 гг.);
— прапанова міністра замежных спраў БССР К. Кісялёва аб уступленні СССР, УССР і БССР у ЮНЕСКА і яе абмеркаванне ў МЗС СССР у 1947 г.;
— пытанне аб выхадзе СССР, УССР і БССР з Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў 1949 г.;
— становішча беларусаў у Польшчы і іх грамадска-палітычная актыўнасць у 1944—1980-я гг.;
— знешнепалітычныя канцэпцыі і акцыі беларускай палітычнай эміграцыі.
У выданні прадстаўлены дакументы і матэрыялы, звязаныя з барацьбой вакол «справы ікс» на канферэнцыях у Думбартан-Оксе, Ялце і Сан-Францыска. На падставе матэрыялаў амерыканскага і англійскага друку можна прасачыць, што перспектывы рэалізацыі ялцінскай дамоўленасці ўскладніліся пасля таго, як у ЗША ў канцы сакавіка 1945 г. стала вядома аб тайным пагадненні адносна дадатковых галасоў для СССР і ЗША. Канчаткова пытанне аб членстве Украiны i Беларусi ў міжнароднай арганiзацыi бяспекі было вырашана на Устаноўчай канферэнцыi Аб'яднаных Нацый у Сан-Францыска (25 красавіка — 26 чэрвеня 1945 г.) (дак. № 27—29).
У матэрыялах зборніка ўпершыню ў беларускай гістарыяграфіі прадстаўлены дакументы пра дзейнасць ЮНРРА ў Беларусі. Друкуецца пагадненне паміж урадам БССР і ЮНРРА, падпісанае ў Вашынгтоне 18 снежня 1945 г., якое прадугледжвала задавальненне заявак Беларусі на суму 61 млн дол., матэрыялы аб дзейнасці місіі ЮНРРА ў Беларусі (дак. № 33, 34, 39, 49, 57, 98, 99).
На падставе архіўных крыніц адлюстравана малавядомае пытанне пра тое, як міністр замежных спраў БССР К. Кісялёў прапанаваў у 1946 г. саюзнаму кіраўніцтву, каб СССР, УССР і БССР уступілі ў ЮНЕСКА. Але ў той час кіраўніцтва МЗС СССР, асабліва першы намеснік міністра А. Я. Вышынскі, лічыла немэтазгодным уступаць у арганізацыю, дзе панавала англа-амерыканская большасць. Уваход СССР, УССР і БССР у ЮНЕСКА адбыўся ў 1954 г. пасля прыходу да ўлады новага савецкага кіраўніцтва (дак. № 88, 89, 97).
У выніку вывучэння рассакрэчаных дакументаў з Архіва знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі раскрыта пытанне аб выхадзе СССР, УССР і БССР з Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) ў лютым 1949 г. Адлюстравана перапіска паміж МЗС СССР і адміністрацыяй СААЗ па гэтым пытанні, у тым ліку намаганні СААЗ і заходніх дзяржаў вярнуць СССР, УССР і БССР у гэту арганізацыю (дак. № 113—124, 126—129, 132, 133). Змешчаны дакументы, якія адлюстроўваюць палітыку савецкага кіраўніцтва ў ААН і яе спецыялізаваных установах. Упершыню надрукаваны вытрымкі з дырэктыў Палітбюро ЦК ВКП(б) савецкім дэлегацыям, што накіроўваліся на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (дак. № 125, 130, 135, 137, 138, 149, 152, 153).
У зборніку прадстаўлены дакументы і матэрыялы аб становішчы беларускай палітычнай эміграцыі ў 1944—1945 гг. і першыя пасляваенныя гады. У прыватнасці, паказаны знешнепалітычныя канцэпцыі і акцыі беларускай эміграцыі, яе спробы вывесці «беларускае пытанне» на міжнародны ўзровень, палітычная дзейнасць эміграцыі ў ЗША. Гэта праблематыка абмяркоўвалася на старонках эмігранцкай газеты «Бацькаўшчына», вытрымкі з матэрыялаў якой падаюцца ў выданні (дак. № 69, 102, 108—111, 138—144 і інш.).
Падагульняючы характарыстыку кожнага з тамоў, адзначым, што ва ўсё выданне ўвайшлі крыніцы з архіваў 6 дзяржаў: Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Літвы, Польшчы і Расіі. У прыватнасці, выкарыстаны матэрыялы трох расійскіх архіваў: Архіва знешняй палітыкі Расійскай Федэрацыі, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі; двух польскіх архіваў: Архіва новых актаў і Архіва Міністэрства замежных спраў Польскай Рэспублікі. Уключаны апублікаваныя дакументы і матэрыялы (цалкам ці ўрыўкі) з гісторыка-дыпламатычных зборнікаў Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Літвы, Польшчы, Расіі, былога СССР, агульнасаюзнай, беларускай, амерыканскай, французскай прэсы, мемуары і перапіска дзяржаўных дзеячаў, палітыкаў і дыпламатаў, апублікаваныя дакументы і матэрыялы з гісторыка-дыпламатычных зборнікаў Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Літвы, Польшчы, Расіі, былога СССР. Шмат дакументаў і матэрыялаў публікуецца ў перакладзе з замежных моў (англійскай, нямецкай, польскай, французскай). Усяго ў пяці кнігах зборніка апублікавана 1216 дакументаў і матэрыялаў з архіваў і гісторыка-дыпламатычных выданняў пераважна замежных дзяржаў, якія дагэтуль былі малавядомыя і цяжкадаступныя для беларускіх чытачоў.
Складальнікі тома шырока выкарысталі замежныя публікацыі па знешняй палітыцы асобных дзяржаў, у якіх знайшлі шэраг цікавых дакументаў і звестак пра Беларусь, яе ўзаемаадносіны з суседнімі народамі і заходнімі дзяржавамі, палітыку замежных дзяржаў адносна Усходняй Еўропы ўвогуле і Беларусі ў прыватнасці. Гэта такія выданні, як: Akten zur Deutschen Auswaertigen Politik (Акты нямецкай знешняй палітыкі). 1918—1945; Documents on British Foreign Policy (Дакументы брытанскай знешняй палітыкі). 1919—1939; Documents on British Policy Overseas (Дакументы брытанскай заморскай палітыкі) пасля 1945 г.; Foreign Relations of the United States. Diplomatic Papers (Знешнія адносіны Злучаных Штатаў. Дыпламатычныя паперы); Akty i dokumenty dotyczące sprawy granic Polski na konferencji pokojowej w Paryżu 1918—1919 (Акты і дакументы па праблеме межаў Польшчы на мірнай канферэнцыі ў Парыжы); Dokumenty z dziejów polskiej polityki zagranicznej 1918—1939 (Дакументы з гісторыі польскай знешняй палітыкі); Sprawy polskie na konferencji pokojowej w Paryżu w 1919 r. Dokumentу i materiały (Польская праблема на мірнай канферэнцыі ў Парыжы ў 1919 г. Дакументы і матэрыялы); Polskie dokumenty dyplomatyczne (польскія дыпламатычныя дакументы) і інш.
Выданне чатырохтомнага зборніка дакументаў і матэрыялаў аб палітыцы замежных дзяржаў адносна Беларусі, на думку спецыялістаў, мае не толькі навуковае і адукацыйнае, але і грамадска-палітычнае значэнне. Гэта адзначалі і рэцэнзенты [9]. Навуковае вывучэнне знешнепалітычнай спадчыны Беларусі і іншых замежных дзяржаў, якія мелі значны інтарэс да Беларусі, публікацыя дакументаў па гэтай тэматыцы будзе садзейнічаць умацаванню гістарычнай і міжнародна-прававой легітымнасці беларускай дзяржаўнасці.
Беларускія знешнепалітычныя эксперты і супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь атрымалі з гэтым выданнем унікальны гістарычны і даведачны матэрыял, які дазволіць больш эфектыўна і абгрунтавана рыхтаваць прапановы і дырэктывы для распрацоўкі і правядзення знешнепалітычнай лініі беларускай дзяржавы адносна асобных дзяржаў, улічваючы гістарычныя асаблівасці адносін паміж Беларуссю і гэтымі дзяржавамі. На падставе матэрыялаў зборніка калектывам супрацоўнікаў МЗС Рэспублікі Беларусь у 2008 г. было падрыхтавана электроннае выданне «Беларусь. Свой посад меж народами. Факты и документы внешних связей в ХХ веке. Беларусь. Свой пасад між народамі. Факты і дакументы знешніх сувязей у ХХ стагоддзі» [1].
Матэрыялы выдання знайшлі выкарыстанне ў навучальным працэсе вышэйшай школы пры выкладанні вучэбных дысцыплін «Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі», «Гісторыя міжнародных адносін», «Асновы дыпламатычнай службы» і спецкурсаў, у навуковай літаратуры (як айчыннай, так і замежнай) пры напісанні манаграфічных даследаванняў і абагульняючых прац па гісторыі Беларусі і яе знешнепалітычнай дзейнасці.
У сувязі з завяршэннем у 2014 г. яшчэ аднаго важнага гісторыка-дакументальнага дыпламатычнага выдання «Знешняя палітыка Беларусі: зборнік дакументаў і матэрыялаў», якое выйшла ў 10 тамах, аўтар у сваім артыкуле з гэтай нагоды канстатаваў прарыў, зроблены беларускімі гісторыкамі і архівістамі ў справе публікацыі дакументаў і матэрыялаў па знешнепалітычнай гісторыі Беларусі перыяду ХХ — пачатку ХХІ ст. [11, с. 33—34]. Гэты прарыў здзейснены за адносна кароткі прамежак часу — паміж 1997 і 2015 г., прытым самымі плённымі сталі 2012—2015 гг., калі ўбачылі свет 7 тамоў з трох завершаных серыйных выданняў (да 3-га выдання трэба залічыць 2-томную працу «Государственные границы Беларуси»). Важкі ўклад у гэта навуковае дасягненне ўнеслі супрацоўнікі кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін БДУ, якія такім чынам замацавалі навуковы прыярытэт беларускай школы міжнародных даследаванняў у галіне публікацыі дакументаў па гісторыі знешняй палітыкі і дыпламатыі Беларусі ХХ — пачатку ХХІ ст.
Пералік тамоў зборніка з бібліяграфічным апісаннем
1.1. Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў (1914—1991 гг.): зб. дак. і матэрыялаў. У 4 т. Т. 1: 1 жніўня 1914 г. — 18 сакавіка 1921 г. Ч. 1: 1 жніўня 1914 г. — 31 снежня 1919 г. — Мінск: Юніпак, 2008. — ХLII, 539 с.
1.2. Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў (1914—1991 гг.): зб. дак. і матэрыялаў. У 4 т. Т. 1: 1 жніўня 1914 — 18 сакавіка 1921 гг. Ч. 2: 3 студзеня 1920 — 18 сакавіка 1921 гг. / М-ва замеж. спраў Рэсп. Беларусь, Беларус. дзярж. ун-т, Нац. архіў Рэсп. Беларусь. — Мінск: Юніпак, 2008. — 393 с.
Складальнікі: А. Ф. Вялікі, Г. А. Космач, Р. Р. Лазько, У. Л. Сакалоўскі, А. П. Салькоў, У. Е. Снапкоўскі, А. В. Ціхаміраў, А. В. Шарапа.
Рэдакцыйная калегія: С. М. Мартынаў (старшыня), А. В. Шарапа (намеснік старшыні), У. Е. Снапкоўскі (адказны рэдактар), Г. А. Космач, Р. Р. Лазько, А. П. Салькоў, А. В. Ціхаміраў.
Зборнік уключае дакументы і матэрыялы аб палітыцы суседніх (Расія, Польшча, Латвія, Літва і Украіна) і заходніх (Германія, Вялікабрытанія, ЗША, Францыя) дзяржаў адносна Беларусі, яе дзяржаўных утварэнняў (БНР, Літбел і БССР), тэрыторыі, межаў, насельніцтва, народнай гаспадаркі, дзяржаўнага ладу, палітычных партый і грамадскіх рухаў, знешнепалітычнай арыентацыі. Прадстаўлены таксама тагачасныя навуковыя і публіцыстычныя ўяўленні пра Беларусь замежных аўтараў.
2. Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў (1914—1991 г.): зб. дак. і матэрыялаў. У 4 т. Т. 2: 19 сакавіка 1921 г. — 31 жніўня 1939 г. / М-ва замеж. спраў Рэсп. Беларусь, Беларус. дзярж. ун-т, Нац. архіў Рэсп. Беларусь. — Мінск: Юніпак, 2012. — 480 с.
Складальнікі: А. Ф. Вялікі, Г. А. Космач, Р. Р. Лазько, А. М. Літвін, У. В. Ляхоўскі, У. Л. Сакалоўскі, У. Е. Снапкоўскі, А. В. Ціхаміраў, А. В. Шарапа.
Рэдакцыйная калегія: С. М. Мартынаў (старшыня), А. В. Шарапа (намеснік старшыні), У. Е. Снапкоўскі (адказны рэдактар), Р. Р. Лазько, А. М. Літвін, А. В. Ціхаміраў.
У зборніку змешчаны дакументы і матэрыялы аб палітыцы суседніх (перш за ўсё Польшча і Літва) і заходніх (Германія, Вялікабрытанія, ЗША, Францыя) дзяржаў адносна Беларусі і яе дзяржаўных утварэнняў (БНР і БССР). Адлюстраваны палітыка савецкага кіраўніцтва да БССР і БНР, а таксама тагачасныя навуковыя і публіцыстычныя ўяўленні пра Беларусь замежных аўтараў.
3. Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў (1914—1991 гг.): зб. дак. і матэрыялаў. У 4 т. Т. 3: 1 верасня 1939 г. — 3 ліпеня 1944 г. / М-ва замеж. спраў Рэсп. Беларусь, Беларус. дзярж. ун-т, Нац. архіў Рэсп. Беларусь. — Мінск: Юніпак, 2010. — 444 с.
Складальнікі: А. Ф. Вялікі, Р. Р. Лазько, У. Л. Сакалоўскі, У. Е. Снапкоўскі, А. В. Ціхаміраў, А. В. Шарапа.
Рэдакцыйная калегія: С. М. Мартынаў (старшыня), А. В. Шарапа (намеснік старшыні), У. Е. Снапкоўскі (адказны рэдактар), Г. А. Космач, Р. Р. Лазько, А. П. Салькоў, А. В. Ціхаміраў.
4. Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў (1914—1991 гг.): зб. дак. і матэрыялаў. У 4 т. Т. 4: 4 ліпеня 1944 г. — 25 жніўня 1991 г. / М-ва замеж. спраў Рэсп. Беларусь, Беларус. дзярж. ун-т, Нац. архіў Рэсп. Беларусь. — Мінск: Юніпак, 2015. — 448 с.
Складальнікі: У. Е. Снапкоўскі, А. В. Ціхаміраў, А. В. Шарапа, А. Ф. Вялікі.
Рэдакцыйная калегія: С. М. Мартынаў (старшыня), А. В. Шарапа (намеснік старшыні), У. Е. Снапкоўскі (адказны рэдактар), А. В. Ціхаміраў.
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Беларусь. Свой посад меж народами. Факты и документы внешних связей в XX веке = Беларусь. Свой пасад між народамі. Факты і дакументы знешніх сувязей у XX стагоддзі / М-во иностран. дел Респ. Беларусь; подг. В. Счастный [и др.]. — Минск, 2008.
2. Внешняя политика Беларуси в исторической ретроспективе: материалы междунар. науч. конф., Минск, 24—25 мая 2002 г. / редкол.: В. Астапенко [и др.]. — Минск: Адукацыя і выхаванне, 2002. — 276, [3] с.
3. Вялікі, А. Ф. Беларусь — Польшча ў ХХ стагоддзі. Невядомая рэпатрыяцыя. 1955—1959 гг. / А. Ф. Вялікі. — Мінск: Нац. архіў Рэсп. Беларусь, 2007. — 272 с.
4. Вялікі, А. Ф. На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944—1946 гг.) / А. Ф. Вялікі. — Мінск: БДПУ імя Максіма Танка, 2005. — 319 с.
5. Гісторыя Беларусі. У 6 т. Т. 5. Беларусь у 1917—1945 гг. — Мінск: Экаперспектыва, 2006. — 613 с.
6. Гісторыя Беларусі. У 6 т. Т. 6. Беларусь у 1946—2009 гг. — Мінск: Сучас. шк., 2011. — 728 с.
7. Круталевич, В. А. История Беларуси: становление национальной державности (1917—1922 гг.). 2-е изд., доп. / В. А. Круталевич. — Минск: Право и экономика, 2003. — 585 с.
8. Ладысеў, У. Ф. Паміж Усходам і Захадам. Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін. — Мінск: БДУ, 2003. — 308 с.
9. Мязга, М. Рэцэнзія на кнігу «Беларусь у палітыцы суседніх і заходніх дзяржаў (1914—1991 гг.): зборнік дакументаў і матэрыялаў. У 4 т. Т. 3: 1 верасня 1939 г. — 3 ліпеня 1944 г.» / М. Мязга, А. Дуброўка // Беларус. гіст. часопіс. — 2012. — № 4. — С. 76—78.
10. Снапкоўскі, У. Е. Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі: вучэб. дапам. для студэнтаў фак. міжнар. адносін. У 2 ч. Ч. 2: Ад канца XVIII да пачатку ХХІ ст. / У. Е. Снапкоўскі. — Мінск: БДУ, 2004. — 303 с.
11. Снапкоўскі, У. Е. Да выхаду ў свет 10-томнага выдання «Знешняя палітыка Беларусі: зборнік дакументаў і матэрыялаў» / У. Е. Снапкоўскі // Журн. междунар. права и междунар. отношений. — 2015. — № 1. — С. 30—36.
12. Снапковский, В. Е. История внешней политики Беларуси: пособие / В. Е. Снапковский. — Мінск: БГУ, 2013. — 495 с.
13. Туронак, Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй / Ю. Туронак. — Мінск: Беларусь, 1993. — 236 с.
14. Ціхаміраў, А. В. Беларусь у сістэме міжнародных адносін перыяду пасляваеннага ўладкавання Еўропы і польска-савецкай вайны (1918—1921 гг.) / А. В. Ціхаміраў. — Мінск: Экаперспектыва, 2003. — 400 с.
Артыкул паступіў у рэдакцыю ў сакавіку 2016 г.